Беларуская Служба

Аліна Коўшык: Для мяне важна захаваць моцную інфармацыю на «Белсаце», але каб быў гістарычны, культурніцкі кантэнт

18.11.2024 16:28
Польскае тэлебачанне (Telewizja Polska) аб'ядноўвае свае замежныя каналы, ствараючы Медыя-цэнтр замежнага вяшчання  - новую структурную адзінку, у склад якой уваходзіць і незалежны беларускі тэлеканал «Белсат». Гэта робіцца, каб узмацніць пасланне Польшчы свету.
Аўдыё
 ,
Аліна Коўшык, новая рэдактарка тэлеканалу «Белсат»https://centruminformacji.tvp.pl/

Новастворанае аддзяленне будзе ўключаць у сябе два каналы: цяперашні тэлеканал TVP World, які вяшчае на англійскай мове, і тэлеканал «Белсат», які транслюе праграмы на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах. На базе цяперашняга «Белсату» будуць створаныя каналы вяшчання на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах. Кожны моўны канал будзе мець сваё афармленне і будзе вяшчаць пад сваім брэндам: «Белсат», «Вот-так» і яшчэ не вызначаная назва праграмы па-ўкраінску, але ўсе яны будуць аб’яднаныя агульнымі колерамі і шрыфтам, якія будуць сведчыць пра прыналежнасць да TVP.

Новая структура праграмы для замежжа ўзмацніць пасланне Польшчы свету, заявіў новы дырэктар Медыя-цэнтру Міхал Бранятоўскі, які раней кіраваў каналам TVP World. Цяперашні кіраўнік «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі застанецца ў структурах TVP, паведаміў кіраўнік.

– Аляксей Дзікавіцкі адыграў вельмі важную ролю ў кіраванні тэлеканалам «Белсат» у цяжкі перыяд узрушэнняў, таму я хацеў бы выказаць яму вялікі дзякуй за яго працу, прыхільнасць да тэлеканалу і да беларускіх спраў, заявіў дырэктар Цэнтра замежнага вяшчання ў TVP Міхал Бранятоўскі. Новай кіраўніцай рэдакцыі «Белсату» стала Аліна Коўшык.

Аліна — вядомая беларуская грамадская дзяячка, якая, дарэчы шмат гадоў працавала  на тэлеканале «Белсат», дзе да 2022 года была галоўнай вядучай, рэдактаркай і прадзюсаркай тэлепраграм. Пасля Аліна ўвайшла ў Аб’яднаны пераходны кабінет беларускіх дэмакратычных сіл, дзе адказвала, між іншым, за інфармацыйную палітыку ды моўнае і культурнае адраджэнне. Мы запыталіся ў Аліны Коўшык, з якім бачаннем яна прыходзіць на «Белсат» на пасаду кіраўніка рэдакцыі.

- «Белсат» змяняе месца ў арганізацыйнай структуры Польскага тэлебачання, але не змяняе сваёй сутнасці. Ён застаецца перад усім беларускамоўным каналам для беларускіх гледачоў. Галоўная змена палягае на тым, што расійскамоўная рэдакцыя «Вот так» будзе працаваць асобна. Я буду займацца беларускай рэдакцыяй, якая будзе складацца з навін, тэлевізійнай прадукцыі розных праграм, каб працягваць місію «Белсату» і распавядаць беларусам ды свету пра Беларусь, развіваць культуру, мову, фільмы. Больш дакладна пра планы скажу, калі пазнаёмлюся з сітуацыяй у рэдакцыі.

Белсат – гэта не толькі тэлебачанне, але і вялікая прысутнасць у сацыяльных сетках, відэаплатформах. Ці гэта захаваецца?

- Захаваюцца сацыяльныя сеткі, мы будзем развіваць новыя формы, каб прасоўваць кантэнт. Застаюцца тэхнічныя пытанні. Як будзе працаваць архіў, тэхнічная база, але ўсё гэта вырашальнае. Істотна тое, што змены не будуць рабіцца гвалтоўна.

Як будзе з забаўляльным кантэнтам. «Белсат» вядомы быў прасоўваннем беларускай музыкі, дакументальным кіно, навагоднімі шоў? Як вы гэта бачыце?

- Гэта вельмі істотна працягваць. Навагодняя праграма на гэты год запланаваная, што тычыцца фільмаў цяпер складана іх здымаць у Беларусі. Мы бачым сваю місію ў тым, каб падтрымліваць людзей, якія ствараюць беларускае кіно. Але шмат што будзе залежыць ад бюджэту. Для мяне важна захаваць моцную інфармацыю на «Белсаце», але каб быў гістарычны, культурніцкі кантэнт

Telewizja Polska аб'яднае свае замежныя каналы ў адну арганізацыйную структуру. Ствараецца Медыя-цэнтр замежнага вяшчання - новая адзінка, у склад якой уваходзяць англамоўны канал TVP World ды тэлеканал «Белсат», які вяшчае на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч