Гэта адчыніла дарогу да хуткай бэатыфікацыі польскага Прымаса Тысячагоддзя. Ватыкан паінфармаваў, што прыняты дэкрэт датычыць цуду аздараўлення, які прыпісваецца заступніцтву кардынала Вышыньскага.
Ацэнка матэрыялаў пра цуд аздараўлення была другім, апошнім этапам бэатыфікацыйнага працэсу кардынала Вышыньскага ў Ватыкане. Неўзабаве будзе абвешчана дата і месца бэатыфікацыйнай імшы.
Цуд тычыцца выпадку захворвання 19-гадовай дзяўчыны са Шчэціна. У 1988 годзе яна захварэла ракам шчытападобнай залозы і ёй не давалі шанцаў выжыць. Тады група манахінь і іншых людзей распачала малітву аб выздараўленні пры заступніцтве Стэфана Вышыньскага. Аздараўленне наступіла раптоўна і прызнанае сталым. Лекары не могуць патлумачыць працэс выздараўлення.
Кардынал Стэфан Вышыньскі з'яўляецца важным чалавекам не толькі ў гісторыі польскага Касцёла, але і цэлага народа. Яго называлі Прымасам Тысячагоддзя.
У 1953 годзе польскія камуністычныя ўлады ўсталявалі кантроль за прызначэннем біскупаў і святароў. Польскі епіскапат на чале з Вышыньскім выступілі рашуча супраць умяшальніцтва ўладаў ва ўнутраныя справы касцёла. У адказ урад разгарнуў рэпрэсіі супраць каталіцкага духавенства і рэлігійных выданняў.
У верасні 1953 году кардынала Вышыньскага арыштавалі. На працягу трох гадоў знаходзіўся ў арышце, прыбываючы ў чатырох манастырах.
У 1957-1966 гадах Вышыньскі правёў святкаванне Тысячагоддзя Хрышчэння Польшчы. 17 красавіка ў познанскай катэдры ён падкрэсліў значэнне юбілею для веры:
- Скажу, што гэта важны дзень, калі ахрышчаны народ свядомы сваёй 10-вяковай дарогі сёння Богу адзінаму ў Тройцы, праз Марыю і святых апекуноў Польшчы абвяшчае сваю вялікую падзяку.
Кардынал Стэфан Вышыньскі ўдзельнічаў у Другім Ватыканскім саборы. У 1965 годзе быў адным з ініцыятараў лісту польскіх біскупаў да нямецкіх, дзе прагучалі словы: «Выбачаем і просім выбачэння». У бытнасць яго прымасам Польшчы кракаўскі кардынал Караль Вайтыла быў абраны Папам Рымскім.
Кардынал Казімеж Ныч накіраваў ліст да папы Францішка з просьбай пацвердзіць дату і месца бэатыфікацыі прымаса Стэфана Вышыньскага. Варшаўскі мітрапаліт папрасіў, каб бэатыфікацыя адбылася 31 траўня 2020 году на пляцы Пілсудскага ў Варшаве:
- Я прасіў, каб гэта была Варшава, і каб гэта быў пляц Перамогі, цяперашні пляц Пілсудскага, дзе 38 гадоў таму адбылося вялікае пахаванні. І там, дзе 40 гадоў таму падчас першай пілігрымкі Яна Паўла ІІ прымас прымаў пантыфіка. Думаю, што сімвалічнасць гэтага месца з’яўляецца непадважальнай. Калі гаварыць пра дату, то 31 траўня адбылося пахаванне Вышыньскага, 28 ён памёр.
Кардынал Ныч сказаў, што навучанне Стэфана Вышыньскага з’яўляецца стала актуальным. Сваім жыццём ён, між іншым, вучыў, як любіць ворагаў:
- Я вельмі моцна хацеў бы падкрэсліць яго любоў да ворагаў. Гэта быў чалавек, які вельмі сур’ёзна падыходзіў да навучання Евангелля. Пачытайце словы прымаса, калі вакол яго былі людзі, якія жадалі яму зла, знявольвалі яго. Але ён ніколі нічога кепскага пра іх не сказаў. Ніводнага дрэннага слова.
Дата і месца бэатыфікацыі будуць вядомыя неўзабаве. Бэатыфікацыйны працэс доўжыўся 30 гадоў.
ав