Вырашыў падзяліцца шчасцем
Зефір пачалі гатаваць на замову беларускія эмігранты Маргарыта і Анатоль Глембоцкія, якія жывуць у польскай Познані.
Спадар Анатоль распавядае, што з зефірам усё атрымалася ў нейкім сэнсе нечакана. Проста яго жонка Маргарыта вельмі любіць кулінарную справу, скончыла дзеля гэтага адмысловыя курсы.
Напачатку, як згадвае суразмоўца, дома пачалі з’яўляцца торты, цукеркі, а потым і нейкі зефір.
— А на смак дык увогуле шчасце нейкае, смачнейшы, чым крамны, які занадта салодкі. А ў Польшчы зефір наогул не вельмі папулярны, і калі нават купіш у краме, то ён будзе такі сабе. А тут — сапраўдны, хатні, не прытарны. Вось я і задумаўся, каб падзяліцца шчасцем, а не толькі самому есці з жонкай. Пакаштавалі сябры і кажуць, што гэта неверагодна, будзем у вас замаўляць. І вось кілаграм бяруць, кажуць, што на тыдзень, а ўжо праз тры дні зноў замаўляюць. І тады я падумаў, што варта гэта прыгожа аформіць і выстаўляць на продаж. Сам намаляваў этыкетку і прыдумаў назву “Пазнаньскія пацалункі”.
Для мяне не новае рабіць беларускае ў Польшчы
Найбольш на першы погляд беларускага пакупніка ўражвае назва і этыкетка па-беларуску. Спадар Анатоль пачынае тлумачыць здалёк. Маўляў, ужо два гады ў яго існуе старонка ў Instagram, якая называецца “Каларыт”. Ён робіць цішоткі з беларускімі надпісамі, арнаментамі, узорамі.
— Для мяне не новае рабіць беларускае ў Польшчы. Гэта дае мне асалоду і задавальненне, бо, прыйшоўшы з завода ці нейкай фабрыкі з працы, дзе я зарабляю грошы, хачу заняцца тым, што мне прыносіць задавальненне. І вось я рабіў цішоткі, потым пайшлі швэдры, друкаваў на іх надпісы, узоры. Пазней далучыў да гэтай справы жонку, яна пачала вышываць на цішотках. Але хацелася яшчэ дадаць нешта больш беларускае. Рабілі сыркі, але іх складана захоўваць. А вось зефір робіцца даволі хутка і захоўваць яго проста.
Два дні — і зефір гатовы
Што датычыць таго, наколькі складаны працэс вырабу зефіру, спадар кажа, што варта толькі спрактыкавацца, а далей усё ідзе само сабою.
— Там не шмат інгрэдыентаў. Аснову складае садавіна, бо яго можна рабіць хоць з яблыка, маліны ці трускаўкі і іншых ягад. Напачатку нешта не вельмі атрымлівалася, бо быў вадкі, не засыхаў. А цяпер атрымліваецца хутка — за адзін дзень і яшчэ дзень, каб адстаяўся. Практычна на ўсё два дні. Цяпер праблем няма, і выглядае, што гэта хутка і проста.
Хочацца, каб Познань асацыявалася з зефірам
Суразмоўца кажа, што гэта толькі пачатак іх новай справы, але відаць, што людзям падабаецца, і можна падумаць пра нейкія большыя маштабы.
— Трэба шырэй рэкламавацца. Пакуль мы гэта робім толькі ў Познані, бо назва такая пазнаньская. А далей будзем шырэй рэкламаваць, бо хочацца, каб Познань асацыявалася з зефірам.
Дарэчы, спадар Анатоль кажа, што сёння для яго Познань асацыюецца з беларускім хорам “Пазнаньскі спеўны сход”, у якім ён сам спявае.
Можам зрабіць яшчэ і мармелад
Цікаўлюся ў спадара Анатоля — ці на зефіры ў іх усё скончыцца, ці магчыма будзе нейкі працяг? Ён усміхаецца і кажа, што выдае камерцыйныя таямніцы.
— Жонка падказвае, што можа зрабіць яшчэ і мармелад. Беларусы любяць мармелад. А таму планы такія: трэба пашыраць асартымент зефіру з рознымі смакамі. Мне спадабаўся і малінавы, і з трускавак. А далей можна спрабаваць рабіць і мармелад, і, думаю, нешта яшчэ прыдумаем беларускае, чаго тут не стае.
Атрымліваецца толькі тады, калі я раблю гэта па-беларуску і для беларусаў
Што датычыць кліентаў, то, паводле суразмоўцы, сярод іх адны беларусы. А таму і этыкетка ў іх выключна беларуская.
— Мне ўжо падказваюць сябры, знаёмыя, што варта рабіць акаўнт па-польску. Але ў мяне няма такой бізнес-жылы, і гэта я раблю толькі дзеля свайго задавальнення. А гэта атрымліваецца толькі тады, калі я раблю гэта па-беларуску і для беларусаў. Калі хочаце, украінцы, палякі — купляйце. Але я раблю гэта толькі як беларускі прадукт. Калі паўстане задача зрабіць па-польску, то я гэта зраблю, але гэта ўжо не атрымаецца так, як па-беларуску. Зараз мы рэкламуемся сярод беларусаў, бо ведаем, як гэта робіцца, а сярод палякаў — я не ведаю, што ім падабаецца. Здаецца, зефір не вельмі, бо я прыносіў на працу, частаваў, казалі, што смачна. Але што значыць іх гэтае “смачна”...
Мы маем тут не толькі працу, але і іншае задавальненне
Цікава, што Анатоль і Маргарыта Глембоцкія скончылі Беларускі педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Спадар Анатоль — настаўнік беларускай мовы і літаратуры, а спадарыня Маргарыта — настаўніца пачатковых класаў. Суразмоўца кажа, што па спецыяльнасці практычна не працаваў і называе сябе чалавекам фізічнай працы.
Давялося працаваць на будоўлі метро ў Ізраілі, у Польшчы таксама, з яго слоў, працуе толькі на фізічных працах: на складах, фабрыках, заводах. Спадарыня Маргарыта, хоць і вельмі любіла настаўніцкую спецыяльнасць, але ў Польшчы таксама працуе фізічна.
Паводле суразмоўцы, нягледзячы на гэта, яны абое прызвычаіліся да Польшчы. Спадарыня Маргарыта ўжо не вельмі выказвае жаданне ехаць у Беларусь, маўляў, на тыдзень можна, а ён яшчэ марыць пра вяртанне.
І яшчэ дадае, што тут ім утульна, добра, яны маюць працу, якая ім прыносіць грошы і маюць працу, якая прыносіць задавальненне. Акрамя гэтага яму падабаецца спяваць у хоры і абодва яны ходзяць у тэатральную студыю, дзе займаюцца з беларускім рэжысёрам. Маўляў, асяроддзе вакол нас беларускае і няма на што скардзіцца.
Замовіць “Пазнаньскія пацалункі” можна праз сацсеткі.
Павел Залескі
Зефір “Пазнаньскія пацалункі”.
07:34 1717.mp3 Беларусы робяць зефір у Познані.