Багатыя дзяржавы Заходняй Еўропы ды Паўночнай Амерыкі з цяжкасцю спраўляюцца з пандэміяй новай пнеўманіі COVID-19. Значна горшая сітуацыя назіраецца ў бедных краінах Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі ці Індыі. Асабліва ў афрыканскіх дзяржавах, якія пакутуюць ад лакальных канфліктаў ды кліматычных зменаў, пандэмія можа выклікаць масавы голад і смерць людзей.
Калі на пачатку вясны ў Еўропе пачалася пандэмія каранавіруснай інфекцыі, здавалася, што дзяржавы афрыканскага кантыненту даволі ўстойлівыя на дзейнасць падступнага віруса. Эксперты адзначалі, што жыхары Афрыкі – у пераважнай большасці адносна маладыя людзі, якія лягчэй пераносяць захворванне або зусім не хварэюць. Цяпер жа, калі эпідэмія новай пнеўманіі працягваецца ўжо палову году, становіцца зразумела, што крызіс з вялікай сілаю ўдарыць таксама па бедных дзяржавах.
У бяднейшых краінах, асабліва там, дзе ідуць ваенныя дзеянні, здзяйсняюцца найгоршыя сцэнары развіцця пандэміі – хвароба захапляе ўсё большыя тэрыторыі Афрыкі ды Паўднёвай Амерыкі, а таксама Індыі і Пакістану. Пра гэта, у прыватнасці, пішуць эксперты Associated Press са спасылкай на экспертаў. Спецыялісты даўно перасцерагалі, што вірус, які выклікаў крызіс у сістэмах аховы здароўя багатых краін, будзе ахопліваць цэлыя грамадствы ў бедных дзяржавах. Напрыклад, на поўдні Емена, дзе працягваецца вайна, супрацоўнікі службы аховы здароўя масава адмаўляюцца ад сваіх абавязкаў у выніку адсутнасці сродкаў асабістай аховы, а некаторыя шпіталі ўжо не прымаюць хворых на COVID -19, нават калі тыя не могуць нармальна дыхаць.
Дабрачынныя арганізацыі з усяго свету пачалі чарговы этап дапамогі краінам Афрыкі. Яны хочуць памагчы жыхарам змагацца з голадам. Эксперты перасцерагаюць, што не толькі каранавірус, але перш за ўсё кліматычныя змены ды лакальныя канфлікты спіхваюць чарговыя сацыяльныя групы ў галечу. Скажам, у Нігерыі яшчэ перад пандэміяй у выніку засухі, сяляне з цяжкасцю зараблялі сабе на хлеб, а каранавірус яшчэ больш пагоршыў сітуацыю. Пра гэта кажуць Умар ды Ібрагім з правінцыі Борна на паўночным усходзе Нігерыі.
- Часам мы не ямо нічога цэлы дзень. Заварваем ваду і п’ем яе замест гарбаты. Па прычыне каранавіруса мы не можам выйсці з дому. Мы не можам працаваць, каб зарабіць сабе на жыццё.
Міжнародныя гуманітарныя арганізацыі пачалі раздаваць сялянам насенне ды грошы. Такую акцыю вядзе, у прыватнасці, Міжнародны камітэт Чырвонага крыжа. Абас Ішаг з мясцовага офісу арганізацыі адзначае, што частка сем’яў, дзякуючы гэтаму, можа перастаць хвалявацца, ці яны не памруць з голаду.
- Такім чынам сем’і могуць усе свае высілкі ды энергію накіраваць на раслінагадоўлю, а не на пошукі харчавання. І менавіта таму, акрамя насення, мы даем ім грашовыя сродкі.
Сярод краінаў Афрыкі на дадзены момант адной з дзяржаваў, якія найбольш могуць пацярпець ад каранавіруса, з’яўляецца Самалі. Там назіраецца высокі працэнт вельмі бедных людзей, працягваюцца этнічныя канфлікты, часта здараюцца паводкі. У выніку жыхары дзяржавы больш рызыкуюць захварэць, чым іх суседзі. Дабрачынныя арганізацыі адзначаюць, што колькасць выпадкаў захворвання значна вышэйшая, чым вынікае з афіцыйнай статыстыкі. Перадае карэспандэнт Польскага радыё Войцех Цэгельскі (Wojciech Cegielski).
- У выніку грамадскіх хваляванняў ды стыхійных бедстваў, у Самалі расце колькасць людзей, якія пакідаюць свае дамы і шукаюць прытулку ў часовых лагерах для ўцекачоў. «Кожны дзень прыбывае мноства новых людзей. Частка з іх спіць пад адкрытым небам. Ім няма куды пайсці, у іх няма нават пледаў, каб накрыцца, ім няма чаго есці», – гаворыць Хабіба, самалійка, якая жыве ў лагеры для ўцекачоў на прадмесцях сталіцы Самалі – Магадыша. Міжнародны камітэт Чырвонага крыжа ўстрывожаны тым, што ў часовых лагерах назіраецца вялізная рызыка паяўлення новых ачагоў каранавіруснай інфекцыі. У Самалі афіцыйна паведамляецца пра амаль 2900 выпадкаў захворванняў, аднак Анна Марыя Гузман з Чырвонага крыжа мяркуе, што на самой справе хворых значна больш: «Па прычыне канфліктаў і паводкі расце лічба ўцекачоў, якія перабіраюцца жыць у гарады. А гэта стварае выдатныя ўмовы для віруса». Міжнародны камітэт Чырвонага крыжа пачаў дэзынфекцыю трыццаці лагераў для ўцекачоў, на месца пастаўляюць таксама чарговыя партыі тэстаў на каранавірус.
Самалі ўжо шмат гадоў, з 90-ых гадоў мінулага стагоддзя, знаходзіцца ў стане грамадзянскай вайны. Улады надта слабыя, каб справіцца з канфліктамі, а на тэрыторыі краіны сапраўдную ўладу трымаюць баевікі з розных узброеных груповак. Ісламскія фанатычныя баевікі з арганізацыі Харакат аш-Шабаб рэгулярна рыхтуюць замахі ў сталіцы краіны, паколькі яны імкнуцца захапіць уладу і ўвесці законы ісламскай дзяржавы.
нг