Беларуская Служба

10 кастрычніка 1939 года была падпісаная дамоўленасць аб перадачы Вільні Літве

10.10.2020 16:00
Кіраўніцтва БССР лічыла, што Вільня ўвойдзе ў склад савецкай Беларусі.
Аўдыё
  • 10 кастрычніка 1939 года была падпісаная дамоўленасць аб перадачы Вільні Літве.
     1939 .
Уваход савецкіх войскаў у Вільню 1939 г. Press Agency photographer - This is photograph HU 87199 from the collections of the Imperial War Museums.


Гэтая дамоўленасць стала працягам падпісанага 23 жніўня 1939 году сакрэтнага пратаколу паміж Германіяй і СССР аб размежаванні сфер агульных інтарэсаў. У артыкуле 1-м гэтага пратаколу гаварылася аб тым, што інтарэсы Літвы ў дачыненні да Віленьскай вобласці прызнаюцца абодвума бакамі.

У выніку падзелу Польшчы 18 верасня 1939 года савецкія войскі ўступілі ў Вільню. Трэба сказаць, што практычна 20 гадоў перад гэтым 9 кастрычніка 1920 году Вільня была занятая польскімі войскамі генерала Жэлігоўскага, і на працягу ўсяго гэтага часу ўваходзіла ў склад Польскай Рэспублікі.

Кіраўніцтва БССР лічыла, што Вільня ўвойдзе ў склад БССР. Была ўжо нават сфарміраваная беларуская часовая адміністрацыя горада.

10 кастрычніка 1939 году быў падпісаны дагавор паміж Літвой і СССР, які так і называўся “Дагавор аб перадачы Літоўскай Рэспубліцы горада Вільня і Віленскай вобласці, і аб узаемадапамозе паміж Савецкім Саюзам і Літвой”.
Безумоўна, перадача Вільні Літве не быў гэта альтруістычны крок з боку Сталіна. Гэта было зроблена, па-першае, дзеля таго, каб прывязаць Літву да СССР. Гэта нават было прапісана ў першым артыкуле дагавору: “У мэтах замацавання сяброўства паміж СССР і Літвой, горад Вільня і Віленская вобласць перадаюцца Савецкім Саюзам Літоўскай Рэспубліцы, з уключэннем іх у склад дзяржаўнай тэрыторыі Літвы”.

Па-другое, каб паменшыць негатыўнае рэха нападу на Польшчу і паказаць свету, што СССР дзейнічаў таксама ў інтарэсах іншых народаў, якія не ўваходзілі ў ягоны склад, а менавіта ў інтарэсах Літвы. Так аб гэтым казала савецкая прапаганда: “У дагаворы з Літвой Савецкі Саюз праявіў сябе як сапраўдны сябра літоўскага народу, вярнуўшы яму ягоную старую сталіцу – горад Вільню, якая была захоплена бандыцкім налётам польскай ваеншчыны”.

Па сутнасці, Літва, як і іншыя прыбалтыйскія дзяржавы, была вымушана падпісаць гэтую дамоўленасць. 3-а кастрычніка 1939 г. падчас перамоваў Молатаў наўпрост сказаў, што Літва, па дамоўленасці з Германіяй, увайшла ў сферу інтарэсаў СССР і, што яе нейтралітэту недастаткова, і яна абавязана падпісаць дагавор сяброўства з СССР.
У адпаведнасці з дагаворам, Літва пагаджалася на дыслакацыю на яе тэрыторыі савецкага вайсковага кантынгенту ў складзе 20 тысяч чалавек, нібыта, патрэбнага для абароны інтарэсаў Літвы.

На пачатку літоўцы хацелі адмовіцца ад размяшчэння савецкіх войскаў на сваёй тэрыторыі, баючыся наступстваў, але Сталін у адказ паабяцаў перадаць Вільню БССР, а ў дадатак, у баявую гатоўнасць былі пастаўлены савецкія войскі. Кіраўніцтва Літвы апынулася ў бязвыхаднай сітуацыі і падпісала дагавор.
Ужо 18 лістапада ў Вільню ўвайшлі літоўскія войскі, а ўлетку 1940 года, пасля таго, як Літва ўвайшла ў склад СССР, горад стаў яе сталіцай.

Варта зазначыць, што ў выніку ўваходу Літвы ў СССР, новай савецкай рэспубліцы былі перададзены часткі БССР. 1-2 кастрычніка 1940 году Літве былі перададзены курорт Друскенікі, Свянцяны і чыгуначная станцыя Гадуцішкі з навакольнымі вёскамі.

Павал Усаў

Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара