Беларуская Служба

Тэатральная майстэрня «Тэма»: новыя месцы для самавыяўлення ў Познані

21.10.2024 13:30
Чатыры прафесійныя беларускія актрысы і рэжысёры арганізавалі ў Познані тэатральную майстэрню “Тэма”. На камерцыйнай аснове дзейнічаюць чатыры групы для дзяцей і дарослых.
Аўдыё
  • Тэатральная майстэрня “Тэма”: новыя месцы для самавыяўлення ў Познані
Ілюстрацыя Беларуская служба Польскага радыё для замежжа

Мы хочам паказаць вучням, як працуе тэатр

Прафесійная актрыса спадарыня Алена з усмешкай распавядае, што аднойчы прафесійныя акцёры і рэжысёры сабраліся разам і самі перад сабой паставілі пытанне: "А чаму мы нічога не робім?" Ім вельмі хацелася застацца ў прафесіі, а не працаваць на складах.

— Мы назваліся тэатральнай майстэрняй, бо хочам наогул абагульніць і паказаць тое, як працуе тэатр. Гэта не толькі акторскае майстэрства, але і рэжысура, сцэнаграфія, драматургія. Мы імкнёмся стварыць прастору, дзе людзі змогуць эксперыментаваць і зразумець, што такое тэатр. А тэатр — гэта і рэжысура, і сцэнаграфія, і драматургія, і магчымасць самім пабыць акторамі, рэжысёрамі, драматургамі, удзельнічаць у стварэнні дэкарацый. Гэта наша асноўная мэта. У нас чатыры групы і чатыры куратары. Самая малодшая група — ад шасці да васьмі гадоў, другая — ад дзевяці да адзінаццаці, наступная — ад дванаццаці да шаснаццаці, і дарослыя — васемнаццаць плюс.

Робім усё, каб кожны адчуў сябе творцам

Спадарыня Алена распавядае, што яны не адзіныя ў Познані, хто праводзіць тэатральныя заняткі для эмігрантаў — існуе яшчэ тэатральная школа, якая з'яўляецца іх канкурэнтам. Таму, маўляў, даводзіцца працаваць актыўна і прапаноўваць сваім вучням новыя цікавыя метады навучання.

— Мы не прыходзім на заняткі з гатовай ідэяй і не кажам, што сёння робім гэта і наступнае. Мы проста ствараем умовы, задаём тэму, таму і называемся “Тэма”. Паказваем практыкаванні і інструменты, з дапамогай якіх можа стварацца тэатр. Усё гэта дзеля таго, каб кожны адчуў сябе творцам, каб развіць творчыя здольнасці кожнага і каб кожны адчуў, як гэта цудоўна, калі ты нешта прыдумляеш, а потым гэта ўвасабляецца, і ты бачыш гэта на сцэне. Вось такая наша мэта.

У тэатра шмат формаў, і гэта цікава

Першая тэма, якую аб’явілі ў падгрупе спадарыні Алены, — “Я”. На яе думку, падлеткам вельмі важна разабрацца ў сабе, зразумець як мага больш пра сябе, навучыцца будаваць стасункі з іншымі, адчуць свае здольнасці і моцныя бакі.

— І ўсё гэта праз тэатр. Я планую, каб у першым семестры яны стварылі гісторыю пра сябе, і кожны паказаў спектакль пра сябе, а ўсе астатнія таксама ўдзельнічалі ў гэтым спектаклі. Тэатр шматбаковы: гэта і тэатр прадмета, і тэатр ценяў, і слова, і пластыка. І я хачу праз гэты спектр паказаць, які розны бывае сучасны тэатр, бо ў яго шмат формаў, і гэта цікава.

Стараемся не занудзіцца

Што датычыцца саміх заняткаў, спадарыня Алена кажа, што яны імкнуцца рабіць іх так, каб адначасова стваралася камфортная атмасфера, каб было цікава і карысна.

— Заняткі складаюцца адначасова з пэўных акцёрскіх трэнінгаў для цела, развіцця мовы, дыкцыі і, канешне, гульняў і практыкаванняў. Мы стараемся не занудзіцца, а ствараць пэўны баланс паміж вельмі карыснымі практыкаваннямі і вясёлымі.

Гэта падарожжа для нас усіх

Дарэчы, у падлеткавай групе, дзе праводзіць заняткі спадарыня Алена, дзеці з Беларусі і Украіны. А ў дарослай групе — выключна беларусы. Што датычыцца вынікаў, да якіх імкнецца “Тэма”, гэтае пытанне пакуль застаецца адкрытым.

— У нас няма дакладных планаў, што мы прыдумалі і да іх ідзём. Хутчэй мы адштурхоўваемся ад групы, глядзім, куды нас павядуць нашы вучні, бо хочацца слухаць, на што яны адклікаюцца, і куды ім цікава ісці. Канешне, мы імкнемся да развіцця, хочам дайсці да цікавага выніку, які пакажам гледачам, але пакуль мы не ведаем, што гэта будзе. Гэта падарожжа для нас усіх, і ў што выльецца нашая тэатральная майстэрня — гэта эксперымент і адкрыты шлях для нас.

Тэатр для падлеткаў — ідэальнае месца

Спадарыня Алена таксама лічыць, што сучасныя падлеткі не абавязкова звязаны толькі з гаджэтамі. Паводле яе слоў, ім вельмі важныя стасункі паміж сабой, самавыяўленне ў сваім калектыве, разуменне сябе, сваіх здольнасцей і магчымасцей.

— І паколькі тэатр — гэта сінтэз мастацтва, музыкі, танца, драматургіі, выяўленчага мастацтва, мне здаецца, што тэатр для самавыяўлення падлеткаў — ідэальнае месца. Яны потым могуць і не стаць акторамі, гэта неабавязкова, але для іх гэта месца, дзе яны могуць вырвацца з віртуальнага свету, пабыць разам і стварыць нешта ў рэальнай прасторы.

Павел ЗАЛЕСКІ

Слухайце аўдыё!