Беларуская Служба

18.04.1518 г. Бона Сфорца выйшла за муж за польскага караля

18.04.2020 10:16
18 красавіка 1518 у Кракаве адбыўся шлюб Боны Сфорцы з каралём Рэчы Паспалітай Жыгімонтам Старым.
Аўдыё
  • 18.04.1518 г. Бона Сфорца выйшла за муж за польскага караля
   , 1521
Гравюра з выявай Боны, 1521https://commons.wikimedia.org/wiki/File:Bona_Sforza_in_1517.jpg

Бона Сфорца нарадзілася ў 1494 годзе ў адной з самых вядомых і магутных сем’яў тагачаснай Італіі, уладальнікаў Мілану.

Асноўнай прычынай таго, чаму Бона Сфорца была выдадзена замуж за караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта І Старога, былі менавіта інтрыгі ў Міланскім герцагстве. Бацька Боны ў выніку інтрыг свайго брата згубіў уладу і сям’я Боны павінна была пакінуць Мілан. Бацька Боны Джавані-Галеаца Сфорца памёр, калі яму было 25 год, магчыма быў атручаны. Каб аднавіць магутнасць і ўплывы ў Мілане, маці Боны пачала шукаць выгадны шлюб для сваёй дачкі. Адным з кандыдатаў стаў Жыгімонт І.

Шлюб адбыўся 18 красавіка 1518 году ў Кракаве. Жыгімонту было 54 гады, а маладой герцагіне 24.

Бона зачароўвала не толькі прыгажосцю, але інтэлігенцыяй. Яшчэ ў Італіі, яна атрымала выдатную адукацыю па гісторыі, эканоміцы, геаграфіі, а акрамя таго, мела псіхалагічныя здольнасці ўплываць на людзей.

Бона пачала замацоўваць свае ўплывы на двары

Пры дапамозе інтрыг яна шукала прыхільнікаў. Дзякуючы гэтаму ўтварыўся трыумвірат, у які ўваходзілі Пётр Кміта (вялікі маршалак каронны), Андрэй Кшыцкі (кардынал) і Пётр Гамрат (кардынал).

Асноўнай мэтай, якую ставіла перад сабой каралева Бона, было ўмацаванне каралеўскай улады, а для гэтага было неабходна пашырэнне каралеўскага землеўладання, якія б прыносілі сталыя даходы ў казну.

За некалькі гадоў Бона набыла землеўладанні не толькі на тэрыторыі Польскага Каралеўства, але таксама і ў Вялікім Княстве Літоўскім – Княствы Кобрынскае і Пінскае, Гарадзенскае стараства, гарады Бельск, Нараў, Сураж, Пружаны і іншыя. Таксама каралева атрымала кантроль над зборам мыта ў ВКЛ, што значна павялічыла яе даходы. Толькі з земляў ВКЛ Бона атрымлівала 36 тыс. дукатаў у год.

Бона зрабіла вялікі ўнёсак у развіццё беларускіх зямель

Дзякуючы таму, што даволі многа гарадоў, мястэчак і вёсак у Беларусі прыналежылі каралеве Боне, гэта паўплывала на іх развіццё. Напрыклад, у Горадні пачалі масціць вуліцы, з’яўляецца вадаправод, гандлёвы пляц. У іншых гарадах будуюцца касцёлы, палацы (дарэчы слова «палац», таксама прыйшло ў беларускую мову менавіта ў гэты перыяд з італьянскай мовы), школы, каналы. Адзін з іх пабудаваны каля Кобрына называецца канал Боны. Нажаль, шмат з палацаў і замкаў пабудаваных каралевай Бонай не захаваліся, напрыкалад, палац у Рагачове і Смалянах. Дзякуючы яе ўплывам і дапамозе ў Кракаве ў 1523 годзе была выдадзена кніга Мікалая Гусоўскага «Песня пра зубра»

Тым ня менш, спробы цэнтралізацыі і ўмацавання каралеўскай улады вельмі негатыўна ўспрымаліся шляхтай Рэчы Паспалітай. У каралевы з’явілася шмат ворагаў, пра яе распускалі жудасныя чуткі. Так, у тыя часы казалі, што яна, каб захаваць сваю прыгажосць купалася ў крыві нявінніц, і дзеля гэтага было іх забіта каля 300. Па прычыне таго, што каралева была амаль на 30 год малодшай ад караля, хадзілі чуткі што ў яе ёсць свой гарэм з жаўнераў. Калі каралю аб гэтым данеслі, ён загадаў усіх каханкаў пакараць. Каралева вымаліла прабачэнне для 3, 9 і 27 каханка. Адсюль як кажуць, з’явіўся звычай падымаць трэці тост і дзевяты за каханне і жанчын.

Бона і Барбара Радзівіл

Барбара была другой жонкай сына Боны Жыгімонта ІІ Аўгуста. Ад самага пачатку шлюб выклікаў супраціў Боны, бо па-першае Жыгімонт ажаніўся насуперак волі маці, патаемна, а па-другое, дзякуючы гэтаму шлюбу пашыраліся ўплывы роду Радзівілаў, чаго не жадала ні каралева, ні польская шляхта.

На баку Боны быў і бацька Жыгімонта, Жыгімонт Стары, які забараніў сваім падданым прызнаваць гэты шлюб. Тым няменш, пасля смерці караля ў 1548 годзе, шлюб быў прызнаны афіцыйна, а ў 1550 годзе адбылася каранацыя Барбары. Аднак праз два месяцы Барбара памірае ад невядомай хваробы. Адразу паявілася версія, якая і па сённяшні дзень застаецца самай папулярнай, што каралеву Барбару атруціла Бона.

Бона і яе сын

Пасля смерці Барбары Радзівіл паміж сынам і маці пачынаецца моцны канфлікт, які прычыніўся да таго, што ўплывы Боны пачалі паслабляцца. У 1556 годзе яна вырашыла вярнуцца на радзіму. З сабой яна забрала ўвесь свой маёнтак не толькі грошы, але мэблю, карціны і іншыя рэчы. Кажуць, што ўсё дабро вязло 26 вазоў.

Бона вяртаецца на радзіму

Праз год, пасля таго, як Бона вярнулася на радзіму ў горад Бары, яна была атручана сваёй прыбліжанай асобай Джаванні Ларэнца Папакодай. Прычынай забойства сталася тое, што каралева пазычыла іспанскаму каралю Філіпу Габсбургу 430 тыс. дукатаў. Кароль, каб не аддаваць доўг, вырашыў проста атруціць каралеву, што і было зроблена ў 1557 годзе.

Змены, якія прынесла з сабой у Польшчу Бона

Не гледзячы на супярэчлівыя ацэнкі дзейнасці Боны Сфорцы, яна безумоўна паўплывала на развіццё польскай і беларускай культуры. Таксама, у пэўным сэнсе яна прынесла некаторыя змены ў шляхецкі этыкет і ў польскую кухню, прадукты, якія ў той час не ўжываліся: морква, салера, італьянскую капусту, лук-парэй. Сумесь гэтай агародніны атрымала назву «влошчызна», ад слова Włochy, што па-польску азначае Італія. Акрамя гэтага, на сталах літоўскай і польскай шляхты з’явіліся памаранчы, лімоны, аліўкі, ізюм. Таксама з’явіўся сталовы прыбор відэлец. Варта прыгадаць, што з Рэчы Паспалітай відэлец трапіў у Масковію і нават у Францыю.

Павал Усаў

Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара