Беларуская Служба

27.06.1944 быў скліканы Другі Усебеларускі кангрэс

27.06.2020 09:01
Гэта была чарговая спроба беларусаў здзейсніць мару аб уласнай суверэннай дзяржаве. 
Аўдыё
  • 27.06.1944 быў скліканы Другі Усебеларускі кангрэс. Гэта была чарговая спроба беларусаў здзейсніць мару аб уласнай суверэннай дзяржаве. 
          ,  1943
Стаўка Беларускай Цэнтральнай Рады ў будынку цяперашняга тэатра імя Янкі Купалы, чэрвень 1943 годаАўтар: Bundesarchiv, Bild 146-2008-0042 / Maier, Dr. / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=5484068

Кангрэс быў скліканы па прапанове прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР) Радаслава Астроўскага з дазволу нямецкай адміністрацыі на тэрыторыі беларускіх зямель, у прыватнасці выконваючага абавязкі генеральнага камісара Беларусі Курта фон Готберга.

Варта ўзгадаць, што Першы Усебеларускі кангрэс адбыўся ў 1917 г. і стаўся падмуркам у працэсе фармавання беларускай дзяржаўнасці і абвяшчэння БНР.

Другі Усебеларускі кангрэс быў пакліканы ва ўмовах, калі ішло адступленне нямецкіх войскаў і рабіліся спробы стварэння з Беларусі перашкоды для савецкага наступлення.

На кангрэсе прысутнічала 1039 дэлегатаў, якія прадстаўлялі розныя раёны Беларусі і беларускія згуртаванні за мяжой. Гучалі як антыбальшавіцкія і антырасійскія, так і антыпольскія прамовы.

Расія і Польшча абвінавачваліся ў акупацыі Беларусі і падаўленні нацыянальных рухаў. Увага звярталася, перш за ўсё, на Рыжскі мірны дагавор 1921 г. У сваю чаргу пачатак нямецка-польскай вайны 1939 г. ацэньваўся як шанец для беларусаў, якія былі пад Польшчай, мець лепшую будучыню.

«Але нядоўга трывалі гэтыя надзеі. Хутка з'явіліся праз нікога няпрошаныя бальшавіцкія «вызвольнікі». Нахабства і цынізм Масквы перайшлі ў гэтым выпадку ўсялякія межы. Падзеі 1939 г. у Заходняй Беларусі ёсць яшчэ адным і апошнім довадам таго, што і пралетарская Масква зʼяўляецца заклятым ворагам свабоды беларускага народу, ды не толькі беларускага», – чытаем у матэрыялах кангрэсу.

Другі Усебеларускі кангрэс вырашыў аб тым, што Беларусь канчаткова разрывае з бальшавіцкай Расіяй, што беларускі народ не прызнае за форму сваёй дзяржавы БССР.
Абвяшчалася пра агульную дэлегітымізацыю савецкіх уладаў на тэрыторыі Беларусі, як і ўсіх дамоваў, заключаных гэтымі ўладамі.
Кангрэс абвясціў нядзейснымі ўсе дамоўленасці па размежаванні тэрыторыі Беларусі іншымі краінамі, якія падпісваліся без удзелу прадстаўнікоў беларускага народу.

Зразумела, што дзейнасць Беларускай Цэнтральнай Рады і прынятыя ёю пастановы мелі моц, пакуль з тэрыторыі Беларусі не былі выціснуты нямецкія войскі.

Рада БНР не прызнае законным Другі Ўсебеларускі кангрэс.

Павал Усаў

Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара