Беларуская Служба

Палякі ў Беларусі сталі ахвярамі шматмесячных рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі

26.03.2021 11:40
«Нас пераследуюць за тое, што мы палякі», - кажа журналіст, рэдактар партала znadniemna.pl і шматгадовы актывіст СПБ Анджэй Пісальнік.
          .
Палякі ў Беларусі сталі ахвярамі шматмесячных рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі.PAP/EPA/STR

Ператрусы, допыты і арышты. Палякі сталі ахвярамі месяцаў рэпрэсій Лукашэнкі ў краіне. „У гэтай сітуацыі мы не можам адчуваць сябе бяспечнымі. Але, з другога боку, хто сёння ў Беларусі можа?, - заявіў у размове з выданнем Rzeczpospolita Анджэй Пачобут. Такім чынам журналіст і актывіст, непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі пракаментараваў у сераду затрыманне кіраўніка арганізацыі Анжалікі Борыс. У чацвер, пасля ператрусу ў кватэры, Пачобут таксама быў затрыманы, нагадвае аўтар публікацыі Руслан Шошын.

Адначасова службы Лукашэнкі ўвайшлі ў сядзібы Саюза палякаў Беларусі ў Гродне, а таксама ў Ваўкавыску і Лідзе, дзе былі затрыманыя кіраўнікі мясцовых аддзелаў СПБ: Марыя Цішкоўская і Ірэна Бярнацкая. Раней у іх дамах і школах, якімі кіруе польская арганізацыя, прайшлі ператрусы.

Ператрус адбыўся таксама ў гродзенскай рэдакцыі партала znadniemna.pl, дзе службы канфіскавалі ўсю электронную апаратуру і выданні газеты „Głos znad Niemna” і часопіса „Magazyn Polski”.

„Падаецца, што ўлады хочуць разбурыць самую вялікую польскую арганізацыю і паралізаваць яе дзейнасць. Працягваюцца масавыя затрыманні актывістаў і мы не ведаем, які лёс іх чакае (…) Нас пераследуюць за тое, што мы палякі”, - паведаміў у чацвер журналіст, рэдактар партала znadniemna.pl і шматгадовы актывіст СПБ Анджэй Пісальнік.

У чацвер Генеральная пракуратура ў Мінску паведаміла, што супраць Анжалікі Борыс і „іншых людзей” узбуджаныя крымінальныя справы. Іх абвінавачваюць у „распальванні нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай альбо сацыяльнай варожасці” і „рэабілітацыі нацызму”. За гэта паводле беларускага заканадаўства пагражае ад  5 да 12 гадоў калоніі.

Такія ж абвінавачванні раней прад’явілі дырэктарцы польскай школы ў Брэсце, заснавальніцы мясцовага Форуму польскіх ініцыятыў Ганне Панішэвай, якая знаходзіцца пад вартай з 13 сакавіка. Улады абвінавацілі яе ў праслаўленні Рамуальда „Райса” Бурага (вінаватага ў забойстве беларускага насельніцтва на Падляшшы) падчас цырымоніі, арганізаванай з нагоды Нацыянальнага дня памяці выклятых жаўнераў.
Справа з самага пачатку была прыдуманая прапагандай Лукашэнкі.

„Прозвішча „Бурага” нават не было згаданае падчас цырымоніі, арганізаванай Панішэвай у Брэсце, Саюз палякаў таксама ніколі не праслаўляў Рамуальда Райса. Гэта паклёп з боку беларускай пракуратуры на СПБ і ўсю польскую супольнасць у краіне”, - кажа Пісальнік.

Прэм'ер Польшчы Матэвуш Маравецкі падняў гэтую тэму на саміце Еўрапейскай рады і абвясціў канкрэтныя эканамічныя крокі, якія могуць быць балючымі для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

„Я запрапаную нашым літоўскім і латвійскім партнёрам некаторыя абмежаванні па патоку тавараў”, - заявіў кіраўнік польскага ўраду. Таксама прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў, што Польшча прадпрыме адпаведныя крокі на міжнароднай арэне. У чацвер Еўракамісія заклікала Аляксандра Лукашэнку вызваліць актывістаў СПБ і спыніць рэпрэсіі.

Аднак заклікі ўжо даўно не робяць уражання на мінскім рэжыме. З моманту фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у жніўні мінулага года арышты і рэпрэсіі закранулі больш за 30 тысяч чалавек, у тым ліку больш за 300 палітвязняў.

Дзень Волі, які адзначаецца ў Беларусі ў гадавіну абвяшчэння незалежнасці БНР у 1918 годзе , закончыўся чарговымі рэпрэсіямі, у тым ліку масавымі затрыманнямі.

 „Цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі можна параўнаць са сталінскімі часамі. Яна надзвычай складаная, і, на жаль, выйсця няма(…) Лукашэнка слухае выключна Пуціна, і шмат сведчыць пра тое, што гэта з ім Захад, у рэшце рэшт, паспрабуе дамовіцца наконт зменаў у Беларусі”,  - кажа ў размове з выданнем Rzeczpospolita беларускі апазіцыянер Аляксандр Мілінкевіч.

аз