Агенцтва ўнутранай бяспекі папярэджвала кіраўніцтва Міністэрства замежных справаў Польшчы і лідара кіроўных правых сілаў Яраслава Качыньскага, што сістэма выдачы візаў грамадзянам Расійскай Федэрацыі мае недахопы. Нягледзячы на гэта, пасля пачатку вайны ва Украіне, расіяне надалей уязджалі ў Польшчу, паведамляе Gazeta Wyborcza.
Выданне спасылаецца на справаздачу Вышэйшай кантрольнай палаты, якая правярала механізм выдачы польскіх візаў падчас улады кааліцыі правых сілаў у Польшчы.
Нагадваем, надоечы выданне паведамляла пра 366 тысяч візаў, якія ў гэтым часе былі выдадзеныя мігрантам з мусульманскіх краін і краін Афрыкі, часта з парушэннем законаў.
Вышэйшая кантрольная палата адмоўна ацаніла факт, што пасля 1 сакавіка 2022 года, нягледзячы на абмежаванні на выдачу візаў грамадзянам Расійскай Федэрацыі, расіяне надалей атрымлівалі візы па праграме Poland Business Harbor+, накіраванай да супрацоўнікаў IT.
Да канца 2023 года, то бок за паўтара года з пачатку вайны ва Украіне, грамадзянам Расіі было выдадзена 1 838 візаў. Дарэчы, гэта адбывалася пасля таго, як МЗС накіравала ўсім консулам інфармацыю аб неабходнасці абмежавання прыёму заявак на візы ад расіян.
Вышэйшая кантрольная палата кваліфікуе гэтыя дзеянні службаў МЗС як парушэнне, адказнасць за якое нясуць кіраўнікі консульскага дэпартамента МЗС, намеснікі міністраў і міністр замежных спраў.
Gazeta Wyborcza паведамляе, што паводле справаздачы палаты, спецслужбы папярэджвалі тагачасны ўрад правых сілаў аб павелічэнні міграцыі грамадзян Расійскай Федэрацыі ў Польшчу і ўзніклых у выніку гэтага пагрозах дзяржаўнай бяспецы, як актывізацыя дзейнасці разведкі і пагрозы тэрарыстычнай дзейнасці і прыток людзей, звязаных са злачыннымі групамі.
аз