Першая беларуская газета пабачыла свет 14 верасня 1906 году. Магчымасць выдаваць газету на беларускай мове з’явілася пасля таго, як у Расейскай імперыі было дазволена выдаваць газеты на нацыянальных мовах. Гэта сталася вынікам пэўнай палітычнай адлігі пасля выдання Мікалаем Другім «Маніфесту» ў 1905 годзе.
У 1906 годзе віленскі мешчанін Іван Тукеркес фінансава падтрымаў выданне беларускай нацыянальнай газеты. Яна выдавалася па-беларуску, але частка кірыліцай, частка лацінкай.
«Наша доля» мела культурна-палітычны накірунак і змяшчала ў сабе артыкулы, вершы, адозвы, якія датычылі палажэння беларускага народа ў Расейскай імперыі. Рэдактарамі газеты сталі Іван і Антон Луцкевічы, Элаіза Пашкевіч (Цётка), асобы якія прыкладалі шмат высілкаў дзеля выбудавання нацыянальнай культуры і незалежнасці.
Адным з аўтараў газеты быў Якуб Колас. У «Нашай Долі» упершыню быў надрукаваны ягоны верш: «Наш родны край»:
Край наш родны, бедна поле!
Ты глядзіш, як сірата,
Сумны ты, як наша доля,
Як ты, наша цемната.
Фактычна газета была друкаваным органам Беларускай сацыялістычнай грамады, што адлюстравалася ў змесце газеты і аказала ўплыў на яе лёсе.
«Пісаць мы будзем для вёскі і будзем бараніць правы вясковых людзей. Лічачы найбольшым ворагам цямноту і бяспраўнае палажэнне мужыка, мы аб’яўляем вайну ўсім цёмным сілам, каторым дзеля карысці сваёй было выгадна трымаць 8 мільённы народ беларускі ў няволі».
Такія моцныя і вострыя пастулаты не маглі не быць не заўважанымі царскай цэнзурай. Ужо на першы нумар газеты, які выйшаў тыражом у 10 тыс. асобнікаў, быў накладзены часовы арышт віленскім генерал- губернатарам, а частка накладу была канфіскавана. Агулам было выдадзена 6 нумароў, 4 з іх былі канфіскаваныя, сёмы быў знішчаны яшчэ ў наборы.
11 студзеня 1907 году газета была зачынена расійскімі ўладамі, а яе выдавец Іван Тукеркес быў прысуджаны на 1 год вязніцы. Фактычна газета праіснавала 4 месяцы.
Павал Усаў