Пераможцы конкурсу, прысвечанага 79-й гадавіне забойства польскіх афіцэраў у Катыні, наведалі месца памяці ў Беларусі. Конкурс скіраваны да моладзі, а яго мэта – ушанаванне памяці расстраляных вясной 1940 году па загадзе савецкіх уладаў.
Лаўрэаты конкурсу «Спражкі і гузікі з арлом з іржы» ў верасні наведалі месцы, неразрыўна звязаныя з гісторыяй і культурай Польшчы: Брэст, Пінск, Слуцк, Бабруйск, Мінск, Курапаты, Нясвіж, Наваградак і Гродна. Палессе, Панямонне і Белая Русь – гэта гістарычныя часткі даўняга ВКЛ, дзе надалей жывуць палякі, якія захоўваюць спадчыну Першай Рэчы Паспалітай.
Каардынатар конкурсу для моладзі Артур Календа з Інстытуту нацыянальнай памяці расказаў на хвалі Польскага радыё, што маладыя людзі дасканала справіліся з заданнем:
- Іх задачай у гэтым годзе было стварэнне старонкі ў сямейны альбом. Гэтая старонка павінны была быць прысвечаная адной канкрэтнай постаці, якая была забітая падчас катынскага злачынства. Узнагародай для лаўрэатаў І ступені, а былі імі як аўтары прац, так і кіраўнікі іх працаў, стала паездка ў Беларусь.
Гэта не была лёгкая работа, як здаецца на першы погляд. Акрамя апісання асобы, трэба было знайсці адпаведныя дакументы, паразмаўляць са сведкамі гісторыі. Асабліва высока ацэньваліся працы, у якіх моладзь знайшла сваякоў расстралянай асобы. Працы, на якіх былі змешчаныя здымкі і памятныя рэчы гэтых сем’яў, напрыклад, лісты, якія прыйшлі з савецкіх лагераў.
Сёлетнія лаўрэаты здзейснілі паездку ў Беларусь. Паездка распачалася ў сімвалічны дзень – 17 верасня. Гэта дзень агрэсіі СССР у дачыненні да Польшчы. Чаму менавіта Беларусь? Гаворыць Артур Календа.
- Штогод выезд адбываецца па іншай трасе. У гэтым годзе мы выбралі менавіта Беларусь. Дата 17 верасня таксама не была выпадковай. Мы пачалі з Брэсту. Там 22 верасня 1939 году адбыўся сумесны, нямецка-савецкі парад. Мы спыніліся перад будынкам упраўлення Палескага ваяводства, які быў збудаваны ў 1938 годзе. Менавіта перад гэтым будынкам стаяў генерал Гайнц Гудэрыян і генерал-лейтэнант Сямён Крывашэін. Яны разам прымалі нямецка-савецкі парад. Гэта такі сімвал чацвёртага падзелу Польшчы, які менавіта тады адбыўся. Усё ж трэба дадаць, што, паводле афіцыйнай прапаганды, паводле беларуская палітыкі, дата 17 верасня – гэта дата аб’яднання Беларусі. Гэта аб’яднанне той сацыялістычнай савецкай рэспублікі і часткі Беларусі, якая была пад польскай акупацыяй, як кажуць у Беларусі.
Акрамя Брэсту група польскай моладзі наведала мноства іншых месцаў, а ў кожным з іх была расказаная гісторыя, звязаная з гэтымі месцамі і людзьмі, якія там жылі.
- З Брэсту мы паехалі ў Пінск, то бок мы былі на Палессі. Пінск перапоўнены польскімі слядамі. Гэта цудоўны кафедральны касцёл. Гэта таксама сямейны дом Рышарда Капусціньскага. Потым мы пераехалі на гістарычную тэрыторыю Белай Русі – Слуцк, Бабруйск. Бабруйская крэпасць, вядомая з гісторыі Рэчы Паспалітай у 1918 годзе. Пасля Чорная Русь, Панямонне, Мінск, Наваградчына, родная зямля Адама Міцкевіча. Між іншым, мы наведалі Музей Адама Міцкевіча. Вельмі моцна моладзь перажыла візіт у Курапатах, не без прычыны гэтае месца называюць беларускай Катынню. Паводле некаторых гісторыкаў там могуць быць пахаваныя нават больш за дзесяць тысяч чалавек, закатаваных НКУС у 30-х гадах.
Наколькі важным з’яўляецца непасрэдны кантакт моладзі з месцамі, важнымі для польскай гісторыі?Ці гэта дапамагае ім захоўваць і перадаваць далей памяць пра гісторыю іх продкаў?
- Зусім інакш моладзь вучыцца тэорыі ў школах. У сваю чаргу, калі яны знаходзяцца на месцы, бачаць яго, дыхаюць гэтым паветрам, бачаць прыроду, таксама каштуюць мясцовыя стравы, то сапраўды моладзь адчувае, што знаходзіцца на зямлі, дзе калісьці была Рэч Паспалітая. Мы былі ў маёнтку Радзівілаў у Нясвіжы. Я бачыў, як моладзь з шырока адчыненымі вачамі глядзела на партрэты Радзілаў, дзе кожны з іх быў кастэлянам, гетманам, канцлерам ці літоўскім маршалам. Сваё падарожжа мы завяршылі ў Горадні, дзе прынялі ўдзел у святкаванні 80-й гадавіны абароны Гродна ў 1939 годзе.
Дарэчы, Інстытут нацыянальнай памяці выдаў гульню «Крэсы», прысвечаную колішняй тэрыторыі ўсходняй Польшчы. Дынамічная гульня дае магчымасць імгненнага падарожжа па ўсходніх рубяжах даўняй Рэчы Паспалітай і магчымасць знаёмства з новымі героямі, цікавымі месцамі і помнікамі шматкультурнага памежжа.
ав