Беларуская Служба

Беларускі эмігрант: Польшча — камфортны варыянт для эмігрантаў з Беларусі

18.09.2024 14:40
Усё нібыта добра, уладкавана: працуем, дзеці вучацца ў польскай школе, але па дому сумуем, няма разумення, калі зможам вярнуцца.
Аўдыё
  • Беларускі эмігрант: “Польшча — камфортны варыянт для эмігрантаў з Беларусі”
Горад ПознаньПавел Залескі/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

З'язджаць давялося — там не хапала свабоды

Спадар Зміцер і спадарыня Крысціна — айцішнікі з Мінска. З'ехалі пасля падзей 2020 года ў Польшчу з двума дзецьмі. І хоць пашанцавала не трапіць за краты, як самі кажуць, жыць там ужо было немагчыма — не ставала свабоды. Спадарыня Крысціна трохі з жалем згадвае тыя надзеі, якія так і не збыліся.

— Яшчэ з 9 па 12 жніўня адбываўся проста жах. А вось 16-га, калі на вуліцах Мінска былі тысячы людзей, адчуваўся ўздым, была надзея, натхненне. Мне здавалася, вось-вось мы, беларусы, нарэшце нешта зменім...

І ўсё ж давялося з'язджаць, як і іншым, усёй сям'ёй. Спадарыня кажа, што тады асабліва не задумвалася, бо побач была ўся яе сям'я.

— Мне было спакойна, бо побач былі дзеці, муж. Я не хвалявалася, адзінае, мы не ведалі, як надоўга з'язджаем. Думалі, што гэта не можа цягнуцца больш за год, але...

Асаблівых праблем з уладкаваннем не было

Спадар Зміцер згадвае, што ў Польшчы яны хутка прызвычаіліся, паколькі асаблівых цяжкасцей для іх, як для эмігрантаў, не было.

— У нас шмат агульнага ў менталітэце, няма сур'ёзнага моўнага бар'еру. Да таго ж мы былі не першымі, хто з'ехаў, усе працэдуры, звязаныя з дакументамі, былі зразумелыя. Таму я лічу, што ў цэлым Польшча для эмігрантаў з Беларусі — плюс-мінус камфортны варыянт. З працай таксама не было праблем, бо працую з дому на кампутары. Зарэгістраваць індывідуальную дзейнасць таксама не складана — ясна, што за чым рабіць.

Складанасці для дзяцей былі толькі ў пачатку

Спадарыня Крысціна згадвае, што спачатку дзецям было цяжкавата інтэгравацца ў новае грамадства.

— Старэйшая дачка пайшла ў садок, і, хоць у яе не было вялікіх праблем, дзяўчынкі не хацелі з ёй гуляць, бо яна не ведала мовы. Гэта працягвалася два-тры месяцы, а потым усё змянілася. Я асабліва не хвалявалася, бо ведаю, што мае дзеці адкрытыя, любяць камунікаваць, вельмі цікаўныя. Калі падвучылі польскую мову, усё стала прасцей і з сяброўкамі, і ў садку, і ў школе з настаўнікамі.

Нам трапляліся вельмі добрыя людзі

Пра кантакты на бытавым узроўні і адносіны з палякамі спадарыня Крысціна адзываецца вельмі цёпла.

— Гэта цікава, бо нам трапляліся палякі вельмі добрыя людзі. Мы не сустракалі нейкіх азлобленых асоб, якія б ставіліся да нас дрэнна. Не, нашы новыя знаёмыя разумелі, у якой мы сітуацыі, што мы страцілі дом, радзіму, мусілі пераехаць у новую краіну. Людзі вельмі добра ставіліся, дапамагалі, давалі парады, дзе і што можна набыць танней, нават прапаноўвалі бялізну. Таму праблем у нас не было.

Эміграцыя — гэта нешта нестабільнае, але...

Пытаю ў спадара Зміцера, што для яго значыць эміграцыя. Ён крыху задумваецца і кажа, што на гэтае пытанне не проста адказаць.

— Пасля таго, як пачалася вайна, лічу, што шмат людзей і ў Беларусі, і за яе межамі знаходзяцца ў нейкай эміграцыі. Ці то ментальнай, ці то фізічнай? Не ведаю, але планаў няма. Самае цяжкае, калі ты не планаваў з'язджаць за мяжу, хацеў жыць у сваёй краіне, але быў вымушаны яе пакінуць. Асабліва пасля пачатку вайны, калі мільёны людзей апынуліся ў падобнай, а то і горшай сітуацыі. Эміграцыя — гэта нешта нестабільнае. У цябе могуць скончыцца беларускія дакументы, ты не ведаеш, якая ў цябе асноўная мова камунікацыі. Гэта стварае не тое што напружанне, але адчуванне адсутнасці каранёў, нейкай стабільнай базы і магчымасці планаваць. Вось неяк так.

Падумаўшы, спадар дадае:

— Але ёсць і плюсы, бо пачынаеш цаніць жыццё тут і цяпер. Не думаеш, што вось праз некалькі гадоў паедзеш назад, таму трэба спяшацца зрабіць нешта тут. Ёсць свае плюсы, калі ты не ведаеш, што будзе заўтра, і імкнешся атрымаць як мага больш добрых эмоцый сёння.

Спадарыня Крысціна кажа, што не ўспрымае сваю эміграцыю як нешта жудаснае. Лічыць, што трэба жыць, як жыў, або наладжваць новае жыццё.

— Мы ходзім у тэатры, бо разумеем польскую мову. І ў музеі разам з дзецьмі. Дзеці вельмі любяць балет, мы наведваем розныя майстар-класы і выставы для дзяцей. Ходзім на мерапрыемствы, якія арганізуе Познаньская ратуша. І што мне вельмі падабаецца — тут за гэта не плаціш. Усё арганізавана так, каб чалавек развіваўся і далучаўся да культуры. І прыемна адчуваць, што нават ты, не грамадзянін, можаш ва ўсім гэтым удзельнічаць.

Канешне, сумуем...

Цікаўлюся ў спадара Зміцера, ці сумуе ён па Беларусі.

— Ну канешне, там бацькі, там прайшло дзяцінства. Але разумееш, што цяпер там не вельмі радасны кантэкст. Магчыма, я сумую па тым, што мала надзеі на новую свабодную Беларусь. Надзея ёсць, але няма яснага разумення, калі гэта адбудзецца.

Павел ЗАЛЕСКІ

слухайце аўдыё