Беларуская Служба

Сярод 193 прэм'ер-міністраў на свеце толькі 10 жанчын

06.03.2020 14:55
Паводле дакладу ААН, каб дайсці да поўнай роўнасці паміж жанчынамі і мужчынамі, чалавецтву спатрэбіцца яшчэ 257 гадоў.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/Pressmaster

Gazeta Wyborcza піша пра даклад Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, у якім эксперты аналізуюць стаўленне грамадстваў розных краін да жанчын. Сур’ёзная прадузятасць да жанчын назіраецца ў выказваннях 90% людзей. Эксперты апыталі жыхароў 75 краін. Аказалася, што шматлікія людзі асуджаюць жанчын толькі за тое, што яны жанчыны, мяркуючы, што мужчыны – лепшыя палітыкі, бізнесмены, у іх больш права працаваць, а некаторыя нават кажуць, што, калі трэба, яны маюць права біць жонку (так адказала 28% апытаных).

З дакладу вынікае, што ў некаторых галінах сітуацыя жанчын значна палепшылася, але ў іншых шмат яшчэ трэба зрабіць. «Нягледзячы на вялікі прагрэс, няма сёння на свеце краіны, беднай ці багатай, якая дасягнула б поўнай роўнасці полаў. Надалей жанчыны і дзеўчыны адчуваюць дыскрымінацыю ў такіх галінах, як здароўе, адукацыя, рынак працы ці праца дома, што абмяжоўвае іх свабоду. Каэфіцыент палавой няроўнасці (Gender Inequality Index) паказвае, што, каб дайсці да поўнай роўнасці ў эканоміцы паміж жанчынамі і мужчынамі, чалавецтву патрэбныя яшчэ 257 гадоў», – напісалі аўтары дакладу.

У розных краінах свету ў сярэднім жанчыны займаюць толькі 24% месцаў у парламентах, са 193 прэм’ер-міністраў толькі 10 – жаночага полу, з усіх наймальнікаў на свеце 21% – жанчыны, яны складаюць 12% мільярдэраў і менш за 6% кіраўнікоў 500 самых буйных біржавых кампаній свету.

нг