Беларуская Служба

Урад рыхтуе «План Маршала для поўдня Польшчы»

23.09.2024 15:59
Яшчэ адзін горад Польшчы рыхтуецца да хвалі паводкі.
Głuchołazy, 20.09.2024.
Głuchołazy, 20.09.2024. PAP/Marcin Kucharzewski

Горад Костшын на Одры (Kostrzyn nad Odrą) рыхтуецца да хвалі паводкі, якую нясе рака. Намеснік кіраўніка Міністэрства нацыянальнай абароны агучыў «План Маршала для поўдня Польшчы».

Узровень вады на рэках Одра і Варта ў памежным горадзе Костшын на Одры падымаецца. Горад шмат дзён рыхтаваўся да прыходу паводкавай хвалі на рацэ Одра і магчымага зваротнага патоку на рацэ Варта.

У сувязі з пагрозаю паводкі  адбыліся змены на памежным мосце з Германіяй — уведзена забарона на рух транспартных сродкаў масай больш за 3,5 тоны. Гэта азначае, што кіроўцы больш цяжкіх транспартных сродкаў павінны выбраць іншы пункт перасячэння мяжы.  

Падчас нядзельнай крызіснай сустрэчы ва Вроцлаве Аркадыюш Кусьмерскі, паўнамоцны прадстаўнік, які каардынуе працу ў Глухалазах — гэты горад моцна пацярпеў ад паводкі, адзначыў, што супрацьпаводкавая інфраструктура ў Апольскім ваяводстве была спустошана.

«Паміж Глухалазамі і Нысай практычна няма валоў. Любыя ападкі будуць азначаць, што ў людзей у дамах будзе вада, што таксама патрабуе ўмяшання», — падкрэсліў Аркадыюш Кусьмерскі.

Жыхары курортнага мястэчка ў польскіх Татрах Ляндэк-Здруй (Lądek-Zdrój) цяпер прыбіраюць наступствы паводкі, спрабуюць вярнуцца да нармальнага жыцця. Але ў некаторых паводка разбурыла дамы.

«Цэлы дом. Невядома, ці можна будзе адбудаваць. Даробак усяго жыцця».

«Як гэта выглядала? Як паводка. Спачатку ўсё было нармальна, пакуль не трэснула дамба. Як толькі трэснула дамба, прах хвіліну, у момант усё заліло вадою. Усё пайшло на сметнік, аграмадныя страты. Цяпер ёсць дапамога, ёсць людзі, якія дапамагаюць вывозіць, прыбіраць. Самае складанае ўжо зроблена».

Галоўны санітарны лекар Павал Гжэсёўскі звяртае ўвагу, што лекі, затопленыя паводкавымі водамі, трэба выкідаць, бо рэчы, якія ўвайшлі ў кантакт з паводкавай вадой, заражаныя і не павінны выкарыстоўвацца:

—  Калі нешта было заліта, намокла, яно мусіць быць выкінута, незалежна ад таго, ці то была астатняя доза лекаў, ці то таблеткі ў металічных блістарах, ці шкляныя пушачкі з лекамі. На жаль, мусім гэта ўсё выкінуць. Разумею, што часам гэта можа быць цяжкім рашэннем: ці перапыніць лячэнне, ці выпіць лекі, якія пацярпелі ад паводкі.

Доктар Гжэсоўскі дадаў, што затопленыя і вільготныя лекі могуць выклікаць атручванне і быць небяспечнымі для здароўя.

Рыхтуюцца змены ў заканадаўства, якія спросцяць працэдуры па рэканструкцыі падтопленых тэрыторый

Заўтра ўрад абмяркуе законапраект, які будзе садзейнічаць аднаўленню пацярпелых ад паводкі тэрыторый. Намеснік міністра нацыянальнай абароны Цэзары Томчык паведаміў Польскаму радыё, што праект закона, які мае спрыяць аднаўленню пацярпелых ад паводкі раёнаў, уключае, сярод іншага, рашэнні, якія спросцяць адміністрацыйныя працэдуры па рэканструкцыі падтопленых тэрыторый.

«На мінулым тыдні прэм'ер-міністр Дональд Туск загадаў усім міністэрствам падрыхтаваць магчымыя змяненні ў законах. Гэтыя змены сёння аналізуюцца ў Цэнтры ўрадавага заканадаўства пры Канцылярыі прэм'ер-міністра. Заўтра гэтыя змены будуць прадстаўлены ўраду, калі ласка, набярыцеся цярпення на хвілінку», — кажа ён.

У праекце будуць, у тым ліку, рашэнні, якія спросцяць адміністрацыйныя працэдуры па рэканструкцыі падтопленых тэрыторый.

Пакуль невядома, наколькі вялікія страты панесла Польшча ў выніку паводкі.

Фермеры з Ніжняй Сілезіі дабіраюцца да сваіх гаспадарак і ацэньваюць страты ад паводкі. У гэтым рэгіёне пацярпелі ў асноўным раслінаводчыя гаспадаркі, якія вырошчваюць збожжавыя.

Таксама ва ўрадзе будзе разгледжаны праект пастановы, які дазволіць эфектыўна змяняць нацыянальныя праграмы, якія фінансуюцца за кошт палітыкі Еўрасаюза.

Гэта палажэнні, якія не патрабуюць рашэння Еўракамісіі. У тым ліку размова пра 1,5 мільярда злотых з праграмы Еўрапейскіх фондаў інфраструктуры, клімату і навакольнага асяроддзя на 2021-2027 гады.

Міністр унутраных спраў Томаш Сямоняк заявіў, што мэта ўраду — аднавіць разбураную інфраструктуру, а месцамі зрабіць яе больш сучаснай, чым было да паводкі.

Нагадаем, што вайскоўцы праводзяць аперацыю «Фенікс» на тэрыторыях, якія пацярпелі ад паводкі. Яны будуць  заставацца ў раёнах, пацярпелых ад вялікай вады, колькі спатрэбіцца.

IAR/PAP/вх