Хоць раней такая рызыка была выключана, паводле новых вылічэнняў, астэроід Апофіс можа ўвайсці на шлях сутыкнення з нашай планетай. Даследчыкі з Гавайскага ўніверсітэта і Лабараторыі рэактыўнага руху (University of Hawaii i Jet Propulsion Laboratory ) нядаўна абвясцілі, што з-за нераўнамернага выпраменьвання цяпла касмічным аб'ектам ствараецца вельмі слабая сіла, якая, аднак, нязначна змяняе яго траекторыю палёту.
Апофіс – астэроід даўжынёй у 300 метраў, у бліжэйшыя дзесяцігоддзі будзе двойчы набліжацца да Зямлі. Упершыню – у пятніцу 13 красавіка 2029 года. Тады гэта будзе бачна нават няўзброеным вокам. Папярэднія вылічэнні выключаюць яго сутыкненне з Зямлёй.
Наступнае збліжэнне з планетай адбудзецца ў 2068 годзе і ў гэтым выпадку даследчыкі ўжо не ўпэўнены, што астэроід не зачэпіць Зямлю.
Новыя назіранні, зробленыя ў пачатку гэтага года з дапамогай тэлескопа Subaru, паказваюць, што астэроід адхіляецца ад арбіты прыблізна на 170 метраў у год. Гэтага дастаткова для таго, каб увайшоў у дзеянне сцэнар сутыкнення астэроіда з Зямлёй у 2068 года.
Даследаванне было прадстаўлена на віртуальнай канферэнцыі, арганізаванай Аддзелам па планетарных навуках Амерыканскага астранамічнага таварыства (Division for Planetary Sciences American Astronomical Society).
На думку навукоўцаў, магчымая рызыка сутыкнення будзе добра вывучана задоўга да 2068 года.
яс