Уладзімір Хільмановіч, беларускі гісторык, журналіст, праваабаронца прадставіў у Варшаве публіцы сваю кнігу «Беларускі каляндарны энцыклапедычны даведнік». Гэта зборнік, у якім на кожную дату календара прыводзяцца розныя падзеі з гісторыі Беларусі, даты смерці і жыцця выбітных асобаў.
— Гэта не храналагічны даведнік, гэта даведнік энцыклапедычны па днях, была задача зрабіць яго прыдатным у кожны год, ён мае ўніверсальны характар. Проста гартаеш, знаходзіш патрэбны дзень і бачыш, што адбылося. У Вікіпедыі, дарэчы, далёка не ўсе гэтыя даты ёсць, — расказвае пра сваю работу Уладзімір Хільмановіч. — Я збіраў інфармацыю з самых розных крыніц, стараўся сярод падзей выбіраць тыя, якія маюць вартасць і важнасць альбо агульнабеларускага, альбо рэгіянальнага маштабу. У кнізе адлюстравана беларуская пасляваенная міграцыя. Тут агульнабеларускі кантэкст. Тут дзеячы Падляшша, віленскія беларусы. Галоўны крытэрый — прыналежнасць да беларускага руху. Але не знойдзеце вы герояў сацыялістычнай працы, герояў Вялікай Айчыннай вайны. Можа быць, сярод іх было нямала вядомых людзей, але яны адлюстраваныя ў дзяржаўных розных энцыклапедыях, кнігах памяці. Мне было важна падняць пласт малавядомых людзей, ну і, канешне, значных асоб беларускай гісторыі, якія загінулі ў паўстаннях, якія былі згублены нялюдскім сталінскім рэжымам. Згадваецца шмат ахвяр таго перыяду рэпрэсій палітычных. Ну і ёсць, напрыклад, спартсмены, хаця я вагаўся ці ўключаць іх, і тыя дасягненні, найбольш важныя, з гледзішча таго, што яны ўсё ж такі прынеслі вядомасць нашай краіне, Беларусі суверэннай. Ёсць і Вікторыя Азаранка. Нягледзячы на тое, што мы можам па-рознаму ацэньваць спартсменаў, але найвялікшыя дасягненні на алімпійскіх гульнях у найбольш папулярных відах спорту таксама тут ёсць.
— Вы згадалі беларускую эміграцыю ранейшых часоў. Ёсць уражанне, што беларусы ў эміграцыі пачалі вельмі шмат рабіць, ствараць, выдаваць...
— Па-першае, гэта і гістарычны досвед на хвалі той пасляваеннай эміграцыі, якая падала прыклад і паказала, як можна захаваць аўтэнтычнасць і беларушчыну ў розных краінах свету. Па-другое, наша нацыя, усё ж такі яна маладая ў пэўным сэнсе, яна выспявала апошнія гэтыя 30 гадоў ва ўзмоцнена жорсткіх умовах.
І мяркую, што нацыянальная ідэя фармуецца дагэтуль, яна працягваецца, яшчэ няма канчатковай перамогі гэтай нацыянальнай ідэі. Гэта ідэя не ахапіла большасць, можа быць, усіх беларусаў.
А ў эміграцыі гэта ж людзі, якія пераследаваны і пераважна па палітычных прычынах, якім немагчыма было працаваць, тварыць, ствараць літаратурныя гістарычныя творы на Бацькаўшчыне. У значнай ступені гэта цвет нацыі. На жаль, у маім даведніку яшчэ слаба перададзеная найноўшая гісторыя беларускай іміграцыі. Я думаю, што буду працягваць гэту працу, знойду адлюстраванне гэтай дзейнасці, якая зараз адбываецца апошнія чатыры гады. Я мяркую, што яна не будзе згасаць, а будзе захоўваць пераемнасць традыцый.
— Што ў вас забрала эміграцыя?
— Забрала магілы продкаў, яна забрала нават уласныя магілы, бо мы, беларусы, не можам пахавацца ў сябе дома на радзіме, тыя, хто адыходзяць у лепшы све, такія сённяшнія рэаліі. Я ўжо не кажу пра матэрыяльныя страты, крымінальныя справы. Бібліятэка мая засталася, якую я збіраў усё жыццё, але галоўнае, што побач блізкія, побач сябры, і мы разам фармуем нашу нацыянальную ідэю, ідэю адраджэння.
За нашымі плячыма — славутая гісторыя, мы не маем ніякага маральнага права ўпадаць у адчай. У гістарычнай перспектыве я гляджу досыць аптымістычна на будучыню нашай нацыі.
— Вы жывяце ў Беластоку. Як выглядае беларуская супольнасць у Беластоку, тым больш, што там ёсць этнічныя беларусы? Людзі, якія там жывуць або былі там, кажуць, што гэта асаблівы свет, асаблівая супольнасць.
— Беларушчына на Падляшшы здаўна. Але скажу так, што старыя сувязі засталіся, а новая беларуская дыяспара з карэннымі беларусамі Падляшша асабліва не інтэгруецца. Ну, канешне, ёсць агульныя культурныя акцыі, імпрэзы, але ўсё ж гэта асяродкі, пры ўсёй блізкасці да нацыянальных момантаў, адрозныя. Нацыянальная ідэя адыходзіць, асабліва зважаючы на тое, што на гістарычнай Бацькаўшчыне, у Беларусі, няма, па сутнасці, беларускага амаль нічога. Гэта не так, як было ў 1990-ыя, калі да нас прыязджалі студэнты з Падляшша, вучыліся ў нашых універсітэтах на хвалі адраджэння нацыянальнага, на хвалі беларусізацыі. Цяпер такога няма.
Пісьменнік, журналіст, праваабаронца Уладзімір Хільмановіч.
Зміцер Піменаў прыехаў у Варшаву з Бельгіі, каб перадаць сабраную дапамогу для беларускага добраахвотініцкага Палка імя Каліноўкага ва Украіне.
Вяртацца ў свой новы дом Зміцер будзе з кнігамі аўтарства Хільмановіча:
— У нас ёсць беларуская дыспара ў Антверпене, пры грэка-таліцкай царкве ёсць беларуская бібліятэка, якой ужо двадцаць гадоў. Адна кніга будез мне, адна — чалавеку, і адна — для бібліятэкі. У нас ёсць людзі, якія актыўна цікавяцца беларускім жыццём, ахвяруцюць на птарэбы Палка Каліноўскага, бо кожны эмігрант разумее, што ад дапамогі Палку залежыць, ці вернуцца яны ў Беларусь. Я не магу сказаць, што такіх людзеё шмат, але яны ёсць. За гэты час мы набылі для Палка чатыры аўтамабілі, шэсць рухавікоў для аўто, вялікую колькасць амуніцыі. Людзі збіраюць, без людзей, без дыяспары я б нічога гэтага не змог зрабіць.
Сярод гасцей сустрэчы — доктар навук, прафесар Варшаўскага ўніверсітэту Вячалаў Швед. Ён мяркуе, што эміграцыю варта разглядаць, як магчымасць для працы, магчымасць зрабіць тое, што было парпушчана ў пяпярэднія гады.
— У эміграцыі трэба пісаць кнігі. Шмат людзей ужо тут жыве. Актыўныя пастаянна выязджаюць пасля 2020-га года. І гэтыя людзі, актыўныя палітычна, патрыятычныя людзі, яны знаходзяцца тут. Для іх мы павінны пісаць, узмацняць іх патрыятычнасць, узмацняць іх ідэнтыфікацыю беларускую. Трэба пісаць.
Кнігі – гэта багацце нацыі, народаў, а дзе яны будуць пісацца, не важна. Газета «Іскра» выдавалася Ленінам за мяжой, а нарабіла бунту рэвалюцыю ў Расіі.
Кнігі трэба выдаваць, гэта багацце. Гэта пашырэнне гісторыі беларускай, тым больш цяпер кнігі выдаюць і ў электронным выглядзе, іх можна прачытаць дзе заўгодна.
Вось у Чэхіі ў мяне, напрыклад, нядаўна выйшла кніга сумесная, калектыўная, пра развіццё гандлю ў Беларусі. Са старажытных часоў і да пачатку 20-га стагоддзя. Далей будзе другі том, і трэці. Так што ўся гісторыя гандлю будзе апісаная і выдадзеная. Такога не было ў савецкі час. Тады трэба было пісаць пра савецкую індустрыю, пра сацыялістычнае спаборніцтва. А гэта, што было ў феадалізме, капіталізме, ужо як бы не цікава і не патрэбна. А гэта ж няпраўда.
Уладзімір Хільмановіч, беларускі гісторык, журналіст, праваабаронца, прадставіў у Варшаве сваю кнігу «Беларускі каляндарны энцыклапедычны даведнік».
вх