Беларуская Служба

«Лекары без межаў»: Вайна ў любым месцы выглядае падобна

04.10.2024 07:02
Арганізацыя ў вялікім шоку ад атакі Ізраіля, якая ў Ліване выклікала велізарны хаос.
Аўдыё
  • «Лекары без межаў»: Вайна ў любым месцы выглядае вельмі падобным чынам
Працаўнікі «Лекары без межаў» у Ліванеfoto: Lekarze bez granic

Ліван – гэта месца, у якім «Лекары без межаў» вядуць дзейнасць доўгія гады, а досвед вядзення такой працы – вельмі вялікі. Нягледзячы на гэта арганізацыя ў вялікім шоку ад атакі Ізраіля, якая ў Ліване выклікала велізарны хаос, гаворыць дырэктарка Польскага бюро «Лекараў без межаў» Драгінія Надаждзін. Ліван і да гэтага працяглы час змагаўся з эканамічнымі праблемамі, а значная частка грамадства жыла на мяжы беднасці. Гэта краіна, дзе жыве шмат уцекачоў з суседніх краін, дзе да нядаўняга часу было каля 100 тысяч чалавек унутрана пераселеных. У сваю чаргу цяпер, калі Ізраіль атакуе Ліван, улады кажуць пра больш як мільярд унутраных уцекачоў.

У дадзеным моманце жыхары краіны знаходзяцца ў сітуацыі, калі не ведаюць, што іх чакае, гаворыць Драгінія Надаждзін і расказвае, як арганізацыя дапамагае на месцы:

- Мы на месцы аказваем медычную і псіхалагічную дапамогу. Калі казаць пра псіхалагічную дапамогу, то нашыя брыгады ходзяць па месцах, куды прыбываюць уцекачы, каб аказаць псіхалагічную дапамогу ў шокавым стане, калі людзі дэзарыентаваныя і не разумеюць, што адбываецца. Акрамя дапамогі медыкаў і псіхолагаў, мы дастаўляем пітную ваду, коўдры, сродкі гігіены і, канешне, лекі. Мы дапамагаем з палівам, якое неабходнае для электрагенератараў, паколькі на месцы праблемы з электраэнергіяй.

Патрэбы ў Лібане выраслі значна ў параўнанні з канцом верасня, дадае суразмоўца.

«Лекары без межаў» — міжнародная, незалежная, медыцынская, гуманітарная арганізацыя, якая працуе больш чым у 70 краінах свету. Гэта краіны, дзе медыцынская апека не існуе, ці доступ да яе з’яўляецца вельмі ўскладненым. Гэта краіны, дзе жывуць цэлыя дыскрымінаваныя групы, доступ да медыцыны для якіх надзвычай абмежаваны. Само сабой найчасцей гэта месцы, дзе ідзе вайна. «Лекары без межаў» часта знаходзяцца на першай лініі, кажа Драгінія Надаждзін:

- Мы знаходзімся ва ўсіх месцах, пра якія вы чуеце ў СМІ - Украіне, Сектары Газа, Заходнім Берагу Іярданіі, але і ў Судане, Конга, Афганістане. Гэта месцы, пра якія часта гаворыць у СМІ па прычыне надзвычайных сітуацый у гэтых месцах. У гэтых краінах мы дзейнічаем гадамі, будуем шпіталі, падтрымліваем існуючыя, узмацняем медычны персанал, каб ён мог самастойна весці працу.

«Лекары без межаў» засяроджваюцца і на канкрэтных напрамках, такіх як здароўе жанчын у гуманітарных крызісах, харчаванне дзяцей, якія недаядаюць. Гэта не відавочныя праблемы, якія ў абліччы вайны не ўсе заўважаюць, звяртае ўвагу экспертка:

- З нашага шматгадовага досведу мы ведаем, што псіхалагічная дапамога павінна быць неад’емнай часткай дапамогі ў месцах, ахопленых войнамі і прыроднымі катаклізмамі. Недаяданне дзяцей, здароўе жанчын – гэта справы, на якія можна не звярнуць увагі. Часамі гэта пабочны эфект вайны, а часамі і намераны план бакоў канфлікту, каб як мага больш ускладніць жыццё мірнага насельніцтва. Нашая дапамога заключаецца ў тым, што мы заўважаем гэтыя праблемы і пастаўляем дапамогу, а таксама інфармуем пра сітуацыі, сведкамі якіх мы з’яўляемся.


.
 

Дзейнасць арганізацыі кіруецца медыцынскай этыкай і прынцыпамі бесстароннасці, незалежнасці і нейтральнасці. Усе супрацоўнікі і члены арганізацыі абавязваюцца выконваць канкрэтныя прынцыпы. Дапамагаць усім незалежна ад расы, рэлігіі, канфесіі і палітычных поглядаў. Захоўваюць нейтралітэт і бесстароннасць у адпаведнасці з універсальнай медыцынскай этыкай і правам на атрыманне гуманітарнай дапамогі і патрабуюць поўнай і неабмежаванай свабоды ў ажыццяўленні сваёй дзейнасці. «Лекары без межаў» прытрымліваюцца кодэкса прафесійнай этыкі і захоўваюць незалежнасць ад усіх палітычных, эканамічных і рэлігійных уладаў.

Адным з пасылаў арганізацыі з’яўляецца пазіцыя, што ніводная краіна не знаходзіцца далёка. Салідарнасць павінна быць з усімі, незалежна ад таго, дзе яны жывуць. Вайна ў любым месцы выглядае вельмі падобным чынам.

ав/фота: «Лекары без межаў»

слухайце аўдыё