Беларуская Служба

Бэатыфікацыйны працэс бацькоў Яна Паўла ІІ мог бы распачацца ў сотую гадавіну яго народзін

27.10.2019 08:09
Канферэнцыя епіскапату Польшчы згоду на пачатак працэсу выдала ў кастрычніку, і яна з'яўляецца асновай для таго, каб прасіць згоду ў Ватыкане.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneBy nieznany - Scanned from Najchętniej grał na bramce by Mieczysław Maliński, Wydawnictwo Sióstr Loretanek, Warszawa 1985, ISBN 83-85013-09-1, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=1332747

Бэатыфікацыйны працэс бацькоў Папы рымскага Яна Паўла ІІ, Эміліі і Караля Вайтылаў, мог бы распачацца ў сотую гадавіну яго народзін, у траўні будучага году. Канешне, калі Апостальскі пасад выдасць згоду на пачатак працэсу – адзначаюць у польскім касцёле.

Канферэнцыя епіскапату Польшчы згоду на пачатак працэсу выдала ў кастрычніку, і яна з'яўляецца асновай для таго, каб прасіць згоду ў Ватыкане.

Ксёндз Анджэй Сцомбэр, адказны за справы кананізацыі ў Кракаўскай архідыяцэзіі, прызнаў, што гэта будзе адзін з цяжэйшых працэсаў, паколькі з моманту смерці бацькоў папы прайшло шмат гадоў і цяжка будзе знайсці людзей, якія маглі б засведчыць пра яго святасць.

«Можна задаць пытанне, чаму працэс распачынаецца так позна. Несумненна, Яну Паўлу ІІ было б нязручна гэта рабіць і быць суддзёй ва ўласнай справе», – гаварыў ксёндз Сцомбэр. «Сямейны дом з’яўляецца фундаментам, які будуе нас. Перакананне ў святасці бацькоў Яна Паўла ІІ існуе ў архідыяцэзіі, але яно яшчэ больш моцнае далей, між іншым, сярод палякаў замежжа».

Каб бацькі Яна Паўла ІІ маглі быць абвешчаныя блаславёнымі, павінны быць праведзеныя асобныя працэсы ў справе цуду пры заступніцтве Караля і Эміліі Вайтылаў. На ўзроўні дыяцэзіі працэс можа распачацца ў траўні 2020 году, у 100-ю гадавіну народзін Яна Паўла, і будзе працягвацца 2-3 гады.

Эмілія (1884-1929) паходзіла са сціплай сям’і рамеснікаў. Караль Вайтыла (1879-1941) быў прафесійным ваеннаслужачым. Яны ажаніліся ў 1906 годзе і мелі траіх дзяцей. Самы старэйшы сын Эдмунд стаў лекарам і памёр ва ўзросце 26 гадоў ад шкарлятыны. Дачка Вольга памерла неўзабаве пасля нараджэння. Малодшы сын, Караль, стаў Папам рымскім і святым Каталіцкага касцёла.

Маці польскага папы памерла, калі Каралю было 9 гадоў. Бацька памёр падчас нямецкай акупацыі ў Кракаве, у 1941 годзе.

ав


Эмілія і Караль Вайтылы Эмілія і Караль Вайтылы
Больш на гэтую тэму: Багацце веры