Міжнародная асацыяцыя «Мемарыял» звяртаецца да польскіх уладаў, а таксама да ўладаў Еўрасаюза, асяроддзя бізнесу і міжнародных фондаў з просьбай падтрымаць польскі Цэнтр «Карта», каб ён мог працягваць сваю дзейнасць на карысць польскай і міжнароднай супольнасці, паведамляе Gazeta Wyborcza.
Выданне нагадвае, што 2 верасня польскі Цэнтр «Карта» апублікаваў заяву, з якой вынікае, што арганізацыя знаходзіцца на мяжы банкруцтва і спынення дзейнасці. Кіраўніцтва і супрацоўнікі цэнтра інфармуюць, што з чэрвеня 2024 года ў арганізацыі ўзніклі праблемы з фінансаваннем, аплатай праектаў і выданняў, утрыманнем памяшканняў. Калектыў Цэнтра «Карта» ўжо два месяцы не атрымлівае зарплатаў, але працягвае працаваць і застаецца верным сваёй місіі, якой з’яўляецца дакументаванне і папулярызацыя гісторыі.
Газета падкрэслівае, што Цэнтр «Карта» – гэта найстарэйшая няўрадавая арганізацыя, якая, побач з рухам «Салідарнасць», з’яўляецца сімвалам свабоднай, незалежнай і дэмакратычнай Польшчы; адзначае, што гэта не толькі часопіс, выдавецтва і бібліятэка, але і самы вялікі ў Польшчы архіў, прысвечаны савецкім рэпрэсіям і незалежным грамадскім рухам. Цэнтр «Карта» на працягу многіх гадоў быў і застаецца партнёрам Міжнароднай асацыяцыі «Мемарыял».
Gazeta Wyborcza адзначае, што пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Цэнтр «Карта» засяродзіўся на падтрымцы ўкраінцаў.
аз