Беларуская Служба

Беларускі эмігрант: «Каб давялося перажыць яшчэ раз 2020 год – я б пайшоў тым самым шляхам»

30.03.2025 13:03
За больш чым тры гады эміграцыі Іван Каспяровіч уладкаваў сваё жыццё ў Польшчы. А каб дома аднаму не было сумна, завёў двух шчуроў і назваў іх Аляксандр Рыгоравіч і Валодзя.
Аўдыё
  • “Каб давялося перажыць яшчэ раз 2020 год – я б пайшоў тым самым шляхам”
    2020
Пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзефота: Pixabay.com/A_Matskevich

Больш за ўсё ўзгадваецца 2020 год…

Іван Каспяровіч ужо больш за тры гады ў эміграцыі. Згадвае, што, прыехаўшы ў Польшчу, не меў грошай, але ўладкаваўся на працу і практычна пачынаў жыццё з нуля. За гэты час абжыўся: здымае кватэру, набыў машыну, палепшыў сваё матэрыяльнае становішча. Аднак часта згадвае 2020 год у Беларусі.

— Больш за ўсё мне запомнілася, як беларусы былі ўсе разам. Усё было так прыгожа: усе былі прыветлівыя, усміхаліся, дапамагалі адно аднаму. Такая незабыўная салідарнасць панавала – гэта найбольш узгадваецца. Узгадваюцца нашы мітынгі і тое, што спрабавалі рабіць «ябацькі» – перадзіралі ўсё з нас. Тыя ж аўтапрабегі мы пачалі рабіць, а потым і яны за намі. Ды і многае іншае…

Многія стаміліся, але касцяк застаўся

За больш чым чатыры гады пасля тых падзей спадар Іван кажа, што ў прынцыпе не расчараваўся ў беларусах, якія апынуліся ў эміграцыі. Аднак часам даводзіцца сутыкацца і з непрыгожымі паводзінамі суайчыннікаў.

— Ёсць беларусы, якія і цяпер працягваюць хадзіць на акцыі, але многія стаміліся, нікуды не ходзяць, некаторыя ўжо не вераць у перамены. А ёсць і такія, хто прыехаў сюды і адразу пачаў хадзіць па фондах, шукаць выгаду.

— А што сталася з той салідарнасцю, якая панавала на вуліцах беларускіх гарадоў у 2020 годзе?

—  Цяпер яна не так адчуваецца. Але я ведаю шмат сапраўдных беларусаў, якія працягнуць табе руку дапамогі ў цяжкую хвіліну, не адмовяць. Іх шмат, тых, хто «беларус беларусу беларус».

Жыццё ў Беларусі і Польшчы рознае

Нягледзячы на тое, што жыццё ў матэрыяльным сэнсе, на думку суразмоўцы, у Польшчы лягчэйшае, чым у Беларусі, ён прызнаецца, што дадому ўсё ж хочацца. Праўда, не ў тую Беларусь, дзе існуе рэжым Лукашэнкі, а ў вольную і дэмакратычную.

—  Хочацца пабачыць сяброў, знаёмых. Размаўляў з сябрамі праз інтэрнэт – людзі там вельмі баяцца, іх моцна запалохалі. Яны нават адзін з адным баяцца размаўляць на палітычныя тэмы. Іншы раз нават да мяне баяцца патэлефанаваць, бо запалоханыя.

Спадар Іван дадае, што здолеў нармальна ўладкаваць сваё жыццё і пастаянна параўноўвае яго з тым, як жыў у Беларусі.

—  На працы да мяне адносяцца на роўных, хаця я працую сярод палякаў. Заробкі такія ж, як у іх. За некаторы час купіў сабе машыну, і гэта не стала для мяне фінансавым ударам. Летам ездзіў на мора, хоць у Беларусі за ўсё жыццё ні разу там не быў. А я ж там працаваў, часам нават на некалькіх працах, але не мог сабе гэтага дазволіць. Тое самае і ў краме: у Беларусі пастаянна прыглядаешся да коштаў, выбіраеш таннейшую каўбасу. Тут жа выбіраю тое, што хочацца, нават калі гэта даражэйшае, бо заробак дазваляе. Часам купляю чырвоную рыбу – тое, што хачу. У Беларусі было складаней: заробак ішоў толькі на камунальныя, яду і іншыя аплаты. Адзенне мог дазволіць толькі таннае, кітайскае. Тут нашмат лягчэй у гэтым плане.

Ніводнага дня не думаў, што гэта было дарэмна

Цікаўлюся ў спадара Івана, ці не шкадуе ён, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах, што потым давялося ўцякаць з краіны і цяпер жыць у эміграцыі.

—  Не, не шкадую. І калі б давялося прайсці той жа самы шлях яшчэ раз, я пайшоў бы тым жа самым шляхам. Ніводнага дня не думаў, што ўсё гэта было дарэмна. Я пайшоў за беларусаў, за вольную Беларусь, бо бачыў, як рэжым прыгнятае людзей. Я даваў прысягу свайму народу і пайшоў за народ. А тыя, хто прысягаў Лукашэнку, некалі ім гэта ўсё аўкнецца. Магчыма, некаторыя ўжо і разумеюць, што нарабілі, але цяпер яны пастаўленыя ў такія ўмовы, што не маюць зваротнага шляху.

Вельмі важна падтрымліваць палітвязняў і іх сем’і

Спадар Іван не хавае, што працягвае хадзіць на розныя акцыі, якія ладзіць беларуская эміграцыя ў падтрымку палітвязняў і супраць рэжыму Лукашэнкі.

 — Я імкнуся хадзіць на такія акцыі, каб падтрымаць тых, хто цяпер за кратамі. Нядаўна ў мяне таксама быў суд у Беларусі. Далі год турмы за тое, што не паехаў «на хімію». Але я разумею, што гэтым годам бы не абышлося і сядзеў бы значна даўжэй. Таму мне вельмі шкада тых, хто застаўся там. Мы штомесяц робім фільмікі пра палітзняволеных, распавядаем пра іх, накладваем музыку і размяшчаем у інтэрнэце. Хочам, каб людзі памяталі пра іх. Вядома, за кратамі яны гэта не пабачаць, але іх блізкія пабачаць – і ім стане хоць трошкі лягчэй.

У мяне ёсць два шчура – Аляксандр Рыгоравіч і Валодзя

Калі гаворка зайшла пра складанасці жыцця ў эміграцыі, спадар Іван прызнаўся, што жыве адзін, і гэта найбольшая праблема. Але часткова яе ён ужо вырашыў.

—  Мне падарылі двух шчуроў. Аднаго я назваў Аляксандр Рыгоравіч, а другога – Валодзя. Яны сядзяць у клетцы, я іх кармлю – Жэнеўскую канвенцыю ніхто не адмяняў. Калі да мяне прыходзяць госці, паказваю гэтых шчуроў і кажу, што ведаю яшчэ двух, якіх добра было б вазіць у клетцы па ўсёй Еўропе, Расіі, Беларусі. Раніцай, калі прачынаюся, бачу – шчуры на месцы. І ўжо на душы весялей…

Павел ЗАЛЕСКІ


Беларускі бізнес у Еўропе: выклікі, магчымасці і роля асацыяцыі

11.03.2025 07:11
Еўрапейская падатковая сістэма адрозніваецца ад беларускай больш высокімі падаткамі. Але пры гэтым існуе большая свабода вядзення бізнесу.

«На жаль, у эмігранцкім асяроддзі не так шмат людзей, якія прыкладалі б намаганні для навучання дзяцей па-беларуску»

18.03.2025 06:16
Лічу, што гранты — не найлепшае выйсце для захавання і развіцця беларускай мовы, паколькі беларусы павінны самі ахвяраваць на падтрымку сваёй мовы, — лічыць кіраўніца Беластоцкай філіі ТБМ спадарыня Вольга.