Беларуская Служба

Пачынаючы працу за мяжой, неабходна праверыць, ці працадаўца правільна аформіў усе дакументы

28.01.2020 11:35
Наколькі гэта важна, пацвярджае прыклад беларуса, у якога здарыўся інсульт у Польшчы.
Аўдыё
Зміцеру Шэвелю патрэбная дапамогафота: ПБНФ

Як мы ўжо паведамлялі ў нашых перадачах, грамадскага актывіста Зміцера Шэвеля напаткала ў Польшчы бяда – 15 студзеня падчас знаходжання ў Торуні ў яго здарыўся інсульт. Яму была зробленая аперацыя ў польскім шпіталі, пасля якой пацыент знаходзіцца ў цяжкім стане. Зміцер Шэвель – сябра незалежнага прафсаюзу РЭП і сябра БНФ, быў звольнены ў Беларусі з працы за грамадскую дзейнасць і вымушаны шукаць працу за мяжой.

Разам са Зміцерам працу ў Торуні распачала жонка Таццяна. Інсульт здарыўся, калі пара адпрацавала ўжо больш за тыдзень. Сітуацыя ўскладняецца тым, што прыбыўшы на месца працаўладкавання, Зміцер яшчэ не займеў медычнай страхоўкі (працадаўца тлумачыў жонцы, што яшчэ не паспеў аформіць дакументы). У выніку, апроч цяжкога стану здароўя, паўстала патрэба весці юрыдычныя спрэчкі з працадаўцам, што вымагае ведання польскай мовы. За медычную дапамогу сям’і Зміцера налічылі вялізныя кошты.

На шчасце, знайшліся людзі, якія працягнулі руку дапамогі Таццяне ў гэтую цяжкую хвіліну, пачалі збіраць грошы на аплату прабывання Зміцера ў шпіталі і на пражыванне яго жонкі ў Торуні. Таццяна кажа, што яна вельмі ўдзячная гэтым асобам, большасці з якіх яна нават ня ведае, і таксама вельмі ўдзячная польскім дактарам, якія ратавалі жыццё яе мужа.

- Яны вельмі добра да мяне ставяцца, выдатна апякуюцца Зміцерам. Я ўбачыла сапраўдную медыцыну ў Польшчы, у параўнанні з Беларуссю. Я бачыла, як цешылася доктар, калі я сказала ёй, што ў мяне ўжо ёсць страхоўка з 22-га чысла. Нам дапамаглі ўсе нашы сябры з Беларусі. Я нават не чакала, што атрымаю столькі падтрымкі. Гэта быў ланцужок дапамогі. І беларусы з Варшавы дапамагалі, і дапамагаюць, звоняць, пытаюць. Я гэтага не чакала. Хтосьці знайшоў студэнта, які вучыцца ў Торуні, адзінага, я вельмі за яго ўдзячная, вельмі мне дапамог.

Вялізную дапамогу аказаў Таццяне ды яе мужу таксама іншы торуньскі беларус Станіслаў Стэсік. У Станіслава прыватная кампанія, якая займаецца працаўладкаваннем, у тым ліку беларусаў ці ўкраінцаў. Станіслаў дапамог Таццяне аформіць медычную страхоўку, звярнуўся ў адпаведныя польскія дзяржаўныя органы са скаргай на працадаўцу, які не аформіў для сваіх працаўнікоў рэгістрацыю ў Кампаніі сацыяльнага страхавання (Zakład Ubezpieczeń Społecznych – ZUS), хаця гэта – яго юрыдычны абавязак. Станіслаў звяртае ўвагу на тое, што многія замежнікі, у тым ліку беларусы, трапляюць у Польшчы ў складаныя сітуацыі.

- Тое, што здарылася, гэта вельмі вялікая праблема. Чалавек трапіў у шпіталь у вельмі цяжкім стане. Іншае – як працадаўца паставіўся да гэтай сітуацыі. Таццяну, жонку, выкінулі з кватэры, яна без страхоўкі. Беларускія працаўнікі, якія прыязджаюць у Польшчу, сустракаюцца з самымі рознымі праблемамі. Вельмі часта здараюцца цяжкасці. Канешне, можа, не такія сур’ёзныя, часцей па дурноце саміх працаўнікоў, з-за алкаголю, але (калі гэта здарылася падчас працы – нг) за ўсё адказвае працадаўца.

Беларускі дом у Варшаве даў аб’яву на сваім інтэрнэт-сайце з просьбай аб дапамозе Зміцеру. Ён прадставіў свой рахунак для збору фінансавых сродкаў. Па словах старшыні Беларускага дома Алеся Зарэмбюка, грашовыя пераводы зрабіла некалькі дзясяткаў асоб (каля 40). Наш суразмоўца адзначае, што прыклад Зміцера Шэвеля – гэта перасцярога для іншых беларусаў, каб, едучы на працу за мяжу, яны правяралі, ці працадаўца правільна аформіў усе дакументы.

- Ёсць такая думка, наколькі важна ў свайго працадаўцы праверыць, ці ён вас зарэгістраваў у польскім ЗУСе, ці ў вас ёсць медычная апека. Вельмі шмат замежнікаў працуе на будоўлі, дзе нешчаслівыя выпадкі здараюцца часта. Беларусаў з кожным годам у Польшчы ўсё больш. У Варшаве гэта другая па колькасці група замежнікаў, пасля ўкраінцаў. Мы прыглядаемся да кожнай сітуацыі і стараемся дапамагаць. Наш асноўны прынцып – каб беларуская дыяспара была свядомай і ўсё больш арганізаванай. І калі здараюцца такія сітуацыі, каб мы маглі дапамагчы свайму суайчынніку. Патрэбная інфармацыя, а ў дадзеным выпадку неабходна праверыць, чаму працадаўца не зарэгістраваў свайго працаўніка ў ЗУСе.

Варта адзначыць, што Таццяна звярталася ў беларускае пасольства ў Варшаве з просьбаю аб дапамозе. На жаль, ніякай падтрымкі ў дыпламатычным прадстаўніцтве сваёй дзяржавы яна не атрымала.

нг