Беларуская Служба

Сям’я патрэбная большасці людзей для адчування паўнаты жыцця

14.01.2020 15:42
Прасоўваннем сям’і як важнага элементу жыцця грамадства, займаецца польская Фундацыя мамы і таты.
Аўдыё
Сям’яPhoto: OpenClipart-Vectors /pixabay.com/CC0 Public Domain

Кожны з нас ведае яшчэ са школьнай парты, што сям’я – гэта асноўная ячэйка грамадства, над якой сваю апеку распасцірае дзяржава, яе важнейшыя органы. Сям’я – носьбіт культуры, мовы, каштоўнасцяў, традыцыі, светапогляду.

Калісьці сям’я ўпісвалася ў цыкл жыцця кожнага чалавека. Калі адзінка не заснавала сям’і, яна адчувала сябе непаўнавартасным членам грамадства, асабліва для жанчыны адсутнасць мужа і дзяцей была выключнай крыніцай дрэннага адчування. Цяпер жа сям’я перастала быць неабходным элементам споўненага жыцця, перад кожным чалавекам адкрыта шмат магчымасцяў выбару жыццёвага шляху, а сям’я і патомства – гэта толькі адзін з іх.

Тым не менш, сям’я патрэбная большасці людзей для адчування паўнаты жыцця, а для грамадства здаровыя сем’і азначаюць большы ўзровень агульнага задавальнення людзей, лепшае іх здароўе, а нават меншы ўзровень злачыннасці.

Прасоўваннем сям’і як важнага элементу жыцця грамадства, займаецца польская Фундацыя мамы і таты. Яе супрацоўнікі праводзяць даследаванні над станам польскай сям’і і выпрацоўваюць рэкамендацыі для дзяржаўных органаў, рыхтуюць таксама розныя грамадскія кампаніі і праграмы. Гаворыць старшыня фундацыі Марэк Грабоўскі.

- Нашы праграмы мы стараемся рыхтаваць такім чынам, каб яны былі зразумелыя і прывабныя для маладых людзей. Неабходна пачынаць адукацыю менавіта з маладых людзей, вучыць іх, што сям’я – гэта вялікая каштоўнасць. Я з’яўляюся членам рады сям’і, органа ў рамках Канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы. Мы стараемся рэкамендаваць ураду дзеянні, накіраваныя да моладзі, каб жыццё ў сям’і было прывабным для маладых людзей, каб яны хацелі засноўваць сям’ю, і, калі паявяцца праблемы, хацелі за свой саюз змагацца. Цяпер агулам людзі вельмі лёгка ідуць на расстанне. Хаця ў іншых сферах жыцця, калі паяўляюцца канфлікты, напрыклад, на працы, мы так хутка не рашаемся звольніцца, а сем’і распадаюцца вельмі лёгка. Магчыма, частковая прычына – у тым, што людзі маюць ідэалізаваны вобраз сям’і, які яны выбудоўваюць, гледзячы тэлебачанне, тэлесерыялы.

Фундацыя мамы і таты пачала нядаўна даследчыцкі праект, прысвечаны комплекснай прафілактыцы сямейных канфліктаў. Адзін з элементаў праекту – падрыхтоўка падручніка для маладых людзей на тэму жыцця ў сям’і і цывільных курсаў перад заключэннем шлюбнага саюзу.

- Мы пачалі працу над падручнікам у апошнім квартале мінулага году. На падставе падручніка будзем рыхтаваць курсы, пра якія вы згадалі. Адным з важнейшых элементаў падручніка будзе дыялог і адносіны ў сужонстве, будаванне трывалых адносінаў, вырашэнне крызісаў і канфліктаў. Нельга забыць таксама пра нараджальнасць, дзяцей. У Польшчы існуе магутная праблема бясплоднасці, адна пятая параў не можа мець дзяцей або мае праблемы з тым, каб цяжарнасць данасіць. Гэта вельмі сур’ёзная праблема, якая патрабуе комплекснага падыходу. Чарговая тэма – паяўленне дзіцяці ў сям’і, якія змены ў функцыянаванні двух людзей гэтая падзея выклікае. Кожны знойдзе нешта важнае ў гэтым падручніку.

У Польшчы маладыя людзі, якія рыхтуюцца ўступіць у шлюбны саюз, могуць гэта зрабіць або выключна цывільным спосабам, распісваючыся ў адпаведным дзяржаўным органе, або праз заключэнне шлюбу ў касцёле (тады ўжо не трэба распісвацца ў дзяржаўным органе). Перад касцельным шлюбам абавязкова трэба прайсці курсы падрыхтоўкі да жыцця ў сужонстве, але няма цалкам цывільных курсаў для будучых мужа і жонкі. І такія курсы, ды такі падручнік рыхтуе Фундацыя мамы і таты.

- Я падкрэсліваю, што гэта будзе падручнік цывільны, які рыхтуюць эксперты па такіх галінах, як псіхалогія, тэрапія праблем сужонстваў, адносіны ў сям’і, сацыялогія, а таксама эканоміка ці падатковае заканадаўства. Шмат канфліктаў у сям’і звязана з фінансамі, а на самой справе многія канфлікты можна лёгка вырашыць або перадухіліць, калі ведаць пра некалькі простых правілаў.

На канец размовы наш госць папрасіў звярнуцца з кароткімі навагоднімі пажаданнямі да нашых слухачоў.

- А цяпер я хацеў бы прывітаць усіх слухачоў Беларускай службы польскага радыё на беларускай мове. Жадаю вам, дарагія сябры, усяго самага добрага ў Новым годзе, каб Вашы мары споўніліся, каб ваша сям’я, вашы блізкія давалі вам шмат радасці ў той няпросты час, калі прыйшлося нам жыць.   

Жадае старшыня Фундацыі мамы і таты Марэк Грабоўскі.

нг