Беларуская Служба

TikTok, Reddit і Imgur апрацоўваюць дадзеныя непаўналетніх карыстальнікаў

04.03.2025 18:20
У красавіку 2023 года брытанскі ICO наклаў на TikTok штраф у памеры 12,7 млн фунтаў (14,5 млн еўра).
  TikTok.
Кітайская сацсетка TikTok.Фота: THICHA SATAPITANON/ Shutterstock

Forsal.pl прыводзіць інфармацыю ад тэлебачання Euronews, што брытанскі орган па абароне персанальных дадзеных праводзіць расследаванне таго, як сацсеткі TikTok, Reddit і платформа для абмену фатаграфіямі Imgur апрацоўваюць дадзеныя непаўналетніх карыстальнікаў. Паводле брытанскага камісара па інфармацыі, адказнасць за забеспячэнне бяспекі дзяцей у інтэрнэце цалкам ляжыць на кампаніях.

Аб'ектам расследавання Брытанскага ўпраўлення камісара па інфармацыі (ICO) стане тое, як TikTok, які належыць кітайскай кампаніі Bytedance, выкарыстоўвае асабістыя даныя карыстальнікаў ва ўзросце ад 13 да 17 гадоў — паведамляе Euronews.

Euronews паведамляе, што ў апытанні, апублікаваным у панядзелак, каля 42% брытанскіх бацькоў заявілі, што маюць мала магчымасці кантролю ці зусім не кантралююць інфармацыі, якую платформы збіраюць пра іх дзяцей.

«Мы вітаем тэхналогіі і інавацыі, якія кампаніі, такія як сацыяльныя сеткі, прыносяць у Вялікабрытанію, і хочам, каб яны спрыялі развіццю нашай эканомікі. Але гэта не можа адбывацца коштам прыватнасці дзяцей», — цытуе Euronews заяву Джона Эдвардса, брытанскага камісара па інфармацыі.

«Адказнасць за бяспеку дзяцей у інтэрнэце ляжыць на кампаніях, якія прапануюць такія паслугі, і мой офіс нязменна імкнецца прыцягваць іх да адказнасці», — дадаў Эдвардс, падкрэсліваючы абавязак платформаў выконваць законы аб абароне дадзеных.

Euronews нагадвае, што згодна з англійскім заканадаўствам, большасць онлайн-паслуг павінны адпавядаць Агульнаму рэгламенту аб абароне даных (GDPR), які дзейнічае і ў краінах Еўрасаюза, а таксама «Кодэксу дзіцяці». Таму асабістыя даныя карыстальнікаў ва ўзросце да 18 гадоў падлягаюць «асаблівай абароне».

У красавіку 2023 года брытанскі ICO наклаў на TikTok штраф у памеры 12,7 млн фунтаў (14,5 млн еўра). Пяць месяцаў пазней, у верасні 2023 года, Ірландская камісія па абароне даных таксама наклала на TikTok штраф у памеры 345 млн еўра — нагадвае Euronews.

нг