Беларуская Служба

Сёння ў Польшчы святкуецца Папскі дзень

13.10.2019 08:07
Свята заўсёды адбываецца ў нядзелю перад 16 кастрычніка, днём выбару Караля Вайтылы на Папу рымскага.
Аўдыё
Papież Jan Paweł II wygłasza przemówienie podczas spotkania z wiernymi. Obok papieża widoczni duchowni: sekretarz papieża, ks. Stanisław Dziwisz (1. z lewej), prymas Polski, kard. Stefan Wyszyński (2. z lewej).
Papież Jan Paweł II wygłasza przemówienie podczas spotkania z wiernymi. Obok papieża widoczni duchowni: sekretarz papieża, ks. Stanisław Dziwisz (1. z lewej), prymas Polski, kard. Stefan Wyszyński (2. z lewej).Zielaskowski Lech/NAC

Папскі дзень у Польшчы адзначаецца як праяў удзячнасці святому Яну Паўлу ІІ. Гэта таксама спосаб наблізіць духоўнае навучанне пантыфіка.

Лозунгам сёлетняга свята з’яўляюцца словы: «Устаньце, хадземце!». «Сёлетні пасыл кладзе націск на ўзмацненне веры і надзеі, якая з яе плыве», – пісаў у прынагодным лісце Эпіскапат польскага касцёла. Паводле варшаўскага мітрапаліта, кардынала Казімежа Ныча, да гэтых словаў можна падыходзіць шматузроўнева:

- Гэта словы Езуса з Гефсеманіі. Апосталы спяць, набліжаецца час яго пакут, Езус моліцца, падыходзіць да іх, будзіць, але безвынікова. Урэшце, калі бачыць набліжэнне Юды, набліжаецца час смерці, Езус падыходзіць да апосталаў і ўжо не будзіць іх, а кажа: «Устаньце, хадземце». Калі папа выбірае гэтыя словы ў якасці тытулу сваёй перадапошняй кнігі, то хоча нам нешта сказаць: не сядзіце, не спіце, не наракайце на ўсё, бярыцеся да працы, устаньце і ідзіце. Дарэчы, гэтае навучанне цудоўна працягвае папа Францішак.

Каардынатарам Папскага дня з’яўляецца фонд «Праца новага тысячагоддзя», якая ўзнікла як плён пілігрымкі папы-паляка ў Айчыну. Кіруючыся заклікам Яна Паўла ІІ да «новага ўяўлення міласэрнасці», на працягу 19 гадоў дзейнасці фонд узяў на сябе апеку над тысячамі маладых палякаў. У гэты дзень валанцёры збіраюць сродкі для стыпендыятаў фонду «Праца новага тысячагоддзя». У мінулым годзе разам удалося сабраць 2,8 мільёны долараў.

Кардынал Ныч падкрэслівае, што ўзнікненне фонду «Праца новага тысячагоддзя» было бясцэннай ідэяй. «Гэта будаванне ініцыятывы, якая з’яўляецца канкрэтным праяўленнем любові, якой Ян Павал ІІ жыў і якой ён вучыў. Ён заўсёды радаваўся, калі вакол яго і па яго ініцыятыве ўзнікалі справы, якія былі канкрэтнымі, і якія былі праявай любові да бліжняга», – дадае варшаўскі мітрапаліт. «Сёння гэта тысячы людзей, якія закончылі вышэйшую адукацыю, якія цяпер вучацца ў школах і ўніверсітэтах», – нагадаў кардынал.

Ксёндз Лукаш Ныч, які займаецца стыпендыяльнай праграмай, кажа, што гэта выключная моладзь. Каб атрымаць стыпендыю, трэба выканаць акрэсленыя ўмовы. Па-першае, гэта высокі сярэдні бал у школе, па-другое, нізкія даходы бацькоў:

- Стыпендыятам можа быць нават 11-12 гадоў. Да праграмы вучань можа далучыцца ў другім семестры 7 класу, а заканчвае пасля ВНУ, ці ў 25-ыя народзіны. Увесь гэты час трэба выконваць умовы – сярэдні бал, даходы ў сям’і, актыўны ўдзел у працы на карысць іншага чалавека. Праз усю праграму за гэты час прайшлі больш за пяць тысяч стыпендыятаў. Вядома, былі асобы, якія былі год, два, але калі мы кажам пра цэлую праграму, то гэта пяць тысяч чалавек.

Папскі дзень у Польшчы адзначаецца з 2001 году. Гэта добрая нагода, каб узгадаць постаць Яна Паўла ІІ і задумацца над яго навучаннем.

Адна з арганізатарак Папскага дня ў Любліне Наталля Каспэрэк нагадвае, што Ян Павал ІІ вучыў, што святым можа быць кожны:

- Святасць – гэта не ідэалізм у нашым разуменні, то бок беспамылковасць, ідэальныя сябры. Гэта не тое. Гэта звычайнае жыццё, падчас якога мы стараемся быць як мага лепшым чалавекам для іншых, сваіх блізкіх. Гэта нашае штодзённае жыццё, у якое мы ўносім як мага больш дабра, добразычлівасці і любові.

Папскі дзень адзначаецца не толькі ў Польшчы, але і польскіх парафіях за межамі краіны. Цэнтральныя ўрачыстасці праходзяць у Варшаве. Папскі дзень – гэта канцэрты, конкурсы, выставы, паэтыцкія вечары, марафоны. У гэтым годзе выключнасць Папскага дня таксама заключаецца ў тым, што гэта год, калі Касцёл перажывае 100-годдзе народзін Яна Паўла ІІ.

ав


Больш на гэтую тэму: Багацце веры