Падобныя выказванні не раз выкарыстоўвала прапаганда рэжыму Лукашэнкі ў сваіх палітычных мэтах. Пра гэта варта памятаць, калі едзеш у цяперашнюю Беларусь, кажуць эксперты.
У ліпені бягучага году беларускія ўлады пашырылі бязвізавы ўезд у краіну для грамадзян 35 краін Еўропы. Адпаведнае рашэнне ўхваліў Лукашэнка, апублікаваў Дзяржаўны памежны камітэт. Гэтай нагодай скарысталіся жыхары розных еўрапейскіх краін, якія дзеляцца сваімі ўражаннямі ў сацыяльных сетках. Так, напрыклад, Diegoszzr з Гішпаніі назваў Беларусь савецкай краінай, але з вандроўкі быў задаволены.
- Беларусь – гэта найбольш савецкая краіна ў свеце, а шмат хто называе яе апошняй дыктатурай у Еўропе. Я даўно хацеў туды паехаць. Шкада, што гэта найменш наведваемая краіна ў Еўропе. Маё падарожжа туды было неверагодным. Мінск прыгожы горад, дзе шмат чаго ёсць рабіць, калі вы любіце савецкую гісторыю – вы не пашкадуеце.
Француз Серж з нікам boulbash1 звярнуў увагу на чысціню беларускіх гарадоў і спакойнае жыццё людзей.
- Прывітанне, таварышы, новы фільмік. Я прыехаў у мястэчка у 40 км ад Мінска – Стаўбцы. Паказваю, гарадок сымпатычны, але няма шмат чаго глядзець. Мяне пытаюцца, ці тут ўсюды так чыста. Тут чыста. Не ведаю колькі тут жыхароў, на вуліцах ёсць крыху людзей. На сценах дамоў – муралы, шмат дробнай архітэктуры. Уначы яшчэ прыгажэй.
Паляк Jarek.Jakimowicz апублікаваў на сваім профілі ў Instagram свае ўражанні ад наведвання Брэста, Гродна ды Старых Васілішак.
«Як выглядае панядзелкавы вечар у звычайных месцах Брэста? Адчуваеце рэжым і галечу? Не тое, што ў нас у дэмакратыі. Калі ласка, не адкрывайце рот пра Беларусь, тыя, хто тут ніколі не быў!»
Гэтыя допісы прыцягнулі ўвагу польскіх СМІ, якія напісалі, што Яраслаў Якімовіч захвальвае прыемнасць жыцця ў краіне Аляксандра Лукашэнкі.
У каментарах інтэрнтаўтаў пад яго допісамі, даволі шмат крытыкі.
«Я быў там двойчы, і ты гаворыш шкодную лухту, чувак. Беларусы — рэпрэсаванае грамадства, нашы грамадзяне беспадстаўна сядзяць у турмах, а сама краіна вядзе супраць нас варожыя дзеянні, дэстабілізуе мяжу. Карысны ідыёт!», напісаў piotr_domanski
«Быў раз і адразу спецыяліст па беларускай палітыцы 😂 Пагавары з палітвязнямі, перш чым мудрагеліць», - дадаў seb_kozak.
Адкуль бярэцца такі погляд на Беларусь, калі бачна засяроджванне на вонкавым аспекце, пра гэта мы запыталіся ў беларускага медыязнаўца Паўлюка Быкоўскага. Гэта натуральная рэч для турыстаў з-за мяжы, кажа эксперт.
- Вонкавы аспект, кідаецца ў вочы, калі людзі прыязджаюць пабачыць краіну, адпачыць, прагуляцца па Беларусі. Па вялікім рахунку, калі казаць пра сталіцу Беларусі, большасць гістарычных будынкаў там разбураная, сучаснай архітэктуры асабліва цікавай мала, затое ўсё наладжана і працуе – гэта для пэўных людзей можа быць кантрастам, або адзіным, што прыходзіць у галаву. Такія ўражанні – гэта фрагментарныя, асабістыя погляды. Але ўяўленне пра тое, што ў Беларусі парадак, падабаецца нават самім беларусам. Чысціня і парадак – выглядае на тое, што дом дагледжаны.
Гэта можа брацца і з недахопу ведаў пра Беларусь. Чысціня вуліц нічога не гаворыць пра сітуацыю ў краіне, зазначае палітолаг з Цэнтру Усходніх даследаванняў Каміль Клысінскі.
- Тое, ці вуліца больш, чым менш падмеценая, наколькі гэта сведчыць пра агульную сітуацыю ў краіне? Абсалютна ніяк. У напалову таталітарных краінах смецця на вуліцах менш, але гэта не значыць, што якасць жыцця большая. Кажучы правакацыйна, я б лепш сутыкаўся з брудам на вуліцах, бо службы не даехалі, чым жыў у стэрыльнай зачыненай дзяржаве, дзе не мог бы выказаць сваё меркаванне, але меў бы чысты тратуар.
Заходнікам, якія едуць у Беларусь, часам варта разумець, што беларускія ўлады могуць выкарыстоўваць іх выказванні ў сваёй прапагандзе, папярэджвае Каміль Клысіньскі.
- Беларуская ж прапаганда дзейнічае, як можа, але падыходы ў яе вельмі схематычныя ды абмежаваныя сродкі, таму выкарыстоўвае людзей, якія настолькі плытка ўспрымаюць Беларусь.
Пры гэтым беларускія ўлады нават робяць высілкі, каб такія людзі прыязджалі ў краіну, зазначае Паўлюк Быкоўскі.
- Ці робіцца штосьці для таго, каб такія людзі прыехалі ў Беларусь? Такое робіцца. Ёсць прыклады, калі людзей пераконваюць і тлумачаць, што ў Беларусі ім будзе добра і зручна. Найперш, такое было для людзей, якія ўцякалі з Украіны. Калі казаць пра еўрапейскія дзяржавы, тут хутчэй размова ідзе пра тое, што ёсць культурніцкі разлом. Беларуская архаіка падаецца, як захаванне традыцыйных каштоўнасцяў, як альтэрнатыва новым ідэям на Захадзе, якія нібыта замяняюць традыцыйныя каштоўнасці. Іх быццам навязваюць, таму адтуль трэба бегчы. Такі аргумент у прапагандзе прысутнічае. Не ўпэўнены, што такіх людзей прыязджае шмат у Беларусь. Апошні прыклад сям’і Марозавых з Латвіі, але яны ехалі ў Смаленск. Прапаганда выкарыстала іх, бо яны ўцякалі з Латвіі, каб даць усе наратывы пра тое, што адбываецца ў Латвіі з рускамоўнымі ды нетрадыцыйнымі каштоўнасцямі. З другога боку, Беларусь нібы ім дала прытулак, толькі не ў сябе.
Аднак у «паляванні» на заходнікаў беларуская прапаганда пакуль не мае вялікіх дасягненняў, зазначае Каміль Клысіньскі.
- Я не бачу тут сістэмнага дзеяння, і не думаю, што ў іх такія бюджэты, каб беларуская прапаганда плаціла такім людзям нейкія ганарары за такія спрошчаныя ацэнкі складанай беларускай рэчаіснасці. Гэта хутчэй выкарыстанне нагоды. Калі нехта мае прыватныя праблемы, ці асаблівасці характару, ці ўцякае ад адказнасці, як суддзя Шмідт. За такімі выпадкамі стаіць нечая асабістая гісторыя, я не бачу тут масавай з’явы. Прапаганда выкарыстоўвае гэтых людзей у сваіх мэтах пакуль яны даступныя.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч