Беларуская Служба

У Каталіцкім касцёле працягваецца час Адвэнту

06.12.2020 07:12
Гэта перыяд чакання другога і апошняга прышэсця Збаўцы.
Аўдыё
  • У Каталіцкім касцёле працягваецца час Адвэнту
        ,        .
Сімвалам гатоўнасці да прышэсця Ісуса Хрыста з'яўляюцца чатыры свечкі, якія запальваюцца па чарзе ў наступныя тыдні Адвэнту. Ylvers/pixabay.com/CC0

Гэта час, які таксама рыхтуе вернікаў да Каляд. У сённяшняй перадачы мы паразмаўляем пра сэнс гэтага літургічнага перыяду, пра існуючыя традыцыі ў касцёле. Праз тыдзень запрашаем на перадачу, прысвечаную праваслаўнаму Піліпаваму пасту.

Само слова «Адвэнт» паходзіць ад лацінскага «adventus», што азначае «прыход». Гэты літургічны перыяд з’яўляецца часам чакання прышэсця Збаўцы. У католікаў ён працягваецца чатыры тыдні.

Перш за ўсё гэта час духоўнай падрыхтоўкі да Нараджэння Божага сына. Біскуп Варшаўска-Пражскай дыяцэзіі Рамуальд Камінскі падкрэслівае, што Адвэнт – блаславёны час. – Мы не заўсёды разумелі, што Адвэнт блаславёны, і сапраўды так. У гэты перыяд варта падумаць, што насамрэч важна ў нашым жыцці, – растлумачыў святар.

Іерарх заклікаў не толькі ўпусціць Божы прамень у дом, але і стаць гэтым промнем для іншых. Біскуп Камінскі падкрэсліў, што Адвэнт – гэта таксама час прымірэння. Ён растлумачыў, што ў гэты перыяд вернікі памятаюць дар Бога Айца, які паслаў на зямлю свайго Сына – Ісуса Хрыста, задачай якога было прымірэнне:

-Некаторыя з нас гэты Адвэнт перажылі шмат разоў. Мы не заўсёды разумелі, што гэта сапраўды блаславёны час. А так сапраўды ёсць, паколькі трэба падумаць пра тое, што важнае ў нашым жыцці. Быццам бы адчыніць не толькі акно, каб гэты прамень ад Пана Бога мог трапіць у наш дом. А таксама каб мы былі такім промнем для іншых.

Лік чатырох нядзеляў Адвэнту адносіцца да старазапаветнага апісання пра саракагадовы шлях ізраільцян пасля вызвалення з егіпецкага палону. Сімвалам гатоўнасці да прышэсця Ісуса Хрыста з'яўляюцца чатыры свечкі, якія запальваюцца па чарзе ў наступныя тыдні Адвэнту. Напярэдадні Калядаў 4 запаленыя свечкі азначаюць прышэсце Езуса, які зʼяўляецца святлом свету.

Прэс-сакратар польскага епіскапату ксёндз Павал Рытэль-Андрыянік нагадвае, што час Адвэнту пачынаецца словамі Евангелля: будзьце пільнымі.

-У Святым Пісанні знакам пільнасці з’яўляецца міндальнае дрэва, паколькі яно цвіце нават у вельмі цяжкіх умовах. Яно здольнае зацвісці ўжо ў лютым. Цікава, што сімвалы бутонаў мігдальнага дрэва былі на меноры, то бок на сямісвечкавай свяцільні ў Ерусаліме, як знак быцця пільным. У ерусалімскай традыцыі гаворыцца, што твар чалавека, галава – гэта як менора, якая мае сем адтулін, якія таксама з’яўляюцца сімвалам гатоўнасці. Тамы я ўсім жадаю добрага прыбывання ў гатоўнасці, быцця пільным, каб нашыя вочы і вушы былі адчыненымі, асаблівым чынам на рэкалекцыі. Цяпер іх вельмі шмат – анлайн, у парафіях. Заахвочваю вас. Як кажа святы Павел, вера нараджаецца са слухання.

Рэкалекцыі – гэта адна з традыцый паста ў Каталіцкім касцёле. Гэта некалькі дзён, калі ў храмах праходзяць набажэнствы з запрошаным прапаведнікам. Яго казанні і навука прысвячаюцца нейкай канкрэтнай тэме, якая набліжае вернікаў да свята Раства.

Адвэнт у Польшчы і Беларусі ўзбагачаецца раратамі. Гэта святая імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, якая звычайна адпраўляецца кожны дзень на світанні, а вернікі прыходзяць на яе з запаленымі свечкамі. Рараты заклікаюць хрысціян быць пільнымі ў чаканні прышэсця Збаўцы і быць гатовымі да Суднага дня.

Паводле гістарычных крыніц, рараты адносяцца да XII ст.. Гэты звычай, верагодна, прывезла ў Польшчу блаславёная Кінга з Венгрыі, жонка кракаўскага князя Баляслава Цнатлівага.

Раней Адвэнт меў таксама шмат іншых народных традыцый. Напрыклад, на Падляшшы, у паўночных частках Мазовіі і ў Люблінскай вобласці пра пачатак Адвэнту абвяшчалася ігрой на лігавах – інструментах у форме доўгага, больш за адзін метр рага, вырабленага з дрэва елі або алешыны.

Адвэнт стараліся перажываць у супольнасці вернікаў. Раней, асабліва сярод пратэстантаў, у сямейным коле чыталася Біблія і біяграфіі святых. Падчас сходаў людзі таксама чыталі кнігі Генрыка Сянкевіча альбо пʼесы Адама Міцкевіча і Юліюша Славацкага, спрабуючы такім чынам захаваць польскасць. Дзеці і падлеткі ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы калядных спектакляў і батлеек.

У некаторых каталіцкіх парафіях культываваўся звычай вандроўнай статуі Маці Божай. Сямʼі, чыёй дзіцяці пашчасціла, была ўручана статуя Марыі на адзін дзень. Дамачадцы стаялі вакол яе, спявалі рэлігійныя песні і маліліся. На наступны дзень статую перанеслі ў іншы дом.

Адвэнт працягваецца да Каляднага вечара, да 24 снежня.

ав

Больш на гэтую тэму: Багацце веры