Беларуская Служба

Кватэру, у якой нарадзіўся Ян Павал ІІ, у апошнім часе наведалі 240 тыс. чалавек

17.05.2020 11:50
18 траўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Яна Паўла ІІ.
Аўдыё
  • Кватэру, у якой нарадзіўся Ян Павал ІІ, у апошнім часе наведалі 240 тыс. чалавек
Зал Вайтылаў фота: domjp2.pl

Яшчэ перад эпідэміяй планавалася, што святкаванні пройдуць на высокім узроўні, нават на дзяржаўным. Эпідэміялагічная сітуацыя памяняла планы.

У сённяшняй перадачы запрашаем наведаць Сямейны дом Яна Паўла ІІ ў Вадавіцах, у малым гарадку ў паўднёвай Польшчы. Музей распачаў сваю дзейнасць 9 красавіка 2014 году. У апошнім часе пляцоўку наведалі 240 тысяч пілігрымаў з 93 краін. Часцей за ўсё ў Вадавіцэ прыязджаюць з Італіі, Францыі, Іспаніі і ЗША.

Новая сталая экспазіцыя – гэта сучасная, мультымедыйная выстава, якая не толькі дазваляе пазнаёміцца з жыццём, дзейнасцю і навучаннем чалавека, які памяняў воблік сучаснага свету, але гэта таксама падарожжа ў сучасную гісторыю Польшчы. Яе аўтарамі з’яўляюцца Барбара і Яраслаў Клапуты. Яны адзначаюць, што постаць Яна Паўла ІІ, паказаная ў музеі, гэта не чарговы помнік папе, але гэта чалавек з крыві і косці.

Каля 1200 квадратных метраў паверхні на чатырох паверхах будынку, падзеленыя на 16 зон, якія вядуць слядамі жыцця Караля Вайтылы, пазней Яна Паўла ІІ. Самай важнай зонай, сэрцам музею, з’яўляецца кватэра Вайтылаў, у якой Караль прыйшоў на свет і пражыў 18 гадоў.

Расказвае экскурсавод музею Мар’я Задора:

- Мы знаходзімся ў кватэры Вайтылаў. Яны засяліліся сюды ў 1919 годзе і занялі тры пакоі. Самы вялікі – гэта зал. У ім ёсць некалькі аўтэнтычных экспанатаў – гэта паліца на кнігі, чорна-белыя здымкі мамы, брата, бацькі Караля, альбом для фотаздымкаў, некалькі элементаў посуду, вазы, прыгожая торбачка, з якой напэўна хадзіла спадарыня Вайтыла. На здымку з сынам Эдмундам жанчына трымае ў руках гэтую сумачку. Пасля гэтая яна апынулася тут. Спачатку сумачка была на вуліцы Францішканскай, а кардынал Дзівіш перадаў яе сюды. Гэта каштоўны экспанат. Тут ёсць кулон пані Вайтылы. Мы ведаем, што Ян Павал ІІ меў яго з сабой у Ватыкане, як такі талісман. Пані Вайтыла шмат вышывала, таму мы бачым зробленыя ёй сурвэткі. Такім чынам інтэр’ер, у тым ліку карціны, кафляная печка, вельмі напамінаць тое, як сапраўды гэтая памяшканне магло выглядаць. Гэты быў самы вялікі пакой.


Кватэра Вайтылаў Кватэра Вайтылаў

Акрамя залу была спальня. Яна звычайна робіць вялікае ўражанне на наведвальніках, таму што гэта месца нараджэння святога Яна Паўла ІІ. Тут 18 траўня 1920 году пасля 17.00 нарадзіўся Караль Вайтыла.

-Ёсць арыгінальны абразок, памятка першая Святой камуніі Караля. Невялікі пакоік, пісьмовы стол, кнігі, не аўтэнтычныя, але, магчыма, калісьці тут так было. Гэта быў другі пакой, а трэцім была кухня. У гэтую кватэру ўваходзілася праз кухню. Каля дзвярэй была святая вада, трэба было перад уваходам перахрысціцца. Тут аўтэнтычнымі з’яўляюцца ракавіна, корпус печкі, ёмкасці на воцат, аліву. Астатнія элементы інтэр’еру набліжаюць да тых часоў, калі кухню малявалі блакітнай фарбай, дэкарацыйныя тканіны на сценах, розныя каробачкі, збанкі. Цікава, што праз вакно кухні быў бачны гадзіннік на бакавой сцяне касцёла, на якой ёсць напіс: «Час уцякае, вечнасць чакае». Святы Айцец успамінаў пра гэты гадзіннік.

Музей Сямейны дом Яна Паўла ІІ пачаў працу ў 2014 годзе. Аўтарамі экспазіцыі з’яўляюцца Барбара і Яраслаў Клапуты. Яраслаў гаворыць, што самым простым ключом наведвання музею з’яўляецца вандроўка з Янам Паўлам.

-Ведаючы, што выстава будзе знаходзіцца ў месцы, дзе нарадзіўся Караль Вайтыла, перад нашымі вачамі быў вобраз каменя, які кінулі ў ваду, і вакол яго расходзяцца колы. І месца народзін стала такім цэнтрам. Калі мы ідзем па выставе, то паяўляюцца: Малая Айчына, Вадавіцэ, ваколіцы, горы, Кальварыя, пасля Кракаў, Польшча, Рым, а потым і цэлы свет. Гэта адзін з ключоў, які мы можам знайсці, вандруючы па залах музею. Другім было паказанне Яна Паўла ІІ так, каб ён не стаў для нас помнікам, такім святым, недатыкальным, далёкім. Мы шукалі і паказвалі такія моманты, дзе кожны з нас, праглядаючы здымкі, фрагменты фільмаў, мог бы падумаць: я ведаю гэтыя сцэны, гэта мог бы быць кожны з нас. Мы хацелі наблізіць яго, паказаць цёплы вобраз. Шмат старацца не прыйшлося, бо Караль Вайтыла такім быў, толькі трэбы было дзесьці знайсці адпаведныя моманты.


Музей Яна Паўла ІІ у Вадавіцах Музей Яна Паўла ІІ у Вадавіцах

На канцы выставы можна пачуць адказ на пытанне: Чаму Ян Павал ІІ з’яўляецца святым? На вялікай мультымедыйнай дошцы знаходзяцца фотаздымкі розных людзей, вядомых і неабавязкова. Дакранаючыся да здымка можа даведацца, як на пытанне адказвае гэтая асоба.

Наведвальнікі могуць скарыстацца мультымедыйным гардэробам, які на хвіліну дазволіць перанесціся ў часе ў 20-30-ыя гады ХХ стагоддзя. Віртуальна можна апрануцца ў вопратку розных людзей у часах, калі жыў Караль Вайтыла. Для наймалодшых падрыхтаваны рухомы драўляны тэатр, які ў скароце расказвае пра жыццё Папы паляка – ад народзін у Вадавіцах да радасці ў небе.

Старонка музею: domjp2.pl. Фотаздымкі са старонкі музею.

ав


Больш на гэтую тэму: Багацце веры