За межамі Польшчы пражываюць дзясяткі мільёнаў чалавек польскага паходжання. На працягу стагоддзяў было нямала хваляў масавай эміграцыі з Польшчы, па розных прычынах – войнаў, эканамічнага крызісу, пошуку лепшай долі. Многія палякі замежжа, асабліва з інтэрнацыянальных сем’яў, ужо не размаўляюць на польскай мове або ведаюць мову продкаў вельмі слаба.
Польская дзяржава стараецца падтрымліваць ініцыятывы, якія дазваляюць людзям з польскімі каранямі ў розных кутках свету не забываюць пра сваё паходжанне, не страчваць сувязі з айчынай продкаў.
Якім чынам польскія ўлады дапамагаюць палякам замежжа захаваць сваю тоеснасць? Пра гэта мы спыталі прадстаўніка міністэрства замежных спраў – дырэктарку Дэпартаменту па пытаннях палякаў за мяжой Івону Казлоўскую (Iwona Kozłowska).
- Палякі, якія пражываюць за межамі нашай дзяржавы, маюць розныя патрэбы. У залежнасці ад разнавіднасці патрэбаў, дзяржава стараецца на іх адказваць. На першым месцы, канешне, трэба паставіць адукацыю. Гэта перш за ўсё інвестыцыя ў навучанне польскай мове, але разам з ведамі пра нацыянальную тоеснасць. Для палякаў атрыманне ведаў пра гісторыю сваёй першай айчыны, культуру і традыцыі Польшчы вельмі важна і каштоўна. Такім чынам мы даем магчымасць палякам захаваць сваю тоеснасць, перадаць яе наступным пакаленням. Таму мы актыўна падтрымлівае розныя формы навучання польскай мове за межамі Польшчы. Часцей за ўсё гэта школы пры розных польскіх арганізацыях. Напрыклад, у адной Вялікабрытаніі кожны год нараджаецца каля 20 тыс. дзяцей польскага паходжання. Гэта вялізны капітал, вялізны патэнцыял, гэта наш скарб. Мы павінны пра яго памяць і клапаціцца, каб не страціць гэтых дзяцей для польскасці і для Польшчы.
Мова – гэта прыкмета прыналежнасці чалавека да нейкай нацыі. Ці гэта аўтаматычна азначае, што асобы польскага паходжання, якія не размаўляюць на польскай мове, перастаюць быць палякамі, ці польскія ўлады перастаюць іх лічыць палякамі? Не, гэта не так. Калі яны самі лічаць сябе палякамі, то нават адсутнасць валодання польскай мовай – не перашкода, – пераконвае госць Польскага радыё.
- Польская мова вельмі важная, але для нас, для польскага міністэрства замежных спраў, важна таксама тое, каб Польшча была адкрытая для тых асобаў польскага паходжання, якія ў сваёй біяграфіі маюць польскіх продкаў, але самі яны не гавораць па-польску. Гэтае асяроддзе для нас вельмі істотнае, і за яго мы намераны пазмагацца. Якім чынам? Перш за ўсё запрашаючы маладых людзей польскага паходжання, нават калі яны не размаўляюць на польскай мове, у Польшчу. Я маю на ўвазе моладзь перш за ўсё з такі краін, як Бразілія, Аргентына, Злучаныя Штаты Амерыкі. У ЗША пражывае каля 10 млн. палякаў, шмат маладых людзей польскага паходжання не ведае польскай. Аднак для нас гэтая група не страціла сваёй прывабнасці, мы пра яе памятаем, рыхтуем для яе розныя праграмы, у тым ліку прабывання ў Польшчы. Гэтыя праграмы, магчыма, многім людзям дазволяць нанава адкрыць свае польскія карані і ўмацаваць сваю польскую тоеснасць.
Сітуацыя палякаў у розных краінах свету выглядае па-рознаму. І патрэбнасці іх розныя. Нас, канешне, цікавіць перш за ўсё сітуацыя палякаў у Беларусі. Як мы ведаем, ужо 15 гадоў у краіне значна ўскладнена праца польскіх арганізацыяў, паколькі існуюць два саюзы палякаў – адзін афіцыйны, якога не прызнаюць польскія ўлады, а другі, у сваю чаргу, атрымлівае падтрымку з боку Польшчы, але яго не жадае прызнаць беларускае кіраўніцтва. Ці ў такіх абставінах у палякаў Беларусі ёсць дастатковыя магчымасць, каб вывучаць польскую мову і культуру?
- У Беларусі дзейнічае шмат школаў, дзе можна вучыць польскую мову. Ствараюцца таксама курсы польскай мовы ў невялікіх населеных пунктах, дзе ёсць попыт. Так што, калі нехта хоча вывучыць польскую мову, ён знойдзе такую магчымасць. Мы, польская дзяржава, таксама аказваем падтрымку ў арганізацыі такога навучання. Дарэчы, трэба сказаць, што польска-беларускі абмен становіцца ўсё больш інтэнсіўным, усё больш маладых людзей з Беларусі прыязджае ў Польшчу вучыцца ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Часта гэта асобы з польскімі каранямі, Картай паляка, але не толькі. Так што ў Беларусі ёсць магчымасці, каб пазнаваць польскую мову і культуру.
Меркаваннем прадстаўніцы МЗС Польшчы Івоны Казлоўскай, такія маладыя людзі, якія вучыліся ў Польшчы, а пазней вярнуліся ў Беларусь, становяцца свайго роду пасламі польскай справы ў краіне пражывання.
нг