Пандэмія каранавіруснай інфекцыя затрымала жыццё ў многіх краінах свету. Улады розных дзяржаваў паступалі і паступаюць па-рознаму. Адны на пачатку разлічвалі на тое, што іх пранясе і ўдасца стрымаць хваробу невялікімі коштамі (Беларусь), іншыя аддалі вірусу тысячы ахвяр, але затое ўратавалі нацыянальную эканоміку (Швецыя), некаторыя хацелі будаваць «стадны» імунітэт (Вялікабрытанія), але пазней ад гэтай ідэі адмовіліся. Іншыя ж увялі вельмі жорсткія меры ўжо пры невялікай колькасці хворых.
Так сталася ў Польшчы, дзе з сярэдзіны сакавіка жыццё рэзка змяніла сваю хуткасць, амаль спынілася. Цяпер спецыялісты кажуць, што ў Польшчы дасягнутае ўжо так званае плато, гэта значыць, колькасць новых захворванняў утрымліваецца прыкладна на аднолькавым узроўні, гэта значыць, можна паступова адмяняць абмежаванні. З панядзелку ў краіне працуюць вялікія гандлёвыя цэнтры, з 6 мая павінны аднавіць дзейнасць дзіцячыя садкі і яслі. Але не ўсе ўстановы дадзенага тыпу адразу вернуцца да працы. Пра тое, ці адкрыць садок або яслі, вырашыць муніцыпалітэт, які адказвае за дзейнасць такіх устаноў. Усё залежыць ад таго, ці ў садку ці яслях можна будзе бяспечна прыняць дзяцей.
У сераду дзіцячыя ўстановы адкрые між іншым горад Жэшаў на паўднёвым усходзе Польшчы. Тым не менш, не ўсе дзеці змогуць адразу прыйсці ў садок. Справа ў тым, што паводле ўрадавых рэкамендацый, у групе не павінна прабываць у адным часе шмат дзяцей. Таму ў першую чаргу апекай змогуць скарыстацца дзеці медычных работнікаў, паліцэйскіх і супрацоўнікаў гандлю, – тлумачыць прэс-сакратар гарадской ратушы Мацей Хладніцкі.
- У групах, дзе дзяцей будзе больш, чым садок зможа прыняць, бацькам прыйдзецца запоўніць спецыяльную заяву. У дакуменце яны напішуць, дзе яны працуюць і на якой пасадзе.
Не ўсе муніцыпальныя органы вырашылі адкрыць садкі і яслі з 6 мая. Установы застануцца закрытымі, напрыклад, у Ольштыне. Па інфармацыі ўладаў, дзеці змогуць вярнуцца ў калектывы толькі ў другой палове мая або пазней. Улады рыхтуюцца адкрыць установы, але гэта немагчыма без выпрацавання адпаведных працэдураў, – адзначае прэс-сакратар гарадской управы Марта Барташэвіч.
- Мы павінны распрацаваць адпаведныя нормы. Неабходна ўвесці канкрэтныя прынцыпы, якія дазволяць нам клапаціцца пра жыццё і здароўе. Пакуль што ў нас яшчэ вельмі шмат сумненняў – якім чынам дэзынфекаваць усе памяшканні, ці частка дзяцей можа прыйсці ў садок, а частка павінна застацца дома, як казалі прадстаўнікі дзяржаўных уладаў. Паводле якога прынцыпу падбіраць дзяцей, якім чынам гарантаваць бяспеку дзецям, у якіх назіраюцца розныя хранічныя хваробы.
Паводле рэкамендацый Санэпіду, у адной групе дзіцячага садка не павінна быць больш, чым 12 дзяцей (з магчымасцю павялічыць у выключных выпадках на двое дзяцей). У сваю чаргу з памяшканняў, дзе прабываюць дзеці, неабходна вынесці ўсе прадметы, у адносінах якіх немагчыма правесці працэдуру дэзынфекцыі. Гэта значыць, што малечы ўжо не змогуць прыносіць з сабою ў садок уласныя цацкі, напрыклад, плюшавыя, без якіх некаторыя дзеці не ўяўляюць сабе жыцця. Персанал, што займаецца дзецьмі, прымушаны насіць санітарныя маскі і пальчаткі.
Паўстрымалася ад адкрыцця садкоў і ясляў між іншым Варшава. Па словах мэра сталіцы Рафала Тшаскоўскага, у муніцыпальных органаў няма адпаведных інструментаў, якія дазваляюць ацаніць, ці санітарна-эпідэміялагічная сітуацыя ў Варшаве настолькі бяспечная, што дазваляе зрабіць такі крок. Па інфармацыі мэра, у варшаўскія садкі ходзіць амаль 57 тыс. дзяцей, у іх працуе звыш 13,5 тыс. чалавек абслугі. Менавіта іх здароўе і бяспека стаіць на першым месцы. Тшаскоўскі нагадвае, што цяжка патрабаваць, каб малыя дзеці насілі маскі і захоўвалі дыстанцыю ў 1,5-2 метры, як рэкамендуюць спецыялісты.
Улады даюць бацькам выбар – калі хтосьці баіцца пасылаць сваё дзіця ў садок, ён можа пакінуць яго дома. У такой сітуацыя мама або бацька дзіцяці змогуць атрымаць грашовую дапамогу на дзіця, – абяцала надоечы міністр сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Марлена Малёнг.
- З аднаго боку мы стараемся здымаць абмежаванні, каб людзі маглі вяртацца на працу. Муніцыпальныя органы маюць магчымасць адкрываць дзіцячыя садкі і яслі. З іншага боку, калі хтосьці з бацькоў не жадае высылаць дзіця ва ўстанову апекі, ён можа застацца з ім дома. Да 24 мая ёсць магчымасць атрымаць грашовую дапамогу на дзіця, якому не споўнілася яшчэ васьмі гадоў.
Ці адкрыццё садкоў не выклікае росту колькасці захворванняў? Аб гэтым стане вядома праз тыдзень-два.
ІАР ПР/нг