Беларуская Служба

50 гадоў таму ў Польшчы прынялі рашэнне пабудаваць знішчаны падчас вайны варшаўскі Каралеўскі замак (ВІДЭА)

30.01.2021 08:03
На пабудову прайшоў збор сродкаў па ўсёй Польшчы, таму без перабольшвання можна сказаць, што Каралеўскі замак пабудавалі ўсе палякі.
Аўдыё
  • 50 гадоў таму ў Польшчы прынялі рашэнне пабудаваць знішчаны падчас вайны варшаўскі Каралеўскі замак
Zamek Królewski w Warszawie
Zamek Królewski w WarszawieKamil Saks/shutterstock

Каралеўскі замак – адзін з важнейшых будынкаў і сімвалаў Варшавы. Але не ўсе ведаюць, і асабліва замежнікі, што ён быў цалкам знішчаны падчас Другой сусветнай вайны і пабудаваны з нуля ўжо ў мірны час. 26 студзеня споўнілася 50 гадоў з моманту, калі было прынятае рашэнне пабудаваць варшаўскі Каралеўскі замак.

Варшаўскі Каралеўскі замак быў пабудаваны ў 1598–1618 гадах каралём польскім і вялікім князем літоўскім Жыгімонтам ІІІ Вазам на месцы сярэднявечнага замка мазавецкіх князёў. Палац быў узведзены на штучным узвышшы і меў форму пяцікутніка.

Дарэчы, менавіта Жыгамонт ІІІ Ваза прыняў рашэнне перанесці сталіцу каралеўства ў Варшаву, бо раней яна знаходзілася ў Кракаве. Справа ў тым, што ў 1596 годзе ў Кракаве здарыўся вялізны пажар, які ў значнай ступені знішчыў горад. Кароль вырашыў выкарыстаць гэтую нагоду і пераехаць з дваром у Варшаву. Гэта мела ў тым ліку і практычнае значэнне, бо Жыгамонт быў шведам, таму да этнічнай радзімы манарху было б бліжэй. Канчаткова кароль са сваёй світай пераехаў у Варшаву ў 1600 годзе.

Палац-замак падвяргаўся рабаванню падчас шведскага нашэсця сярэдзіны XVII стагоддзя і Паўночнай вайны. Хоць і Ян ІІІ Сабескі, і Аўгуст III фінансавалі рамонтныя работы, поўнамаштабнае абнаўленне будынка звязана з імем апошняга караля, Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Менавіта па яго ініцыятыве ўздоўж Віслы было пабудаванае новае крыло з сучаснымі інтэр'ерамі ў стылі класіцызма, а стары замак быў забудаваны шэрагам новых залаў і будынкаў, уключаючы працяглы корпус каралеўскай бібліятэкі.

Пасля падзелу Польшчы Варшава стала сталіцай Польскага Царства і адміністрацыйным цэнтрам Варшаўскай губерні. Менавіта Каралеўскі замак стаў рэзідэнцыяй расійскіх генерал-губернатараў. А ў будынку ды вакол яго размяшчаліся казармы царскіх войск, якія ахоўвалі губернатара.

У перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі замак быў старанна адрэстаўраваны, тут пасяліўся прэзідэнт Ігнацы Масціцкі. Такім чынам, аб’ект стаў сімвалам адроджанай Польшчы. З пачаткам Другой сусветнай вайны нацысты спачатку абстралялі замак, а пазней яго замініравалі і падвергнулі планамернаму і бязлітаснаму разбурэнню.

Пасля вайны месца, дзе некалі стаяў замак, пуставала да 1971 года, калі Сейм ПНР канчаткова адмовіўся ад планаў будаўніцтва сучасных урадавых будынкаў на яго месцы і прыняў рашэнне аднавіць палац па фрагментах і фатаграфіях, якія захаваліся, па магчымасці надаўшы яму тую форму, якую, як мяркуецца, замак меў на пачатку XVII стагоддзя. Дарэчы, аднаўленчыя працы працягваліся да 1988 года, а Аркады Кубіцкага былі перададзеныя для карыстання ажно ў 2009 годзе.

26 студзеня 1971 года адбылося паседжанне Грамадскага камітэта па адбудове замка, на якім было прынятае рашэнне пабудаваць славуты аб’ект. Дарэчы, на пабудову прайшоў збор сродкаў па ўсёй Польшчы, таму без перабольшвання можна сказаць, што Каралеўскі замак пабудавалі ўсе палякі. У 1974 годзе аб’ект быў узведзены, пачаліся ўнутраныя працы. У 1977 годзе была здадзеная ў эксплуатацыю першая частка палаца, а двума гадамі пазней, у 1979 годзе, была створаная ўстанова культуры «Музей варшаўскі Каралеўскі замак». У 1980 годзе палац і варшаўскі Стары горад былі ўнесеныя ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.

вс

слухайце аўдыёфайл

на фота: варшаўскі Каралеўскі замак, сучасны выгляд


Больш на гэтую тэму: Машына часу