Беларуская Служба

«Паводле замежных лінгвістаў наша мова заўсёды была асобнай» – Кашубскі актывіст Мацей Баньдур пра свой народ і мову

23.03.2021 07:19
Кашубаў больш чым 200 тысяч у Польшчы і гэтую статыстыку яны спадзяюцца захаваць у сёлетнім перапісе насельніцтва ў Польшчы.
Аўдыё
  • Кашубы жывуць у паўночнай частцы Польшчы і размаўляюць на асобнай ад польскай мове
Кашубскі актывіст Мацей Баньдурфота ўласнае ад Мацея

Ужо на наступным тыдні, 1 красавіка ў Польшчы пачнецца перапіс насельніцтва. Апроч польскай большасці, якая, паводле апошняга перапісу, складае 98% насельніцтва, у краіне пражываюць іншыя народы і этнічныя групы. Адной з іх з’яўляюцца кашубы – славянскі народ, які пражывае на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Кашубскія актывісты ў гэтым годзе заклікаюць сваіх сапляменнікаў пазначаць кашубскасць у якасці сваёй ідэнтычнасці. Альберт Ежы Вяжбіцкі пра гэта і не толькі гутарыў з дзеячам кашубскага нацыянальнага руху, перакладчыкам ды журналістам Мацеем Баньдурам.

Прывітанне Мацей! Я вельмі рады, што ты згадзіўся расказаць нам пра свой народ і мову. І да таго ж па-беларуску. Скажы нам, хто ўвогуле такія, кашубы?

-Кашубы – гэта народ, які жыве на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Спачатку кашубы жылі  ад Гданска на ўсходзе, і як мінімум, да Калабжэга. Сёння гэтая тэрыторыя меншая. Сёння мы жывём перадусім у Гдыні, Гданску, Картузах, Хайніцах, Касцяжыне і Слупску. Агулам – у паўночна-ўсходняй Памераніі. Кашубы славянскага паходжання, але на гэтай зямлі жылі таксама немцы, шатландцы, палякі ды іншыя народы, якія асіміляваліся і былі ды ёсць часткай кашубскай культуры.

А якая гісторыя кашубскага народу? У вас жа былі некалі ўласныя дзяржавы, праўда?

-У сярэднявеччы ў кашубаў былі свае дзяржавы. Былі памеранскія герцагі з двух дынастый – Груфітаў і Сабеславіцаў. Існавала заходня-памеранскае герцагства са сталіцай у Шчэціне. Было таксама ўсходня-памеранскае герцагства са сталіцай у Гданску, але яно існавала толькі да канца 13 стагоддзя, а другое да канца 17 стагоддзя. Большасць кашубаў на захадзе згерманізавалася, акрамя словінцаў і кашубаў, жывучых каля Бытава. Пазней тут была дзяржава Тэўтонскага ордэна, Рэч Паспалітая, а сёння польская дзяржава.

А колькі зараз кашубаў увогуле?

-Паводле апошняга перапісу, кашубаў было каля 240 тысяч чалавек, хаця некаторыя навукоўцы думаюць, што кашубаў паўмільёна. Аднак толькі 108 тысяч з іх гаворыць на кашубскай мове сёння.

Гэта ты кажаш пра Польшчу. А ці ёсць у Вас нейкія дыяспары, якія да сёння ахоўваюць сваю тоеснасць?

-Канешне, кашубы жывуць у Польшчы і за мяжой. І калі казаць пра такую традыцыйную кашубскую дыяспару, то яна знаходзіцца ў Канадзе. Там кашубы жывуць з 19 стагоддзя і, цікава, яшчэ да сёння гавораць на кашубскай мове і абараняюць сваю культуру. Там ёсць напрыклад Wilno Heritage Society.

Яны ахоўваюць мову. Што такое кашубская мова? Да якіх моваў яна падобная і як выглядае яе становішча?

-Кашубская мова – гэта заходнеславянская мова. Самай блізкай да яе з’яўляецца вымерлая палабская мова, на якой гаварылі ва ўсходняй Нямеччыне. Паводле замежных лінгвістаў кашубская мова заўжды лічылася асобнай мовай, але паводле польскіх лінгвістаў доўгі час лічылася дыялектам польскай мовы. Толькі 16 гадоў таму польскае заканадаўства надало кашубскай мове статус рэгіянальнай. Што гэта такое рэгіянальная мова? Мы не ведаем. Гэта не навуковы тэрмін, а палітычны – яна нібыта мова, а нібыта гаворка. Але закон дазваляе нам фінансаваць розныя праекты, як навучанне кашубскай мове ў школах, двухмоўныя шыльды з назвамі гарадоў і вёсак.

Колькі дзяцей навучаецца ў школах? Ёсць вышэйшая адукацыя  адукацыя, ці толькі школьная?

-Сёння каля 20 тысяч дзяцей вучыцца кашубскай мове ў школе. Мы таксама маем кашубскую этнафілалогію як вучэбны курс у Гданскім універсітэце. Гэта для будучых настаўнікаў, журналістаў, або аніматараў культуры. Пішуцца кнігі, ёсць радыё, газеты, але ўся нашая мова пад пагрозай знікнення.

І што робіцца, каб выратаваць кашубскую? Неўзабаве пачнецца перапіс насельніцтва. Як гэта выкарыстоўваюць кашубскія дзеячы ды арганізацыі, каб заявіць аб сабе?

-У сувязі з перапісам насельніцтва, буйныя кашубскія арганізацыі і СМІ, пераконваюць людзей, каб яны запісалі, што яны кашубы, што гавораць на кашубскай мове. Ёсць розныя акцыі ў інтэрнэце, ёсць банеры на вуліцах, але як гэта будзе – хутка убачым. Сёлета гэта не так лёгка, бо каб запісаць сябе ў кашубы па нацыянальнасці, кожны мусіць выбраць “нацыянальнасць – іншая” і толькі потым дапісаць “кашубская”. Гэта неінтуітыўна, але мы спадзяемся, што большасць кашубаў пазначыць сваю ідэнтычнасць у перапісе.

Тады жадаем, каб усе запісаліся згодна з уласнай тоеснасцю. Скажы нам яшчэ, ці ў сувязі з беларускімі пратэстамі, былі нейкія акцыі арганізаваныя кашубамі ў падтрымку беларусаў? У іх жа таксама ідзе змаганне за сваю мову, культуру і г.д.

-Я не памятаю выключна кашубскай акцыі падтрымкі, але калі былі акцыі салідарнасці з Беларуссю, напрыклад, пад гданскімі верфямі, можна было пабачыць не толькі беларусаў ці палякаў, але таксама кашубаў з кашубскімі сцягамі. Таму я думаю, што многа кашубаў падтрымлівае беларускую незалежнасць і жадае беларусам усяго добрага!

з дзеячам кашубскага нацыянальнага руху, перакладчыкам ды журналістам Мацеем Баньдурам размаўляў Альберт Ежы Вяжбіцкі

«Вельмі хацелася б атрымаць статус, які ёсць у іншых меншасцей у Польшчы» - актывіст з Сілезіі пра сілезскую меншасць

15.03.2021 16:56
Паводле перапісу 2011 года сілезцаў у Польшчы было 800 тысяч, аднак яны надалей не маюць афіцыйнага статусу меншасці.