PGZ Stocznia Wojenna – суднаверф, якая займаецца будаўніцтвам і рэканструкцыяй ваенных і спецыялізаваных суднаў, будзе фінансаваць стыпендыі для студэнтаў.
Гэта падчас адкрыцця новага навучальнага года ў Ваенна-марской акадэміі ў Гдыні абяцаў старшыня кампаніі Марцін Рынгвэльскі(Marcin Ryngwelski). Чакаецца, што стыпендыі атрымаюць каля 30 працэнтаў студэнтаў:
- Гаворка ідзе пра 1 200 злотых (з улікам падаткаў і збораў) у месяц з летняга семестра. Такім чынам, мы хочам паказаць, што мы клапоцімся пра моладзь і падтрымліваем ейнае развіццё.
Прарэктар па навуцы Ваенна-марской акадэміі ў Гдыні камандар (у Беларусі гэта капітан) Барталамей Пончэк(Bartłomiej Pączek) лічыць, што стыпендыі будуць матываваць студэнтаў:
- Нас гэта вельмі цешыць, бо гэта выдатная ініцыятыва, якая з’яўляецца шанцам для нашых выпускнікоў уладкавацца на добраплатную працу пасля заканчэння вучобы. Мы спадзяёмся, што нашыя выпускнікі стануць нашымі амбасадарамі і будуць выкарыстоўваць свае веды на мясцовым рынку, то бок у бліжэйшай нам суднаверфі PGZ Stocznia Wojenna ў Гдыні.
Стыпендыі за выдатныя вынікі ў вучобе ад Ваеннай суднаверфі змогуць атрымаць студэнты факультэта машынабудавання і электратэхнікі Ваенна-марской акадэміі ў Гдыні.
IAR/аз