Кошт поўнага пакета, уключаючы праходжанне ўсяго працэсу ва Упраўленні па справах іншаземцаў, складае 1 тыс. 500 злотых (350 еўра), а толькі за нумарок у чаргу трэба заплаціць 250 злотых (амаль 60 еўра). Іншаземцы плацяць пасярэднікам, бо запісацца на прыём – гэта амаль цуд, паведамляе Gazeta Wyborcza.
Польскае выданне піша пра гандаль нумаркамі ва Упраўленнні па справах іншаземцаў Мазавецкага ваяводства, якое знаходзіцца на Кручай вуліцы. Газета паведамляе, што запісацца на прыём можна толькі праз сістэму анлайн-браніравання InPol. Сістэма пачынае працаваць штодня а 6:00 гадзіне раніцы, але забраніраваць візіт практычна немагчыма. Аднак ёсць выхад з сітуацыі: проста хопіць прыйсці на Кручую вуліцу і практычна праз некалькі хвілін з'явіцца спосаб атрымаць нумарок для таго, каб трапіць на прыём.
Журналіст выдання паразмаўляў з жанчынай, якая займаецца такога роду «бізнесам». Яна прадставілася Святланай, размаўлялі яны праз зашыфраваны месенджар. Журналіст, прыкінуўшыся ўкраінцам, якому патрэбны нумарок, гутарыў з ёй па-ўкраінску праз ChatGPT.
«Кошт поўнага пакету, уключаючы праходжанне ўсяго працэсу ў Упраўленні па справах замежнікаў, 1 тыс. 500 злотых. Калі вас цікавіць толькі нумарок у чаргу, то кошт - 250 злотых», сказала Святлана.
«Поўны пакет» уключае, акрамя месца ў чарзе, «дапамогу ў афармленні дакументаў» і «падачу іх у кабінеце».
Святлана сказала, што яна прадстаўляе кампанію, якая выкарыстоўвае боты для масавага браніравання нумаркоў. Пазней нумаркі ідуць на продаж. «У нас ёсць спецыяльная праграма, распрацаваная праграмістамі», - зазначыла жанчына.
Журналіст выдання прапанаваў 13 іншаземцам, якія выходзілі з упраўлення, купіць нумарок. З іх толькі адзін чалавек адмовіўся ад куплі месца ў чарзе, астатнія былі зацікаўленыя.
Летась дакументы на дазвол на пастаяннае пражыванне ў Мазавецкім ваяводстве падалі 132 тыс. чалавек.
Прэс-сакратар мазавецкага ваяводы Яанна Бахэнэк паведаміла газеце, што «ваяводскае ўпраўленне змагаецца з пасярэднікамі, якія прадаюць нумаркі», і папярэдзіла аб тым, што іх паслугі з'яўляюцца нелегальнымі.
вс