68 гадоў таму, 27 студзеня 1953 г., быў вынесены прыгавор у г. зв працэсе над святарамі з курыі Кракава, які працягваўся з 21 студзеня. Гэта быў паказальны працэс над чатырма святарамі і трыма свецкімі асобамі, якім прад’явілі фальшывыя доказы шпіянажу для амерыканскай разведкі. Мэтай працэсу была дыскрэдытацыя Каталіцкага касцёлу ў Польшчы і прадстаўленне яго грамадскасці як небяспечную «агентуру Ватыкана».
Ваенны акруговы суд у Кракаве прыгаварыў да смяротнага пакарання: ксяндза Юзэфа Леліту, вікарыя парафіі ў Рабцы-Здруі і капелана Нацыянальнай ваеннай арганізацыі, а таксама Эдварда Чахліка і Міхала Каваліка. Айцец Францішак Шымонек з парафіі ў Рабцы-Здруі атрымаў пажыццёвае зняволенне, святары – натарыусы курыі: Віт Бжыцкі і Ян Пахопень – 15 і 8 гадоў, а Стэфанія Роспанд з Кангрэгацыі жывога ружанца дзяўчат – 6 гадоў. Пазней, у жніўні 1953 г., рашэннем Рады дзяржавы смяротнае пакаранне было зменена на пажыццёвае зняволенне.
Суд канфіскаваў мноства гістарычных аб'ектаў, якія належалі курыі Кракава, а таксама катынскі архіў, у якім былі дакументы і памятныя рэчы, знойдзеныя немцамі падчас эксгумацыі ў 1943 годзе.
Падчас працэсу былі зроблены спробы паказаць курыю Кракава месцам фінансавых спекуляцый і захоўвання зброі для падпольшчыкаў:
-Ці сведак не лічыць, што ў 1950 годзе карабіны перасталі быць карыснай зброяй у руках курыі? Што трэба было схапіцца за іншую зброю? Як бачна ў гэтай справе, курыя пачала хапацца за іншую зброю: зброяй супраць Польшчы стала шпіёнства.
Падчас допытаў зняволеных збівалі і катавалі, у выніку чаго некаторых прымусілі даць патрэбныя следчым паказанні. У зале суда айцец Юзэф Леліта пацвердзіў тэзісы, высунутыя суддзёй Мечыславам Відаем:
-Як назваць супрацу з арганізацыяй, якая імкнецца да разбурэння ладу Народнай Польшчы ў выніку супрацы з імперыялістамі, у выніку імкнення распачаць трэцюю вайну. Як гэта называецца?
-Здрада народу, – адказвае Юзэф Леліта.
Сродкі масавай інфармацыі распаўсюдзілі інфармацыю пра суд, назваўшы абвінавачаных «групай здраднікаў, шпіёнаў і ізгояў». Пра слуханні паведаміла Polska Kronika Filmowa. Радыё пускала ў эфір калонкі прапагандысткі партыі Ванды Адольскай, якая, сярод іншага, апісвала багацце, канфіскаванае ў курыі Кракава:
-Судовая зала выглядае асабліва. Фонам для судзейскага стала зʼяўляюцца карціны, калекцыі кніг, якія маюць некалькі сотняў гадоў, старадаўнія тканіны, футра, слановыя біўні, шоўкі, поўсці. На адным стале стаіць слоік, запоўнены залатымі манетамі, біжутэрыя і гадзіннікі. На іншым мноства замежных тавараў і бутэлькі з настойкамі. На лаве падсудных сядзяць чатыры ксяндзы, два свецкія шпіёны ў казачна каляровых гальштуках і адна маладая жанчына.
Псіхічна разбіты канцлер курыі, ксёндз Баляслаў Пшыбышэўскі на працэсе казаў, што арцыбіскуп Адам Сапега прывозіў з-за мяжы замежныя валюты, якія потым былі схаваны.
-Пасля вызвалення біскуп Сапега ездзіў у Рым чатыры разы. У 1946 годзе, 1947, 48 і 1950 годзе. Першы раз ён там быў з ксяндзом канцлерам Мазанка і ксяндзом Анджэем Містатам, сваім капеланам. Я ведаю, што тады ксёндз Мазанэк прывёз пэўную суму долараў.
Камуністычная прапаганда паказвала біскупаў і святароў як падступных іерархаў, якія хочуць падзяліць грамадства ў інтарэсах Ватыкана. Пра гэта Ванда Адольская казала ў сваёй калонцы:
-Кожны разумны чалавек, кожны патрыёт разумее, якой здаровай і магутнай зʼявай стала абʼяднанне народу. У Польшчы не існуе падзел на веруючых і неверуючых. Такі штучны, подлы палітычна падзел планавалі ў нас увесці ватыканскія начальнікі ў фіялетавым, і фіялетавыя з кракаўскай курыі.
Неўзабаве пасля вынясення прыгавору камуністычныя ўлады выдалі ўказ аб прызначэнні на царкоўныя пасады. Восенню 1953 г. яны правялі паказальны працэс супраць біскупа Чэслава Качмарэка, а таксама арыштавалі прымаса Польшчы Стэфана Вышыньскага на тры гады. Асабісты сакратар прымаса – біскуп Антоні Бараняк – трапіў на 27 месяцаў у турму на Макотаве, дзе яго катавалі. Яго непахіснае стаўленне перашкодзіла камуністам арганізаваць паказальны працэс над кардыналам Вышыньскім.
Усяго ў 1952-1953 гадах улады Польскай Народнай Рэспублікі кінулі ў турму каля тысячы святароў.
Пасля амаль 40 гадоў, у 1992 г., суд Варшаўскай ваеннай акругі прызнаў судовыя рашэнні, вынесеныя ў працэсе кракаўскай курыі, несапраўднымі.
ав