Па традыцыі, адным з неад'емных элементаў Калядных святаў у беларусаў быў спеў. Гучаў ён пры сямейным стале ў Святы вечар, але перад усім у час калядавання. Ці гэты абрад існаваў усюды, як царкоўныя спевы паўлывалі на спеўныя традыцыі падчас Калядаў? Пра гэта распавядае этнамузыколаг Вольга Барышнікава.
-- Калядныя песні агулам багатыя, прадстаўленыя рознымі мелодыямі, песеннымі тыпамі. Гэта досыць багатая традыцыя, каторая дагэтуль жывая. Некаторыя песні досыць архаічныя, але прасочваюцца ўплывы царкоўнай культуры. Я б нават сказала, такой народна-музычнай. Калі ў нас ёсць спалучэнні архаічных песень абрадавых з царкоўнымі напевамі, гэта, безумоўна, фальклор, але ўжо пад уплывам.
Важна адзначыць, што вы можаце калядаваць не толькі ў нейкі адзін дзень, гэта цэлы перыяд. І чым прыўкрасна, мне здаецца, беларуская традыцыя, што ёсць у ёй поліканфісійнасць. Гэтым сучасныя калядоўшчыкі карыстаюцца - пачынаюць ад каталіцкага Раства і заканчваюць калядаваць ажно Вадохрышчам праваслаўным. Калядуй сабе, колькі ўлезе.
Традыцыі калядавання пашыраныя таксама сярод беларускай нацыянальнай меншасці на Падляшшы. Калядны абыход тут праходзіць перад усім у першы і другі дзень Раства Хрыстовага. Шматгадовай традыцыяй сталі таксама адмысловыя святочныя канцэрты калядак, якія ў бліжэйшыя тыдні маюць прайсці ў Беластоку, Гайнаўцы ды Бельску Падляшскім.
Размаўляў Зміцер Косцін
Слухайце далучаны гукавы файл