Інфекцыйны сезон у Польшчы ў поўным разгары. Расце колькасць захворванняў на грып, РСВ, COVID і коклюш. Тым часам на гарызонце навісла новая небяспека – метапнеўмавірус (hMPV), які паступае ў Еўропу з Кітая. Ці пагражае нам новая эпідэмія?
Мы на піку інфекцыйных захворванняў, кажа старшыня Калегіі сямейных лекараў у Польшчы Міхал Суткоўскі(Michał Sutkowski):
- Гэта пачалося за тыдзень-паўтара да Калядаў. Адсюль і вялікая колькасць хворых, шпіталізаваных пераважна ў дзіцячых аддзяленнях. У нас шмат выпадкаў грыпу і адносна менш РСВ (рэспіраторна-сінцыцыяльны вірус чалавека, RSV), каранавірусных інфекцый (COVID), а таксама пнеўманіі, бранхіту; шмат коклюшу. Здаецца, да канца студзеня і першых дзён лютага колькасць захворванняў у Польшчы будзе расці. Традыцыйна, пасля Калядаў, яшчэ 2-3 тыдні фіксуецца рост. Потым, у розных частках Польшчы, колькасць захворванняў пачне змяншацца. У сваю чаргу, у канцы сакавіка можна чакаць чарговай хвалі інфекцый. Верагодна, гэта будуць інфекцыйныя захворванні, прастуда і грып. Цяпер у Польшчы дамінуе грып тыпу А, калі гаворка ідзе пра інфекцыі.
Што можна зрабіць, каб абараніць сябе ад інфекцыі? Прывівацца, часта мыць рукі і праветрываць памяшканні, а таксама падумаць пра ізаляцыю.
- Варта паспрабаваць ізалявацца ад хворых людзей. Ізалявацца таксама, калі гэта мы хварэем. Не хадзіце на працу, калі вы заразныя, калі кашляеце, калі ў вас моцны насмарк. Не хадзіце на працу з тэмпературай. Звычайна, гэта заканчваецца ўскладненнямі, таму што людзі, якія ідуць на працу з інфекцыяй, асабліва з тэмпературай або кашлем, не толькі заражаюць іншых, але, перш за ўсё, шкодзяць самі сабе.
Эпідэміёлягі звяртаюць увагу на нізкі ўзровень вакцынацыі ў Польшчы. Між тым, эксперт пераконвае, што прывіцца варта таксама цяпер - у інфекцыйным сезоне:
- Абсалютна так. Нават пасля перанесенага грыпу варта прышчапіцца ад яго. Гучыць, як парадокс?. Не. Грып чатырохвалентны: два штамы тыпу А і два тыпу В. У Польшчы фіксуюцца абодва тыпы грыпу. Прышчэпка актывізуе імунную сістэму і павышае наш імунітэт у інфекцыйным сезоне.
Між тым, у Еўропе былі зафіксаваныя першыя выпадкі метапнеўмавіруса, а эпідэміёлагі зноў пачынаюць глядзець на Кітай з непакоем:
- У метапнеўмавіруса няма высокага эпідэміялагічнага патэнцыялу - давайце казаць пра гэта рацыянальна. Аднак колькасць захворванняў асабліва на поўначы Кітая надзвычай вялікая - гэта ўжо эпідэмія. Згаданы вірус, перш за ўсё, небяспечны для дзяцей. Асабліва ўразлівыя дзеці ва ўзросце ад 6 да 12 гадоў - гэта найбольш цяжкія выпадкі шпіталізацыі. Метапнеўмавірус крыху падобны на РСВ.
Між тым, калі мы чытаем: «вірус у Кітаі», то, вядома, аўтаматычна ўзгадваем пра пандэмію COVID-19. Ці ёсць у нас падставы баяцца? «Пакуль вірус не пачне мутаваць, то не», - кажа Міхал Суткоўскі:
- Мутацыі заўсёды найбольш небяспечныя. Гэта тычыцца і іншых вірусаў, якія выклікаюць прастудныя захворванні. Мы вызначылі больш за 200 з іх і мы іх ведаем і не баімся. Мы баімся «новага грыпу», «новага м-віруса», новых мутацый метапнеўмавіруса. Пакуль метапнеўмавірус не мае вялікага патэнцыялу. Ён не настолькі агрэсіўны вірус, як COVID, асабліва яго пазнейшыя штамы. Нагадваю, гэта Дэльта-варыянт SARS-CoV-2 «забіваў» пацыентаў. Добра, што ў метапнеўмавіруса няма такога патэнцыялу. Аднак, калі ў нас ёсць вельмі вялікая колькасць выпадкаў захворванняў, калі вірус можа развівацца, то ён мае шмат магчымасцяў для мутацыі. А гэта ўжо патэнцыйна небяспечна. Пакуль такой пагрозы няма, але трэба сачыць за сітуацыяй і гэтым займаецца ўвесь свет.
- казаў старшыня Калегіі сямейных лекараў у Польшчы Міхал Суткоўскі(Michał Sutkowski).
Паводле паведамленняў, у Еўропе выпадкі метапнеўмавіруса чалавека, акрамя Партугаліі, зафіксаваныя таксама ў Германіі, Украіне, Францыі і Італіі. Рост колькасці інфекцый выклікае занепакоенасць, але лекары, у тым ліку эпідэміёлагі супакойваюць, што плынь хваробы нагадвае грып, а шпіталізацыя звычайна не патрэбная. Толькі ў крайніх выпадках інфекцыя можа прагрэсаваць да пнеўманіі і бранхіту.
Метапнеўмавірус чалавека(hMPV) - гэта даволі распаўсюджаны рэспіраторны вірус, які звычайна выклікае лёгкія сімптомы, такія як кашаль, падвышаная тэмпература і насмарк. Гэта сезонны вірус, які інтэнсіўна распаўсюджваецца зімой і можа выклікаць эпідэмію.
Вірус перадаецца паветрана-кропельным шляхам, пры блізкім кантакце ці праз інфекаваныя паверхні. На дадзены момант не існуе адмысловая супрацьвірусная тэрапія для яго лячэння, а таксама вакцына для яго прадухілення.
Як абараніць сябе ад метапнеўмавіруса? Каб пазбегнуць заражэння, медыкі рэкамендуюць такія ж меры засцярогі, як і ў выпадку з каранавірусам: сачыць за гігіенай, пазбягаць кантактаў з людзьмі з сімптомамі інфекцыі і насіць ахоўную маску.
аз