Еўрапейскае агенцтва па навакольным асяроддзі прадставіла справаздачу аб пакупніцкіх звычках жыхароў Еўрасаюза. Высновы не вельмі абнадзейлівыя: еўрапейцы купляюць усё больш вопраткі, але і выкідваюць усё больш. Новыя дадзеныя паказваюць, што Еўропа стала залежнай ад „таннай моды”, а рэчаіснасць мае мала агульнага з праэкалагічнымі заявамі, паведамляе Rzeczpospolita.
Сярэднестатыстычны жыхар ЕС купляе 8 кілаграмаў адзення ў год
Еўрапейцы купляюць усё больш адзення, абутку і іншага тэкстылю, якія часта трапляюць на сметнік. 2022 год стаў рэкордным у гэтым плане. У 2022 годзе сярэднестатыстычны еўрапеец купіў 19 кілаграмаў тэкстылю і абутку - на два кілаграмы больш, чым у 2019 годзе. Гэтыя 19 кілаграмаў складаліся з васьмі кілаграмаў адзення, чатырох кілаграмаў абутку і сямі кілаграмаў тэкстылю, які выкарыстоўваецца дома (напрыклад, пасцельная бялізна, ручнікі).
У 2022 годзе жыхары Еўрасаюза вытварылі амаль 7 мільёнаў тон адходаў - прыкладна 16 кілаграмаў на чалавека.
На думку аўтараў дакладу, праблема ў тым ліку ў неверагоднай папулярнасці інтэрнэт-крамаў з адзеннем, якія прасоўваюць «хуткую моду» (анг. fast fashion).
22 – 44% вернутых у краму прадметаў знішчаюцца
Танныя брэнды прапануюць няякасную прадукцыю, якая хутка зношваецца і трапляе на сметнік. Больш за тое, купляючы вопратку праз інтэрнэт, мы не можам яе прымерыць. У выніку часта вяртаем пакупкі, а нават іх выкідваем, калі яны былі таннымі. Паводле падлікаў, ад 22 да 44 працэнтаў вернутых у краму прадметаў не прадаюцца, але знішчаюцца.
Яшчэ адна праблема заключаецца ў тым, што мы не перапрацоўваем значнай часткі тэкстылю, які выкідваем. У 2022 годзе еўрапейцы не адсартавалі ажно 85% тэкстыльных адходаў.
Аўтары дакладу падкрэсліваюць неабходнасць адыходу ад «хуткай моды», а таксама ўвядзення «сістэмных зменаў»у тэкстыльнай прамысловасці. Яны таксама спадзяюцца на пазітыўныя змены ў выніку дырэктывы ЕС, якая ўступіла ў сілу 1 студзеня гэтага года і забараняе выкідваць тэкстыльныя адходы ў асноўныя кантэйнеры для смецця.
Эксперты нагадваюць, што праблема тэкстыльных адходаў, якія вытвараюць еўрапейцы, выходзіць за межы ЕС. Усё больш тэкстылю, вырабленага ў ЕС, экспартуецца - у асноўным у Азію і Афрыку. Некаторыя з гэтых прадуктаў не перапрацоўваюцца. Замест гэтага іх спальваюць або выкідваюць на нелегальныя смеццезвалкі.
аз