Самай распаўсюджанай прычынай смерці ў еўрапейскіх турмах з'яўляецца самагубства. У параўнанні з астатнім насельніцтвам, у еўрапейскіх турмах пакончылі з сабой ажно ў 2,5 раза больш людзей, паведамляе Gazeta Wyborcza.
Найгоршая сітуацыя назіраецца на Кіпры - у 2023 годзе на кожныя 100 даступных месцаў у турме прыходзілася 166 чалавек. Пра сур'ёзную перанаселенасць - больш чым 105 зняволеных на кожныя 100 месцаў – паведамілі таксама шэсць іншых краінаў: Румынія, Францыя, Бельгія, Венгрыя, Італія і Славенія.
У сярэднім па ЕС са 100 месцаў у турмах занятыя 88 – гэта пакідае мала прасторы для манеўру, калі здарыцца нешта нечаканае.
Цікава, што прычынай перанаселенасці турмаў у Еўропе, не з'яўляецца рост колькасці злачынцаў. Пра гэта сведчыць узровень забойстваў у ЕС, які падае цягам апошніх гадоў. Асноўная прычына - узмацненне жорсткасці карнай палітыкі з працяглымі тэрмінамі, шырокае выкарыстанне часовага зняволення і мала альтэрнатываў пакаранню турмой.
Паводле СААЗ, перанаселенасць у турме з'яўляецца ключавым фактарам, які ўплывае на здароўе зняволеных. Інфекцыйныя захворванні лягчэй распаўсюджваюцца ў шматлюдных камерах. Цесныя прасторы могуць выклікаць гвалт, а каля траціны зняволеных у Еўропе пакутуюць ад псіхічных расстройстваў. Прычына - часта шматлюднасць у камерах.
Прамую сувязь паміж ростам выпадкаў самагубстваў у турмах і перанаселенасць камераў ужо ўстанавiлі, напрыклад, назіральнікі ў Італіі - адной з краінаў, дзе гэтая праблема ў турмах становіцца найбольш выразнай. Са студзеня 2024 года ў італьянскіх турмах пакончылі з сабой ажно 75 вязняў. Эксперты таксама звяртаюць увагу, што ў перапоўненых турмах вязні менш эфектыўна падвяргаюцца рэсацыялізацыі.
Падобная праблема назіраецца і ў Вялікабрытаніі, дзе ўлады вырашылі вызваляць з турмы дробных злачынцаў пасля адбыцця 40 працэнтаў тэрміну пакарання. Такім чынам у верасні брытанскія турмы пакінула больш за тысяча асуджаных.
аз