Беларуская Служба

Бацькі ня будуць плаціць за прабыванне з дзіцём у шпіталі

09.07.2019 15:27
У Польшчы ўведзены новыя сацыяльныя праграмы, звязаныя з аховай здароўя дзяцей, цяжарных жанчын і парадзіх.
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/Pressmaster

Многія маладыя бацькі сутыкнуліся з настолькі сур’ёзнай хваробай дзіцяці, што прыйшлося на нейкі час аддаць яго ў шпіталь. Асабліва часта праблемы са здароўем здараюцца ў зусім маленькіх дзяцей, неўзабаве пасля нараджэння. Паводле польскіх стандартаў медычнай апекі, у такім выпадку мама або тата малечы могуць прабываць разам з ім падчас лячэння, але да гэтай пары не было нормаў такога прабывання, таму многія шпіталі бралі плату ад бацькоў. Цяпер усе бацькі змогуць знаходзіцца са сваім дзіцём у шпіталі бясплатна. Міністэрства аховы здароўя ўвяло новыя правілы.

У маім жыцці таксама быў эпізод, калі ў сына праз тыдзень пасля нараджэння быў выяўлены надта высокі ўзровень білірубіну, акрамя таго, лекары знайшлі інфекцыю, якую неабходна было пралячыць антыбіётыкам. Прыйшлося легчы на тыдзень разам з сынам у шпіталь. Месца ў бальніцы, дзе я магла ўвесь час знаходзіцца з малечай, знайшлося толькі ў прыгарадзе Варшавы, у іншых шпіталях прыйшлося б пакінуць тыднёвае дзіця на нейкі час з чужымі для яго людзьмі. На шчасце, стан Марэка хутка палепшыўся, нас выпісалі, але нервовыя пошукі месца ў шпіталі, дзе ня трэба было б плаціць, застануцца на заўсёды ў памяці, хоць прайшло ўжо амаль 18 гадоў.

Добра, калі ў дзіцяці здараецца лёгкая інфекцыя або хвароба, якую хутка можна вылечыць. Тады нават невысокая плата за начлег не выведзе сям’і з фінансавай раўнавагі. Горш, калі дзіця цяжка, хранічна хворае, калі яму патрэбныя рэгулярныя побыты ва ўстанове аховы здароўя. Гадаванне дзяцей звязана з немалымі выдаткамі, таму нават невялікая плата ў шпіталі можа ўдарыць па кішэні, – гаворыць спадарыня Зузанна, якая некалькі дзён знаходзілася ў шпіталі разам са сваёй чатырохгадовай дачкой.

Зузанна: Я не ўяўляю сабе, каб дзіця было ў шпіталі адно, без бацькоў. Мы павінны быць каля нашых дзяцей увесь час. Значна прасцей будзе знесці прабыванне ў шпіталі, калі будзем ведаць, што ня трэба за яго плаціць. Гадаванне дзяцей і так дорага каштуе, таму бацькі не павінны плаціць за знаходжанне каля дзіцяці ў шпіталі.

Пра адмену платы за прабыванне бацькоў з дзецьмі ў шпіталі паведаміла Юзэфа Шчурэк-Жэлязка з Міністэрства аховы здароўя.

Ю. Шчурэк-Жэлязка: Да гэтай пары да нас даходзіла інфармацыя аб тым, што шпіталі бяруць плату за розныя паслугі, у прыватнасці, за карыстанне электраэнергіяй, каб зарадзіць сотавы тэлефон, за карыстанне туалетам, за магчымасць зрабіць сабе каву, гарбату і г. д. Акрамя таго, у шматлікіх шпіталях за начлег мамы або таты таксама неабходна было плаціць. Цяпер за такія паслугі бацькі ня будуць плаціць.

Бацькі ня будуць плаціць за прабыванне ў шпіталі разам з дзіцём, а ўстанова аховы здароўя атрымае на дадзеныя мэты сродкі з дзяржаўнага бюджэту – 15 злотых у суткі за аднаго малога пацыента.

Міністэрства аховы здароўя намерана ўвесці таксама пілатажную праграму, звязаную са стандартызацыяй харчавання цяжарных жанчын і парадзіх у шпіталях. Пачаўся працэс кансультацый па праекце праграмы «Дыета мамы», якая павінна палепшыць якасць харчавання цяжарных жанчын і парадзіх падчас прабывання ў шпіталі. У рамках праграмы будзе магчымасць выкупіць паслугі дыетолага і правесці адукацыю жанчын, накіраваную на рацыянальнае харчаванне падчас цяжарнасці і пасля родаў. Гэта, пасля праграмы бясплатных лякарстваў для будучых мамаў, чарговы праект Мінздароўя з думкаю пра цяжарных.

Па словах віцэ-міністра аховы здароўя Януша Цешыньскага, шпіталі, якія ўвядуць праграму, атрымаюць дадатковыя фінансавыя сродкі на харчаванне цяжарных жанчын і парадзіх.

Я. Цешыньскі: Мы намераны павысіць стаўку за харчаванне цяжарных і парадзіх у два разы. Акрамя таго, дадамо 30% сродкаў для шпіталя на дадатковыя расходы, у прыватнасці, кансультацыі дыетолага. Праграма будзе ўведзеная толькі ў тых бальніцах, якія самі захочуць да яе далучыцца, у тых установах аховы здароўя, якія захочуць прапанаваць будучым мамам і маладым мамам вышэйшыя стандарты харчавання.

У сярэднім шпіталі прызначаюць на харчаванне цяжарных і парадзіх 14 злотых у суткі (3,7 долара ЗША). Медустановы, якія прымуць удзел у пілатажнай праграме, атрымаюць 18,2 зл. у дзень на харчаванне маладых мам і цяжарных. Праграма разлічана на два гады.

ПР/нг