Беларуская Служба

Вучні ўсё часцей удзельнічаюць у занятках з рэпетытарам

07.10.2019 17:21
У буйных гарадах у занятках з рэпетытарам удзельнічае нават тры чацвёртыя вучняў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:Alexas_Fotos /pixabay.com/CC0 Public Domain

Ганна з першага класа кракаўскага ліцэя здала выпускны экзамен па матэматыцы для вучняў базавай школы выдатна – атрымала амаль 100 балаў. Нягледзячы на гэта, цяпер яна кожны тыдзень удзельнічае ў занятках з рэпетытарам, паколькі ў ліцэі не паспявае з праграмай па матэматыцы. Такіх дзяцей, як Ганна ў класе значна больш, піша Вольга Шпунар у выданні Gazeta Wyborcza.

Уласнікі рэпетытарскіх школаў пераконваюць, што хоць дадатковыя заняткі даўно карысталіся папулярнасцю, то сапраўдны пік назіраўся у мінулым годзе, калі ў выніку адукацыйнай рэформы да выпускных экзаменаў рыхтаваліся вучні апошніх класаў базавай школы і гімназіяў.

Паводле дадзеных Цэнтра даследавання грамадскай думкі, у мінулым школьным годзе кожны трэці бацька плаціў за заняткі з рэпетытарам. У сярэднім кошт гэткіх заняткаў складаў 420 злотых у месяц.

У 2016 годзе Міністэрства адукацыі ацэньвала кошт рынку рэпетытарства ў Польшчы на каля 4 мільярды злотых у год. Найтаннейшыя рэпетыцыі даюць студэнты – за 45 хвілінаў трэба заплаціць каля 40 злотых. Аднак гадзіна заняткаў з настаўнікам з рэпетытарскай школы каштуе каля 90 злотых. Дадатковыя заняткі ў групах каштуюць каля 50 злотых. Найбольш трэба заплаціць за індывідуальныя заняткі з рэпетытарам, які прыязджае дадому – каля 160 злотых.

Паводле вынікаў даследавання, цягам апошніх чатырох гадоў доля бацькоў, якія пасылаюць сваіх дзяцей на заняткі з рэпетытарам, вырасла з 14 да 31%. За дадатковыя заняткі плаціць амаль палова бацькаў з вышэйшай адукацыяй. Сярод бацькаў з сярэдняй адукацыяй згаданая група складае 20%.

Паводле агульных ацэнак, у буйных гарадах у занятках з прыватным настаўнікам удзельнічае тры чацьвёртыя вучняў. Аднак зацікаўленне імі расце таксама ў меншых гарадках. Таму ў буйных гарадах усё часцей заняткі з рэпетытарам арганізоўваюць па суботах, каб маглі на іх даехаць таксама дзеці з прыгараду, паведамляе Gazeta Wyborcza.

аз