Беларуская Служба

Пасля самаізаляцыі людзі ахвотней пачалі шукаць сабе жыццёвага партнёра

02.06.2020 09:00
Калі адзінокім прыйшлося пабыць у прымусовай ізаляцыі, гэтая адзінота аказалася не такой прыемнай, як магло здавацца раней.
Аўдыё
Ілюстрацыйнае фотаPixabay.com/geralt / 21462 images/CCO Creative Commons

Лічыцца, што высакосны год прыносіць розныя непрыемныя здарэнні ў жыццё людзей. Хто б мог падумаць, што высакосны 2020 год стане аж такім незвычайным і трагічным – паявіцца новы вірус, які ўнясе жыцці соцень тысяч людзей, а дзясяткі мільёнаў іншых пасадзіць у чатыры сценкі без магчымасці выхаду цягам нейкага часу. Але ёсць і нейкі пазітыў пандэміі ў высакосны год – некаторыя людзі пасля каранціну пачалі шукаць сваю палавінку.

Доўга яшчэ псіхолагі ды сацыёлагі будуць аналізаваць і даследаваць з усіх бакоў уплыў каранавіруснай інфекцыі на наша жыццё. І я маю на ўвазе не тых, хто заразіўся і перахварэў, а тыя тысячы асоб, якім здарылася перагледзець важнейшыя элементы свайго жыцця: што для іх важна, а што – менш. У Польшчы, напрыклад, было заўважана, што падчас каранціну людзі пачалі больш цаніць блізасць іншых людзей, магчымасць жыць з кімсьці пад адным дахам. Гэта пацвярджае кіраўнічка бюро знаёмстваў Агата Іграс (Agata Igras).

- Сапраўды, мы назіраем рост зацікаўлення нашымі паслугамі. Нельга сказаць, што адзінокія людзі раптам заўважылі іншага чалавека, а раней яго не бачылі. Не, яны хутчэй глыбей зазірнулі ўнутр сябе. Многія адзінокія казалі, што адзінота – гэта іх уласны выбар, а цяпер, калі ім прыйшлося пабыць у прымусовай ізаляцыі, гэтая адзінота аказалася не такой прыемнай, як магло ім здавацца раней. Дарэчы, як паказваюць даследаванні, людзі, якія жывуць разам з блізкімі асобамі, здаравейшыя, чым адзінокія. У нармальным жыцці ў нас нават няма часу, каб над пытаннем задумацца, паколькі адзінокія як правіла вельмі актыўныя – яны вядуць інтэнсіўнае прафесійнае жыццё, сустракаюцца са знаёмымі, падарожнічаюць. А тут, калі ўсе засталіся дома, раптам паявілася пытанне, а ці не лепш было б, калі б каля нас быў нехта іншы.

А хто больш эмацыйна адрэагаваў на гэтую прымусовую ізаляцыю і паспяшаўся ў бюро знаёмстваў? Каму больш перашкаджае ў такой сітуацыі адзінота – мужчынам ці жанчынам?

- Сярод кліентаў бюро знаёмстваў заўсёды крыху больш жанчыны, чым мужчын. І цяпер іх таксама больш. Аднак мяне здзівіла тое, што нечакана вялікая група мужчын таксама пачала шукаць сваю палавінку. Дарэчы, для мужчын гэта вельмі складана ў псіхалагічным плане – прызнацца, што ён не можа знайсці сабе жанчыну. Асабліва мужчын неабходна вучыць, што адсутнасць жанчыны ў іх жыцці – гэта часта не іх віна. Можа, яны проста не сустрэлі яшчэ той адзінай. Так што да нас звярнулася шмат мужчын, хаця жанчын крыху больш.

Калісьці ў абароце быў інстытут гэтак званай сваткі – жанчыны, у якой быў дар падбіраць людзей у пары. Цяпер часта функцыю сваткі выконвае інтэрнэт, паколькі шматлікія пары менавіта ў сеціве знаёмяцца, знаходзяць сваю палавінку. Тым не менш, як адзначае Агата Іграс, самае важнае – сваткі яшчэ не перавяліся, яны да нашага часу ведаюць, як падабраць чалавеку партнёра.

- Самае важнае – гэта гутарка, доўгая і шчырая. Калі да нас прыходзіць першы раз чалавек, гутарка з ім працягвацца часам дзве-тры гадзіны. Мы спрабуем зразумець, што гэта за чалавек, якія ў яго патрэбы. Трэба даведацца пра яго як мага больш – у якой сям’і ён выхоўваўся, ці ў яго ёсць браты-сёстры, якая ў яго адукацыі, ці былі раней партнёры, калі так, то якія. Не заўсёды чалавек такі, якім сам сябе бачыць. Я часам усміхаюся, што я адно чую, а іншае бачу. Мы павінны распытаць, чаго наш кліент спадзяецца, а чаго ён напэўна бы не хацеў у чалавеку, з якім пазнаёміцца.

Як правіла кожны з нас стараецца бачыць свае найлепшыя бакі, а не заўважаць заганаў. А тым больш, калі мы знаёмімся з новымі людзьмі, мы стараемся прадставіць сябе з як мага лепшага боку. А што людзі, якія прыходзяць у бюро знаёмстваў, часцей за ўсё скрываюць наконт уласнай асобы? Гаворыць Агата Іграс.

- Усе людзі з цяжкасцю прызнаюцца ў сваіх хібах. Толькі самыя спелыя людзі ўмеюць адкрыта казаць пра свае слабыя бакі. Некаторыя кліенты ўмеюць самі заўважыць, якія іх дрэнныя рысы характару маглі паўплываць на распад ранейшых саюзаў. Такая самакрытыка часта з’яўляецца падставай стварэння ўдачнага новага саюзу. Нельга заўсёды шукаць вінаватага, часам варта зазірнуць углыб сябе і падумаць, ці гэта не была мая віна. Праца з такім чалавекам – гэта даволі доўгі працэс. Наша супрацоўніцтва з кліентам працягваецца нярэдка доўгія месяцы, мы прапануем сустрэчы з рознымі асобамі, глядзім, як развіваюцца кантакты, ці ўдалося падабраць блізкага чалавека, ці не, трэба шукаць далей. Мы часам таксама мяняем свае погляды на кліента, калі ён пачынае сустракацца з асобамі, якіх мы яму прапануем.

Інтэрнэт-парталы даюць магчымасць пазнаёміцца з мільёнамі людзей на ўсім свеце, але надта шырокі выбар хутчэй перашкаджае, чым дапамагае. Таму многія людзі прыходзяць у традыцыйнае бюро знаёмстваў, каб знайсці сваю палавінку.

Р. Чэярэк І пр. ПР/нг