Польскія выпускнікі ўкраінскіх ВНУ ўсё часцей звяртаюцца з просьбай аб прызнанні дыплома ў Польшчы і … Чэхіі, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna. У тым ліку гаворка ідзе пра выпускнікоў украінскіх медыцынскіх універсітэтаў і такіх кірункаў, як лекарскі ці стаматалагічны. Праблема ў тым, што з-за вайны яны вучыліся анлайн, а адукацыя лекараў, як правіла, павінна мець стацыянарны характар. Між тым, Міністэрства аховы здароўя не збірае дадзеных пра тое, колькі палякаў хадайнічае за прызнанне замежных медыцынскіх дыпломаў. У сваю чаргу, прадстаўнікі ВНУ кажуць пра рост такіх выпадкаў, асабліва сярод выпускнікоў стаматалогіі.
«У лістападзе 2023 года ў дэканат медыка-стаматалагічнага факультэта паступіла восем заявак на прызнанне дыплома. Шэсць з іх - ад палякаў. У чэрвені бягучага года такіх заявак было 15, у тым ліку 13 - ад палякаў. У кастрычніку - 15, сярод якіх дзевяць падалі палякі», - кажа ў размове з газетай прэс-сакратар Люблінскага медыцынскага ўніверсітэта доктар Войцех Бракавецкі.
«Зацікаўленне палякаў у прызнанні замежных дыпломаў сапраўды павялічваецца», - пацвярджае прэс-сакратар Паморскага медыцынскага ўніверсітэта прафесар Барбара Вішнеўская.
Аказваецца, што ў сувязі з вайной, каб стаць лекарам, нават не трэба пакідаць тэрыторыі Польшчы - украінскія ВНУ прапануюць анлайн-лекцыі. Можна вучыцца таксама стацыянарна. Напрыклад, у Бытаме працуе філіял Кіеўскага медыцынскага ўніверсітэта. Дазвол на яго адкрыццё даў былы міністр адукацыі і навукі Пшэмыслаў Чарнэк у сакавіку 2023 года. Як можна прачытаць на сайце міністэрства, установа дзейнічае на тэрыторыі Польшчы, але на аснове ўкраінскага права. Тым не менш, у філіяле Кіеўскага медыцынскага ўніверсітэта ў Бытаме вучыцца каля 50 польскіх студэнтаў.
Паводле выдання Dziennik Gazeta Prawna, для атрымання дазволу на адкрыццё ўкраінскага філіяла ў Польшчы не патрабавалася нават кансультацыя з Міністэрствам аховы здароўя.
«Універсітэт выдае ўкраінскія дыпломы, якія потым патрабуюць настрыфікацыі, але кандыдаты на вучобу часцей за ўсё не ўсведамляюць гэтага», - кажа юрысконсульт, былы намеснік дырэктара Дэпартамента вышэйшай адукацыі Міністэрства навукі доктар Моніка Квецень-Мілянд.
аз