11 красавіка 1927 году была прынята новая Канстытуцыя БССР
Гэта была другая канстытуцыя БССР, першая была прынята ў 1919 годзе пасля абвяшчэння Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Першая канстытуцыя больш нагадвала дэкларацыю.
Дыктатура пралетарыяту
Новая канстытуцыя была, хутчэй, праўным дакументам, які гарантаваў правы не грамадзянаў, а дыктатуру пралетарыяту. Як было запісана ў першым артыкуле гэтай канстытуцыі: «яна ставіць сваёй задачай гарантаваць дыктатуру пралетарыяту ў мэтах падаўлення буржуазіі, знішчэння эксплуатацыі чалавека чалавекам і ажыццяўленне камунізму».
Канстытуцыя пазбавіла правоў вялікую частку грамадства
Канстытуцыя выключала вялікую групу людзей, якія пазбаўляліся грамадска-палітычных правоў
Дзеля абароны правоў пралетарыяту і працоўнага народу, прадстаўнікі ўсіх іншых сацыяльных групаў ці класаў былі максімальна абмежаваны ў сваіх правах. Так, артыкул 19 гэтай канстытуцыі абвяшчаў: «Кіруючыся інтарэсам працоўных, БССР пазбаўляе некаторых асобаў і асобныя групы людзей правоў, якімі яны карыстаюцца, у дабро інтарэсам сацыялістычнай рэвалюцыі».
Былі цэлыя катэгорыі людзей, якія не мелі права абірацца на ніякіх выбарах у кіруючыя ворганы савецкай рэспублікі. Канстытуцыя пералічала наступныя катэгорыі: «асобы якія карысталіся і атрымоўвалі прыбытак ад наёмнай працы», «асобы, якія жылі на не працоўныя даходы, з капіталу, з рэнты і гэтак далей», «прыватныя гандляры, гандлёвыя і камерцыйныя пасрэдніцкі», «манахі і духоўныя асобы, святары ўсіх рэлігійных веравызнанняў», «былыя служачыя і агенты паліцыі, асобнага корпусу жандараў і ахоўнага аддзялення, сябры царскага расейскага дому, асобы якія кіравалі дзейнасцю паліцыі і іншых каральных ворганаў». Гэтыя людзі таксама не маглі служыць у войску.
Канстытуцыя забяспечвала новую ўладу ад апазіцыі
Канстытуцыя абмяжоўвала правы вельмі значнай часткі насельніцтва краіны, і такім чынам палітычна забяспечвала новую ўладу ад магчымай апазіцыі. Потым большасць прадстаўнікоў непралетарскага паходжання было знішчана падчас рэпрэсіяў. Але канстытуцыя ўжо закладала праўную аснову пад гэтыя рэпрэсіі, бо не бараніла правоў людзей, а толькі класу.
Пазітывы канстытуцыі 1927 г.
Канстытуцыя афармляла права БССР на выхад з СССР, але як мы ведаем, гэтым правам Беларусь ніколі не карысталася. Таксама, абвяшчалася роўнасць моваў, якімі карысталіся меншасці, якія пражывалі ў Беларусі. Беларуская, польская, габрэйская, і расійская мовы з’яўляліся мовамі па статусу дзяржаўнымі, а беларуская мова ў дадатак станавілася працоўнай мовай дзяржаўных устаноў, па сутнасці, была афіцыйнай мовай. Іншымі словамі, у 1927 годзе, беларуская мова мела большыя правы і пазіцыю, чым зараз.
Павал Усаў