Беларуская Служба

20 гадоў без Яна Паўла ІІ. Для моладзі гэта персанаж з падручнікаў, фігура з помнікаў

02.04.2025 11:50
Ці можна без пафасу казаць пра папу, ці можна бачыць у ім не постаць з помніка, а асобу, якая прадстаўляе каштоўнасці, важныя для кожнага чалавека?
Аўдыё
  • 20 гадоў без Яна Паўла ІІ. Для моладзі гэта персанаж з падручнікаў, фігура з помнікаў
Помнік Яну Паўлу ІІ ў ТарновеPAP/Darek Delmanowicz

20 гадоў таму (2 красавіка 2005 г.) памёр Ян Павел ІІ. Яго пахаванне было падзеяй вялікага маштабу для Польшчы, Еўропы і свету. Папа Рымскі заставаўся адной з самых пазнавальных гістарычных постацяў 20-21 стагоддзяў. Ці можна сёння без пафасу казаць пра Караля Вайтылу/Яна Паўла ІІ, ці можна бачыць у ім не постаць з помніка, а асобу, якая прадстаўляе каштоўнасці, важныя для кожнага чалавека?

Гэтае пытанне ў 20-ю гадавіну смерці папы задаў Цэнтр думкі Яна Паўла ІІ у Варшаве. Там вырашана па іншаму падысці да 20-годдзя з дня смерці Яна Паўла ІІ. Натхненнем стаў факт, што выхавалася цэлае пакаленне 20-годак, якія нарадзіліся ўжо пасля смерці пантыфіка. Як яны глядзяць на Яна Паўла ІІ? Як яны перажываюць гэтае дваццацігоддзе?

Пётр Страш з Цэнтра думкі Яна Паўла ІІ адказвае на так пастаўленае пытанне: для многіх з гэтай моладзі гэта персанаж з падручнікаў, фігура з помнікаў, а значыць, стаўленне да яе даволі халоднае:

- Канешне, мы таксама не можам спрашчаць, ёсць розныя асяроддзі, дзе Ян Павел ІІ жыве, але сярэднестатыстычна, нам здаецца, што дамінуе вобраз Яна Паўла ІІ як персанажа з падручніка, з помніка. І мы хацелі паказаць гэтаму пакаленню, што Ян Павел ІІ — гэта не толькі іерарх Каталіцкага Касцёла, не толькі найбольш пазнавальная асоба канца ХХ стагоддзя, хоць мы не змяншаем ролю гэтых рэчаў, але што ён можа прапанаваць сёння штосьці канкрэтнае. Што ён таксама быў маладым чалавекам, які меў з моладдзю вельмі добры кантакт. Напрыклад, у 1950-я гады ён хадзіў са студэнтамі ў вандроўкі ў горы, плаваў на байдарках. Падчас гэтых вандровак вечарамі каля вогнішча яны размаўлялі на тэмы, важныя для тагачаснай моладзі, якая ўваходзіла ў дарослае жыццё. Ён гаварыў пра іх праблемы, праблемы, якія сам перажываў, як сэнс пакуты, пытанне свабоды, ствараць сям’ю ці не, што значыць сям’я сёння. Як трэба ставіцца да працы, ці павінна праца мець сэнс, ці праца - гэта проста заробак грошай?


Выстава «Караль Вайтыла – натхненне» ў Ліцэі ім. Каперніка Выстава «Караль Вайтыла – натхненне» ў Ліцэі ім. Каперніка, fot.Dominika Lalak

Каб паказаць такога папу Цэнтр думкі Яна Паўла ІІ падрыхтаваў выставу «Караль Вайтыла – натхненне». Яна пабудаваная вакол фундаментальных пытанняў, якія задаюць сабе маладыя людзі, і якія былі блізкія і Яну Паўлу ІІ. На выставе папа паказаны як чалавек, які шукаў адказы, меў свае дылемы і дзяліўся сваім вопытам.

На 20 плакатах знаходзяцца тытулы ў форме пытанняў, цытаты з выказванняў Караля Вайтылы. QR-код перанакіруе на старонку JPIIonline.pl, дзе ў разбудаванай форме можна пачуць яго адказы на складаныя пытанні. Нават праз 20 гадоў яны ўсё яшчэ могуць быць крыніцай натхнення і надзеі, перакананы Пётр Страш:

- На гэтых плакатах мы сустракаем фрагменты выказванняў Яна Паўла ІІ. Мы спрабавалі знайсці выказванні, у якіх ён трапляў у дзясятку, і якія малавядомыя. Мы задаём пытанні, але не пакідаем іх без адказу. Мы хочам паказаць, што ў Караля Вайтылы сапраўды была прапанова. Выстава – гэта таксама графіка. У ёй мы хацелі паказаць Караля Вайтылу як маладога чалавека, якога цяперашняе пакаленне дваццацігадовых можа зусім не ведаць. У нас ёсць шмат такіх матэрыялаў, дзе Вайтыла быў трыццацігадовым, фізічна здаровым, з заплечнікам, у шырокай фланелевай кашулі і быў вельмі падобны да сучаснай моладзі, таму што гэтая мода паўтараецца. Мода 50-х і 60-х гадоў вярнулася, і мы не адчуваем дысанансу, калі глядзім на гэтыя фотаздымкі, што гэта нешта рэтра, мы проста адчуваем, што гэта той, хто сапраўды можа сустрэцца з намі сёння.


Караль Вайтыла на байдарках Караль Вайтыла на байдарках

Для людзей, якія памятаюць час, калі Ян Павел ІІ памёр, быў на думку Пятра Страша фарміруючай падзеяй.

- Гэта сапраўды быў вельмі моцны, эмацыйны акцэнт. Смерць блізкага чалавека заўсёды з'яўляецца моцнай падзеяй. Кожная чалавечая смерць - гэта моцная, вельмі рэфлексіўная падзея. Было шмат людзей, якія ставіліся да Папы як да нечага пастаяннага, нязменнага. У Рыме ёсць гэты чалавек, які кожную нядзелю выступае на балконе. Мы ўжо прызвычаіліся да гэтага Папы. У момант, калі ён сышоў, мы адчулі вялікую пустэчу. Звычайна бывае так, што толькі калі кагосьці няма, мы пачынаем пра яго вельмі інтэнсіўна думаць. І гэта быў такі момант. Нейкім чынам у нас увекавечыўся такі вобраз Папы. Я называю яго момантам станаўлення для кожнага з нас. І таму мы крыху здзіўляемся, калі сустракаем маладых людзей, якія проста гэтага не перажылі.

Цэнтр думкі Яна Паўла ІІ клапоціцца пра тое, каб думка пра папу жыла і суправаджала грамадства. Таму ў 20-ю гадавіну яго смерці Цэнтр не хоча «ставіць новы помнік». Віялета Мілей кажа, што яны намагаюцца паказваць персаналістычны падыход Яна Паўла ІІ:

- Ён быў вялікім персаналістам, прапагандыстам персаналістычнай думкі, якая ставіць чалавека ў цэнтры. Чалавека паасобку са сваёй каштоўнасцю і годнасцю. І мы сыходзім з гэтага. Мы гаворым пра тое, што Ян Павел ІІ бачыў чалавека. Ён быў першым Папам у мячэці, першым чалавекам, які такім чынам заўважыў моладзь, ён запачаткаваў Сусветныя дні моладзі і ў той жа час быў блізкі да хворых, інвалідаў. Ужо на пачатку свайго пантыфікату, адразу пасля таго, як стаў Папам, ён адразу ж накіраваўся да свайго хворага сябра. Ён паказаў, дзе наша месца, наша месца з іншымі людзьмі, і мы спадзяемся, што гэтая перспектыва застанецца з намі. Што мы зможам далей развіваць гэты персаналістычны падыход, гаварыць пра гэта таксама ў кантэксце Яна Паўла ІІ, які, несумненна, быў вялікім чалавекам.

З дня смерці Яна Паўла ІІ мінула 20 гадоў. Папа прарываў, мысляр і філосаф, чалавек культуры і мастацтва, паэт і акцёр, пілігрым, чалавек міру і дыялогу. Ён кіраваў Каталіцкім касцёлам з 1978 году. Памёр 2 красавіка 2005 году.

ав