Rzeczpospolita піша пра замежнікаў, непажаданых у Польшчы. Колькасць дэпартаваных асоб вырасла амаль у два разы. За два месяцы бягучага года з краіны выдварылі звыш 1300 чалавек, а за такі ж перыяд мінулага года – толькі 700.
Сярод іншаземцаў, якія атрымалі загад пакінуць Польшчу, найбольш было грамадзян Грузіі, Беларусі і Малдовы, - сказаў выданню прадстаўнік Памежнай варты падпалкоўнік Анджэй Юзьвяк.
Замежнікаў дэпартуюць з Польшчы, паколькі яны здзяйсняюць усё больш злачынстваў. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра грузінскія банды. СМІ пісалі пра іх брутальныя нападзенні, праблему заўважыў урад і пачаў жорстка дэпартаваць замежнікаў. Амаль палова дэпартаваных асоб – грузіны і беларусы. Першых – 260 чалавек, другіх – 220. Польшчу пакінулі таксама 150 малдаван, 90 калумбійцаў і звыш 80 украінцаў. Год таму было яшчэ 60 расіян.
Дэпартаваныя – гэта перш за ўсё рэцыдывісты, асуджаныя за разбойныя нападзенні, дракі, а таксама шмат кіроўцаў, якія селі за стырно пад уплывам алкаголю. Ёсць таксама кур’еры, якія па балканскіх шляху вялі нелегальных мігрантаў. Шмат іншаземцаў былі высланы з краіны пасля адбыцця пакарання і выхаду з турмы. Але гэтага мала. На думку былога кіраўнікам МУС Адама Рапацкага, такіх людзей неабходна выдаляць яшчэ перад тым, як яны здзейсняць злачынства. А асуджаных замежнікаў высылаць у турмы ў іх краінах, каб польскія падаткаплатнікі не плацілі за іх утрыманне ў турме.
Сярод дэпартаваных год таму было 100 беларусаў, сёлета - звыш 200. Адкуль такі рост? З-за масавай выдачы гуманітарных віз амаль усім, без разбору. Агулам такія візы атрымалі 53 тысячы беларусаў. Пад выглядаў уцекачоў прыязджалі ў тым ліку і шпіёны. Летась быў уведзены кантроль за выдачай віз (іх атрымалі толькі паўтысячы беларусаў).
нг