Беларуская Служба

Беларускія праваабаронцы высоўваюць патрабаванні вызвалення палітвязняў, перш за ўсё Алеся Бяляцкага

30.03.2025 18:00
Беларускія ўлады запрапанавалі высокаму камісару ААН наведаць Беларусь. 
Аўдыё
  • Праваабаронца пра кантакты міжнародных структур з беларускімі ўладамі.
Ілюстрацыя Фота: Shutterstock/BRAIN STORM

Паводле звестак Праваабарончага цэнтра «Вясна», амаль 1200 чалавек у Беларусі несправядліва знаходзяцца ў турме. На працягу апошніх месяцаў былі вызваленыя невялікія групы палітычных зняволеных — некалькі дзясяткаў чалавек, але пры гэтым працягваюцца затрыманні і судовыя працэсы над асобамі, якія бралі ўдзел у пратэстах або іншым чынам выказвалі сваю нязгоду з дзеяннямі беларускіх уладаў.

Беларускія ўлады запрапанавалі высокаму камісару ААН наведаць Беларусь. На гэта беларускія праваабаронцы звярнуліся з просьбай да ААН, каб запрашэнне было прынятае толькі пры ўмове вызвалення лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. Мы спыталі актывіста ПЦ «Вясна» Змітра Салаўёва, ці дэмакратычны свет павінен ісці на кантакт з беларускім рэжымам?

 Гэта не кантакт з уладай, таму што ў тэрарыстаў заўсёды патрабуюць вызваліць закладнікаў. Гэта патрабаванне справядлівасці, каб людзі, каторыя незаконна знаходзяцца ў турмах, выходзілі на волю. Візіт Вярхоўнага камісара па правах чалавека — гэта маніторынгавая місія, якая ніякім чынам не легітымізуе рэжым. У шмат якіх канфліктах ёсць гуманітарная місія Чырвонага крыжа. Гэта не значыць, што гэтая місія Чырвонага крыжа легітымізуе тое, што робіць, напрыклад, Хамас.

Абаронцы правоў чалавека прызнаюць 1199 чалавек палітычнымі зняволенымі. Гэта дадзеныя на 27 сакавіка. Такім чынам, колькасць палітвязняў змянілася за апошні месяц на некалькі дзясяткаў чалавек, а дакладней — на 35. Раней Еўрасаюз высоўваў умову, што ўсе палітвязні павінны выйсці з турмы, перад тым, як Захад пойдзе на кантакты з беларускімі ўладамі. Гэтая ўмова застаецца актуальнай?

— Умова застаецца, ніхто гэтага не здымаў. Мусяць быць вызваленыя ўсе, хто захоплены гэтымі бандытамі, супраць каго сфальсіфікавалі крымінальныя справы.

Былыя зняволеныя інфармуюць пра вельмі жорсткія ўмовы ўтрымання палітвязняў у турмах. І нават калі адбываецца вызваленне, кожны палітзняволены прымушаны прайсці праз прыніжальную працэдуру памілавання, а некаторым прыйшлося падпісаць дакументы аб супрацоўніцтве са спецслужбамі, аб чым інфармавалі самі былыя палітвязні. Дзеля чаго гэта робіцца?

 Мы бачым, што людзей прымушаюць падпісваць паперкі з просьбай аб памілаванні, некаторых палітвязняў прымушаюць падпісваць паперы аб супрацы. І відавочна, што Лукашэнка жадае паказаць, што людзі самі яго папрасілі, што людзі раскаяліся. Гэтым ён стараецца зламаць недавер, каторы склаўся пасля 2020 году, да яго і ўсе ягонай хеўры на міжнародным узроўні. Лукашэнку ўсё роўна не атрымаецца пусціць пыл у вочы і нахлусіць. Таму што людзі не толькі сядзяць у турме, людзі ляжаць у магілах. Сем палітзняволеных былі закатаваныя ў турме.

Слухайце ўсю гутарку ў далучаным гукавым файле