Беларуская Служба

26.10.1931 г. распачаўся «брэсцкі працэс» супраць праціўнікаў Юзафа Пілсудскага

26.10.2019 10:35
Працэс праходзіў у Варшаве, а падсудных прывезлі з Брэсцкай крэпасці.
Аўдыё

Пасля травенскага вайсковага перавароту 1926 году і ўсталявання дыктатуры ў Польшчы, палітычныя дзеячы апазіцыйных партыяў вырашылі ўтварыць аб’яднаны палітычны фронт, які складаўся з партыяў левага і цэнтральнага накірунку. Гэтае аб’яднанне было ўтворана ў 1929 годзе і атрымала назву «Цэнтралеў», у якое ўваходзілі: Польская народная партыя «Вызваленне», ПНР «Пяст», Народная рабочая партыя, Польская сацыялістычная партыя, Сялянская партыя, Польская хрысціянска-дэмакратычная партыя.

Фармальным лідарам гэтай кааліцыі стаўся былы прэм’ер-міністр Польшчы Вінцэнт Вітас. Асноўнай мэтай дзейнасці гэтага саюзу было звяржэнне дыктатуры (санацыі) і вяртанне да канстытуцыйнай парламенцкай рэспублікі. Трэба зазначыць, што прадстаўнікі ўсіх гэтых партыяў, таксама як і Вітас, былі дэпутатамі Сейма і мелі шырокі ўплыў на грамадства.

Улады на чале з Пілсудскім пачалі актыўна супрацьдзейнічаць апазіцыі. Пасля таго, як пад ціскам новага прэм’ера Пілсудскага, прэзідэнт Польшчы расфарміраваў Сейм і Сенат у жніўні 1930 году, усе дэпутаты апазіцыі былі аўтаматычна пазбаўлены імунітэту.

10 верасня 1930 году па загаду Пілсудскага, які быў аўтарам спісу для арышту, адбыліся затрыманні ўсіх актыўных дзеячаў «Цэнтралеву» – 11 чалавек.

Пасля арышту іх змясцілі ў вайсковай вязніцы Брэсцкай крэпасці (што ў сённяшняй Беларусі), дзе яны ўтрымліваліся ў даволі жорсткіх умовах больш за год.

Працэс распачаўся 26 кастрычніка 1931 г. у Варшаве.

11 дзеячаў апазіцыі былі абвінавачаны ў спробе арганізацыі і рэалізацыі дзяржаўнага перавароту. Агульна працэс цягнуўся да 13 студзеня 1932 году і ўсе арыштаваныя былі асуджаны на невялікія тэрміны зняволення ад 1,5 да 3 гадоў вязніцы і штрафы. Спробы абскардзіць судовыя рашэнні вынікаў не прынеслі.

Частка асуджаных вырашыла пагадзіцца з прыгаворам суду (вельмі хутка яны былі выпушчаны), іншыя дзеячы, у тым ліку Вінцэнт Вітас, збеглі з Польшчы.

Толькі ў кастрычніку 1939 году (ужо пасьля таго, як Польшча была акупавана фашыстамі) прэзідэнт Уладыслаў Рачкевіч амніставаў усіх асуджаных у брэсцкім працэсе.

 

Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара