Беларуская Служба

У нядзелю ў многіх гарадах Польшчы пачалася дабрачынная акцыя «Дапамажы дзецям перажыць зіму»

25.11.2019 17:07
Валанцёры збіраюць розныя рэчы, якія перад каляднымі святамі будуць перададзеныя малазабяспечаным асобам.  
Аўдыё
Jeden z finałów ogólnopolskiej akcji Pomóż dzieciom przetrwać zimę
Jeden z finałów ogólnopolskiej akcji "Pomóż dzieciom przetrwać zimę"PAP/Mirosław Trembecki

Ужо 27-мы раз у Польшчы праходзіць дабрачынная кампанія пад назваю «Дапамажы дзецям перажыць зіму». Паўтысячы валанцёраў збіраюць прадукты харчавання, вопратку, цацкі ды іншыя рэчы. Нягледзячы на назоў акцыі, яна датычыць не толькі дзяцей. Дары атрымаюць як дзеці з бедных сема’яў, выхаваўчыя ўстановы для дзяцей, шматдзетныя сем’і, так і малазабяспечаныя пажылыя асобы, асабліва самотныя.

Перад святамі Божага нараджэння ў краіне праходзіць шмат дабрачынных акцый. Аднак гэтая адрозніваецца ад іншых тым, што яе арганізатары прынцыпова не збіраюць фінансавыя ахвяраванні, а толькі рэчавыя дары. Так было ад самага пачатку, а пачалося ўсё ў Любліне, калі да журналісткі Радыё Люблін Эвы Дадас (Ewa Dados) звярнулася па дапамогу дзіця са шматдзетнай сям’і.

- Прыйшоў да мяне 10-гадовы Пшэмэк, якому патрэбная была дапамога. Ён мне расказаў пра сваю сітуацыю, як у яго сям’і цяжка жывецца, не хапае элементарных рэчаў. Я адкрыла гаманец, каб даць яму грошы, ён на мяне зірнуў такім сур’ёзным позіркам дарослага чалавека і сказаў «Не, мне не патрэбныя вашы грошы, я хачу, каб вы мне дапамаглі». І так пачалася акцыя, мы былі ў Пшэмэка дома, пазней ён прыводзіў сваіх сяброў. І разам у эфіры мы звярталіся да слухачоў, казалі, што мы можам зрабіць вельмі шмат, калі падзелімся тым, што самі маем.

Ужо шмат гадоў у акацыі «Дапамажы дзецям перажыць зіму» удзельнічаюць таксама іншыя журналісты Польскага радыё. Супрацоўніца Першай праграмы Польскага радыё Малгажата Каўнацка (Małgorzata Kownacka) адзначае, што яе калегі не ўяўляюць сабе, каб адмовіцца ад такой формы дапамогі іншым.

- Там, дзе вы жывяце, вы найлепш ведаеце, што патрэбнае іншым – дзецям, іх бацькам. У гэтым годзе мы збіраем падарункі таксама для адзінокіх людзей. Гэта тыя людзі, якім зусім нялёгка жывецца, якія не спраўляюцца з цяжкасцямі, і якім будзе сумна на святы, калі мы ім не дапаможам, калі мы пра іх забудзем. Мы змагаемся за ўсмешку. Наш сімвал – сонейка з усмешкай – робіць цуды.

У акцыі ўдзельнічае пяцьсот валанцёраў, але арганізатары атрымліваюць падтрымку не толькі ад іх. Вельмі важная таксама лагістычная дапамога, без якой вельмі цяжка было б правесці збор дароў, – падкрэслівае Эва Дадас.

- Мы атрымліваем таксама масу падарункаў пад выглядам, напрыклад, транспартных сродкаў. Патрэбныя аўтамабілі, кіроўцы, каб прывезці сабраныя рэчы, а пазней паразвозіць іх па розных сем’ях. Транспартныя паслугі, а таксама бэйджыкі, эмблемы, плакаты – усё гэта мы атрымліваем бясплатна, між іншым, з паліграфіі. І гэтак далей.

Па словах Эвы Дадас, каштоўнае таксама супрацоўніцтва з дабрачыннай арганізацыяй Карытас Польшча, з мясцовымі каталіцкімі прыходамі, паколькі яны збіраюць інфармацыю пра сем’і, якім патрэбная дапамога.

 - У выніку гэтага супрацоўніцтва мы можам сказаць, што нам удаецца дабрацца да тых людзей, якім сапраўды неабходная дапамога. І гэта таксама важна для тых людзей, якія ахвяруюць сваю дапамогу, што яна не прайшла бясследна. Акрамя таго, у нашую рэдакцыю прыходзяць лісты ад розных людзей, якія просяць дапамогі. У адказ на гэтыя лісты мы рыхтуем пасылкі.

У нядзелю можна было прынесці свае падарункі ў будынак Польскага радыё па вуліцы Алея Незалежнасці ў Варшаве. Людзі прыносілі самыя розныя рэчы.

- Галоўным чынам слодычы, арэшкі для дзяцей, вяндліна, і падобныя рэчы.

- Мы прынеслі каляску для дзіцяці, як для немаўляткі, так і старэйшага. Аддаём таксама крэсла для кармлення дзіцяці, шмат вопраткі.

- Я прынёс грэцкія арэхі з уласнага ўчастку.

- Кніжкі для малых дзяцей, а нават адзін сшытак знайшоўся.

Усім, хто прынёс свае дары ў будынак Польскага радыё, дзякаваў старшыня радыёстанцыі Анджэй Рагойскі.

- Такую акцыю варта падтрымліваць, ніхто ў гэтым не сумняецца. Варта падтрымаць кожную ініцыятыву, якая нарадзілася з думкаю пра дапамогу дзецям.

Збор дароў закончыцца 23 снежня. Ганаровы патранат над акцыяй узяла на сябе жонка прэзідэнта Польшчы Агата Карнхаўзэр-Дуда, а медыя-патранат – Польскае радыё.

нг