Беларуская Служба

Шматдзетныя сем’і павінны мець падтрымку ў плане кватэрнага пытання

04.08.2020 14:38
Адным з выхадаў з’яўляецца кватэрны ваўчар.
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock/AnikaNes

У мінулыя выходныя ў Польшчы адбыўся З’езд вялікіх сем’яў. На сустрэчу штогод прыязджаюць бацькі з дзецьмі, праходзяць дэбаты, дыскусіі на розныя тэмы. Аднак на гэты раз мерапрыемства адбылося ў крыху іншай форме, чым звычайна, паколькі з-за эпідэміі каранавіруснай інфекцыі ў Польшчы ўведзеныя абмежаванні, нельга ладзіць сустрэч вялікіх групаў людзей, на якіх не будзе магчымасці захаваць дыстанцыю ў паўтара метра. Тым не менш, на адкрытым паветры рызыка заразіцца меншая, чым у памяшканні. Таму З’езд шматдзетных сем’яў прайшоў у пленэры.

Мерапрыемства супала з адзначэннем гадавіны пачатку Варшаўскага паўстання, таму ўдзельнікі ўшанавалі памяць змагароў з нямецкімі акупантамі, а таксама закраналі пытанні, якія хвалююць шматдзетныя сем’і. Па словах прэс-сакратара Звязу вялікіх сем’яў «Тры плюс» Юдыты Крук, ішла гаворка між іншым пра падтрымку сем’яў у плане кватэрнага пытання.

- Адным з выхадаў з’яўляецца кватэрны ваўчар. Яго атрымліваюць сем’і з дзецьмі, а сума ваўчару расце з кожным наступным дзіцём. Гэта рашэнне, якое павінна спрыяць росту нараджальнасці ў Польшчы. Акрамя таго, ёсць таксама прапанова ўвесці сямейныя кватэрныя рахункі, льготныя іпатэчныя крэдыты. Неабходна таксама будаваць камунальныя кватэры, і нагадваць будаўнікам і архітэктарам пра патрэбы вялікіх сем’яў. Кватэр для шматдзетных сем’яў, паводле нашых назіранняў, ня так шмат. У нас не хапае кватэр, у якіх маглі бы жыць вялікія сем’і.

На з’ездзе быў абраны новы старшыня Звязу вялікіх сем’яў. Ім стаў Радаслаў Вашкевіч. Новы кіраўнік арганізацыі згадваў пра пытанні, якія хвалююць шматдзетных. Гэта, у прыватнасці, значны рост аплаты за вываз камунальных адкідаў.

- Мы правялі даследаванні, з якіх вынікае, што сям’я з шасцю або сям’ю дзецьмі або сям’я, у якой жыве шэсць чалавек, вырабляе прыкладна столькі ж смецця, колькі сям’я, якая складаецца з чатырох чалавек – бацькоў і дваіх дзяцей. Тут нельга казаць пра чыста прапарцыйны рост. У сваю чаргу ў муніцыпальных органах назіраюцца цяжкасці з вырашэннем, якім чынам вызначаць аплату за вываз камунальнага смецця, беручы пры гэтым пад увагу асаблівую сітуацыю шматдзетных. Мы вядзем перамовы, каб замацаваць адпаведныя вырашэнні ў заканадаўстве.

Старшыня нацыянальнай управы Звязу вялікіх сем’яў Яанна Крупска паведаміла, што арганізацыя распачынае пілатажную праграму ўручэння сертыфікатаў тым гмінам, якія імкнуцца аблегчыць жыццё шматдзетных сем’яў – дакумент будзе называцца «Гміна прыязная сям’і».

- Гэта розныя сферы жыцця, напрыклад, прыязная архітэктура, паслугі для сем’яў, у тым ліку аховы здароўя, супрацоўніцтва з арганізацыямі, якія займаюцца дапамогай сем’ям, падтрымка трываласці шлюбных саюзаў, дапамога бацькам у выхаванні дзяцей. Гэта таксама фінансавая дапамога, якую гміна можа аказваць сем’ям.

Дэлегацыя сем’яў уручыла прэзідэнту Анджэю Дудзе статуэтку «Сябар вялікіх сем’яў» за выдатныя заслугі ў галіне прасямейнай палітыкі ў Польшчы. Па словах галавы дзяржавы, шматдзетныя сем’і пачалі карыстацца ў Польшчы вялікай пашанай. Дуда казаў пра важную ролю сям’і ў грамадстве.

- Вялікія сем’і, што вельмі важна, пачалі карыстацца ў нашай краіне пашанай. Гэта для мяне выдатная навіна. Я шмат разоў паўтараў, што хацеў бы, каб у Польшчы перш за ўсё маладыя людзі не баяліся заводзіць дзяцей, не баяліся браць на сябе гэтую адказнасць. Каб яны іх выхоўвалі, каб перадавалі сваім дзецям нашу традыцыю, нашу культуру, тое, што вельмі важна, што будуе нацыю і дзяржаву.

Яанна Крупска падзякавала прэзідэнту Анджэю Дудзе за падтрымку шматдзетных сем’яў.

- За тое, што Вы для сем’яў робіце, за тое, як Вы гаворыце пра сям’ю. За тое, што Вы будуеце свядомасць, на колькі важныя сем’і, як важныя шчаслівыя, трывалыя сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеці, як моцна гэта звязана з развіццём усяе Польшчы, усяго грамадства, дзяржавы. На колькі важная сувязь паміж моцнымі сем’ямі і моцнай дзяржавай – моцныя сем’і будуюць моцную дзяржаву.

У Звяз вялікіх сем’яў «Тры плюс» уваходзіць каля шасці тысяч сем’яў. Арганізацыя была створана ў 2007 годзе. Асноўная мэта звязу – актыўны ўдзел у станаўленні палітыкі дзяржавы, якая датычыць сем’яў, асабліва падтрымкі шматдзетных сем’яў у Польшчы.

нг